Як мы з’ездзілі на катэхетычны семінар у Малдову і шчыра парадаваліся за тамтэйшых католікаў

З 16 па 18 мая ў Кішынёве мне давялося ўдзельнічаць у катэхетычным семінары, арганізаваным мясцовымі католікімі для катэхетаў. Правесці гэты семінар яны запрасілі сястру Нунэ Цітаян MSF, катэхетку з вялікім досведам, аўтарку падручнікаў па катэхезацыі, выкладчыцу духоўнай семінарыі ў Пінску, старшыню Катэхетычнай секцыі пры Канферэнцыі Біскупаў у Беларусі. Усяго з Беларусі ў Малдову разам з сястрой нас прыехала чацвёра маладых католікаў. Нам было цікава не проста паўдзельнічаць у семінары, але і пазнаёміцца з тамтэйшым Касцёлам, паглядзець, якімі рэальнымі дасягненнямі і цяжкасцямі жывуць вернікі гэтай невялікай і вельмі прыгожай краіны.


У катэхетычным семінары прымала ўдзел 20 чалавек. Сярод іх былі трое святароў, манахіні і свецкія катэхеты — гэта людзі розных нацыянальнасцяў: палякі, украінцы, рускія, малдаване, румыны. Першае, што я там адчула, — гэта зычлівая цеплыня ва ўзаемаадносінах.

Сястра Нунэ не імкнулася даць удзельнікам семінара тэарэтычны матэрыял, яна дзялілася менавіта практычнымі метадамі працы з дзецьмі і моладдзю падчас катэхезацыі. Мы ставілі пантамімы, сцэнкі на біблейскія сюжэты, каб дзеці такім чынам акунуліся ў атмасферу Божага слова. Пасля гэтага сястра папрасіла падзяліцца нас сваімі ўражаннямі ад выканання роляў — і біблейскія вобразы раскрыліся яшчэ глыбей. Займальнаю атрымалася інсцэніраваная прэс-канферэнцыя, падчас якой Юзаф, Ірад, пастухі і каралі адказвалі на пытанні вядучага пра абставіны Нараджэння Пана. Яшчэ адзін карысны метад працы з біблійным тэкстам — аповед аднаго з герояў пэўнай біблійнай гісторыі, напрыклад, прыпавесці пра міласэрнага айца, калі хтосьці сваімі словамі расказвае сваё бачанне падзеі — вачыма старэйшага сына, малодшага або бацькі.

Удзельнікі семінара падчас заняткаў засвоілі розныя спосабы самавыяўлення дзяцей — гэта калажы, стварэнне комікса, паштоўкі з пажаданнямі. Божыя запаведзі лягчэй засвоіць, калі па іх намаляваць коміксы: сітуацыю з жыцця дзіцяці або падлетка, калі не выконваецца запаведзь і, адпаведна, калі яна выконваецца. Мы разглядалі асноўныя спосабы выкарыстання мультымедыйных матэрыялаў: прэзентацый, відэаролікаў, матывацыйных ілюстрацый. Словам, карысць ад семінара відавочная, а яго ўдзельнікі ні хвіліны не сумавалі.

Вельмі прыемна было ўбачыць на мерапрыемстве біскупа Кішынёва Антонія Коша. Ён прыйшоў на заняткі, каб паразмаўляць з удзельнікамі семінара, пацікавіцца ўражаннямі. Бачна было, што іерарху не абыякавы лёс катэхезацыі ў дыяцэзіі, дарэчы, адзінай у Малдове. Наогул, па размовах з людзьмі было зразумела, што яны займаюцца многімі добрымі справамі і гараць жаданнем развівацца: рабіць яшчэ больш і яшчэ лепш. Таму ўдзельнікі семінара бралі ад заняткаў усё, што маглі, каб потым гэтыя веды прымяняць у сваіх парафіях. Біскуп папрасіў усіх удзельнікаў катэхетычнага семінара паразважаць пра ініцыятывы свецкіх людзей у справах парафіі, з якімі цяжкасцямі яны сутыкаюцца, калі прыходзяць з прапановамі да пробашча, а таксама, як святар адносіцца да гэтых ініцыятываў, чаму некаторыя рэалізуе, а некаторыя не. На гэты конт выказваліся і святары, і сёстры, і свецкія. Было зразумела: неабходная большая актыўнасць свецкіх, іх адказнасць за свае ініцыятывы. Важна, што вернікі адкрытыя на такі дыялог, асабліва важна, калі яго ініцыюе сам біскуп.

Варта асобна сказаць пра дыялог удзельнікаў семінара з сястрой Нунэ, якой не хапала часу, каб проста адказаць на пытанні, асабліва пра выхаванне сучаснай моладзі. У кантэксце гэтай тэмы сястра Нунэ расказала пра свой досвед працы ў галіне дабрачыннасці, калі моладзь у Баранавічах ёй дапамагала карміць бяздомных, размяркоўваць гуманітарную дапамогу. Было цікава і важна пачуць пра тое, як баранавіцкая каталіцкая моладзь рабіла інсцэніроўкі ў парафіі, а потым з гэтымі пастаноўкамі яны наведвалі вязніцу і бальніцы, а таксама маладыя парафіяне дапамагалі працаваць з дзецьмі, ад якіх адмовіліся бацькі. Моладзь сапраўды хоча быць карыснай, таму варта яе арганізоўваць і прапаноўваць тыя справы, у якіх яна можа паслужыць.

Добрыя ўражанні ад католікаў Малдовы засталіся не толькі пасля семінара. Было вельмі прыемна з гэтымі людзьмі маліцца на святой Імшы. Пераважная большасць малдаўскіх католікаў у набажэнствах выкарыстоўвае рускую мову, але вернікі часам моляцца таксама па-польску і па-малдаўску. Католікаў у Малдове прыкладна 20 тыс., сярод духавенства і кансэкраваных асобаў ёсць палякі, румыны, украінцы, рускія... Гэтыя людзі, выхаваныя ў розных краінах, узбагачаюць духоўнае жыццё мясцовага Касцёла, стваралася прыемнае ўражанне яго паўсюднасці. У Кішынёўскую дыяцэзію ўваходзіць таксама і тэрыторыя Прыднястроўя, непрызнанага дзяржаўнага ўтварэння. Але цудоўна, што і там ёсць парафіі, ёсць душпастырства.

Мы сапраўды шчыра дзякавалі адзін аднаму за прыклад жывой веры, развітваючыся з гэтымі добрымі людзьмі. Пасля такіх сустрэчаў хочацца як мага хутчэй брацца за справу, служыць бліжнім, прымяняць свае таленты ў рэальных справах. Я таксама цаню той досвед, які Бог мне падарыў за гэты час і ўпэўнена, што ўсё ў нашым жыцці не дарэмна.


Вольга Качалка
Фота Данііла Ліцкевіча

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла