«Прыміце Духа Святога…»

Спасланне Духа Святога (20.05.2018)

Калі настаў дзень Пяцідзясятніцы, усе былі разам у тым самым месцы. Раптам узняўся шум з неба, нібы павеў моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі. З’явіліся ім падзеленыя языкі, быццам ад агня, і затрымаліся на кожным з іх. Усе напоўніліся Духам Святым і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў ім прамаўляць.

Былі ў Ерузалеме жыхары Юдэі, людзі пабожныя з усякага народу пад небам. Калі ўзняўся гэты шум, сабралася мноства людзей і захвалявалася, бо кожны з іх чуў, што яны гавораць на ягонай мове. Былі ўражаныя і здзіўляліся, кажучы: «Ці ж усе тыя, хто гаворыць, не галілейцы? Як жа мы чуем кожны сваю мову, у якой нарадзіліся? Парфяне і мідзяне, эламіты і жыхары Месапатаміі, Юдэі і Кападокіі, Понта і Азіі, Фрыгіі і Памфіліі, Егіпта і частак Лівіі, сумежных з Кірынэяй, ды прыезджыя рымляне, юдэі і празеліты, крыцяне і арабы, — мы чуем, што яны гавораць нашымі мовамі пра вялікія справы Божыя».

(Дз 2, 1–11)

Ніхто не можа сказаць: «Панам ёсць Езус», калі не будзе ў Духу Святым.

Розныя ёсць дары, але той самы Дух. Розныя ёсць служэнні, але той самы Пан. Розныя ёсць дзеянні, але той самы Бог, які робіць усё ва ўсіх. Аднак кожнаму даецца праяўленне Духа на карысць.
Як цела адно, але мае многа членаў, якія, хоць іх шмат, складаюць адно цела, так і Хрыстус. Бо ўсе мы ў адным Духу ахрышчаныя ў адно цела: ці то юдэі, ці то грэкі, ці то нявольнікі, ці то свабодныя, і ўсе напоўненыя адным Духам.

(1 Кар 12, 3b–7. 12–13)

Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя з-за страху перад юдэямі, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў ім: «Спакой вам!» Сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: «Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас». Сказаўшы гэта, дыхнуў і сказаў: «Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца».

(Ян 20, 19–23)

«Прыміце Духа Святога…»

Паразважаўшы над сённяшнімі літургічнымі чытаннямі, можна заўважыць, як дзейнічае Святы Дух. Ён — Той, хто дае нам здольнасць выйсці за межы сябе і пачаць будававць адносіны і ствараць супольнасць. Па чарзе чытаючы тэксты, якія Касцёл прапануе нам сёння ў літургіі, мы зможам убачыць усе этапы стварэння супольнасці.

Спачатку мы бачым Апосталаў, напоўненых Святым Духам. Тыя, хто яшчэ нядаўна ад страху замыкаўся ў доме, гатовыя выйсці да людзей. Дух Святы чыніць для іх яшчэ адзін цуд: дае дар разумець мовы. Ён прыбірае перашкоды, якія не даюць нам сустрэцца з іншымі людзьмі, аздараўляе нашыя стасункі.

У другім чытанні святы Павел распавядае нам, як Дух Святы дае здольнасць служэння адно аднаму. Мы ўжо не натоўп, мы — супольнасць, Цела Хрыста, асобныя члены якога клапоцяцца адно пра аднаго. Дбаючы аб супольным дабры, мы, дзякуючы ласцы Духа Святога, самі ўзрастаем і атрымліваем збаўленне.
У Евангеллі мы бачым Езуса, які перамагае раны і слабасць чалавека. Што здарылася, тое здарылася, але сэнс перадпасхальных падзеяў цалкам змяняецца. Раны не прымушаюць Езуса замкнуцца ў сабе, а, наадварот, становяцца месцам сустрэчы, пацвярджэннем блізкасці. Езус спасылае на вучняў Святога Духа, каб яны маглі аздараўляць чалавечыя сэрцы.

Мы таксама можам адчуць на сабе дзеянне Духа Святога. Мы атрымалі Яго ў хросце і канфірмацыі, прымаем Яго ў іншых сакрамэнтах. Трэба толькі дазволіць Яму дзейнічаць і сапраўды перамяняць нашыя стасункі. Ён прыходзіць да нас не толькі дзеля нас саміх, але і дзеля супольнасці. Ён жадае, каб Хрыстус прысутнічаў і дзейнічаў у нашым жыцці, і каб нашыя ўзаемаадносіны былі знакам Божага Валадарства.


Айцец Крыштаф Коц’ян OP

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла