Таямніца Святой Тройцы

Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, Год В (27.05.2018) 

Адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды загадаў ім Езус. І калі Яго ўбачылі, пакланіліся Яму, але некаторыя засумняваліся. Тады Езус наблізіўся да іх і сказаў ім: «Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі. Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку».

(Мц 28, 16–20)

Таямніца Святой Тройцы

Адметная рыса хрысціянскай рэлігіі — вера ў Бога, адзінага ў трох Асобах — з’яўляецца адным з найбольш яскравых сведчанняў, што яна паходзіць ад самога Створцы, а не прыдумана людзьмі. Шматлікія трыяды язычніцкіх бостваў ствараліся паводле абмежаванага чалавечага ўяўлення аб рэчасіснасці і, апроч павярхоўнага знешняга падабенства, не маюць нічога агульнага з гэтаю Вялікаю Таямніцаю, якую да канца не можа спасцінгуць ніводзін з самых вялікіх тэолагаў і мудрацоў. Чалавек не можа прыдумаць тое, што не ў стане растлумачыць, што выходзіць за рамкі чалавечага досведу і перавышае магчымасці яго інтэлекту. А Таямніца Святой Тройцы настолькі бязмежная, што для яе пазнання не хопіць не толькі зямнога жыцця многіх пакаленняў, але і ўсёй вечнасці. Гэтая неспасцігальнасць пераконвае нас у тым, што ў раі не будзе нудна (як думаюць некаторыя), таму што тыя, хто там апынецца, змогуць пастаянна з захапленнем адкрываць для сябе ў Богу нешта дагэтуль невядомае. Прычым гэтая ўпісаная ў чалавечую натуру патрэба не спыняцца на дасягнутым будзе цалкам пазбаўленая таго неспакою, якім суправаджаецца яе выражэнне ў зямным жыцці, дзе ненасытная прага чагосьці большага, чым валодаеш, у выніку першароднага граху праяўляецца ў хцівасці.

Калі сэрца і думкі не звернуты да вечнага Бога, чалавек шукае заспакаення ў багаццях гэтага свету, а таксама ў зямной славе, уладзе і гэтак далей. І не знаходзіць, бо, як кажа святы Аўгустын: «Стварыў Ты нас, Божа, для сябе, і неспакойнае сэрца нашае, пакуль не знойдзе спакой у Табе». Гэты Божы супакой і з’яўляецца тым вельмі пажаданым шчасцем, якога ўсе прагнуць і шукаюць, але на зямлі дасягнуць не могуць. Таму, каб дапамагчы нам у гэтых пошуках шчасця, Бог у асобе Спрадвечнага Слова ўцелавіўся і даў матэрыяльнаму свету магчымасць адкрыцца на святасць, а каб яна плённа выкарыстоўвалася, Дух Святы, трэцяя Боская Асоба, прабывае з тымі, хто прыняў Слова ў створаным Ім Касцёле і дапамагае ім прыстасавацца да жыцця ў Богу, які ёсць Любоў. 

А любоў не можа засяроджвацца на сабе, што было б непазбежным у выпадку існавання толькі Адной Асобы ў Адзіным Богу — Створцы і Валадару свету. Дзе шмат кіраўнікоў, там пануе бязладдзе, таму Бог адзіны. А каб любіць, Асобе патрэбная іншая Асоба. Аднак і ўзаемная любоў двух Асобаў будзе некім абмежаваннем, што супярэчыць бясконцасці Бога, калі не будзе вылівацца далей, даваць жыццё іншым бытам, каб дзяліцца з імі сваім шчасцем. Дух Святы, Жыватворца, роўны ў Бостве Айцу і Сыну, бо ў сапраўднай любові няма прыніжэння. Таму і створаную натуру — а чалавек з’яўляецца ўвасабленнем усяго стварэння, бо спалучае ў сабе ўласцівасці ўсіх створаных бытаў, ад простай матэрыі, да несмяротнай, як у анёла, душы — Бог хоча ўзвысіць да свайго ўзроўню. Таму Ён назаўсёды злучыўся з Ёю праз Уцелаўленне Другой сваёй Асобы. А гэта для нас і вялікая ласка, і вялікая адказнасць. Не трэба аднак баяцца гэтай адказнасці, бо Той, хто ўскладае яе на нас, сам дае сілы яе несці, калі толькі ўсё ў сваім жыцці мы робім у Імя Айца, і Сына, і Духа Святога. А ўзнагарода за гэта — удзел у вечным жыцці, шчасці і славе Святой Тройцы. 


Айцец Міхал Ермашкевіч OP

 

 

 

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла