Руіны ажываюць, каб паўстаў дом Бога

У той час, калі здаецца, што беларуская вёска прыходзіць у заняпад, калі ўтрымліваць святыні ў малых парафіях становіцца ўсё складаней, а аднаўленне ці будаўніцтва новых лічыцца немэтазгодным, у невялікай вёсцы Прасці Нясвіжскага раёна нанова адчыніла дзверы некалі зруйнаваная, а цяпер адноўленая святыня. 12 мая Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч здзейсніў абрад асвячэння касцёла пад тытулам святога Станіслава.


Капліца св. Станіслава была пабудаваная каля 1850 года. Гэты час быў вельмі складаным і для грамадства, і для каталіцкай веры ў гэтых мясцінах. У 1839 г. на Полацкім Саборы была скасавана унія, пасля чаго пачаліся пераследы Грэка-каталіцкай Царквы. Аднак гэтая мясцовасць была багатая святынямі католікаў усходняга абраду, таму ў гісторыі гэты час стаў перыядам знішчэння ўніяцтва.

Мясцовыя заможныя лю­дзі пачалі будаваць для сябе пахавальныя капліцы, якія не маглі быць зачыненыя або пераробленыя пад праваслаўныя храмы. Капліца ў вёсцы Прасці была пабудавана на могілках як пахавальня шляхецкага роду Пратасевічаў, маёнтак якіх знаходзіўся ў гэтай вёсцы. Верагодна, першапачаткова планавалася пабудаваць большую святыню, бо раскопкі паказалі, што фундаменты ў два разы даўжэйшыя за сам будынак.

Капліца пэўны час была адзі­ным месцам малітвы для вернікаў каталіцкага веравызнання ў гэтых мясцінах. Яна дзейнічала да 1939 года, калі была разрабавана савецкімі войскамі, а пасля вайны — мясцовымі жыхарамі.

У пошуках выдуманых «скарбаў» людзі разабралі капліцу, знялі дах, разбурылі пахаванні, знялі гранітныя пліты…

Сакральны будынак знахо­дзіўся ў занядбаным стане да 2008 года і быў адноўлены намаганнямі кс. Ігара Лашука, які нарадзіўся ў суседняй вёсцы Макашы.

Працы вяліся на аснове праектаў архітэктара Аляксея Яроменкі, дасведчанага даследчыка культавай архітэктуры Беларусі. З-за адсутнасці ў архівах арыгінальных дакументаў рэстаўрацыя вялася на падставе ўскосных звестак.

Ксёндз Ігар Лашук

Аляксей Яроменка, архітэктар

На ўрачыстасці асвячэння сабралася шмат гасцей з Нясвіжа, Гарадзеі, Ішкалдзі, Баранавічаў, Мінска і іншых месцаў. Прысутнічалі прадстаўнікі дзяржаўнай улады.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч назваў сімвалічным тое, што апекуном касцёла з’яўляецца св. Станіслаў, біскуп і мучанік. «Ён не баяўся бараніць Божую праўду і заплаціў за гэта жыццём. Вельмі шмат людзей гэтай зямлі паўтарыла яго по­дзвіг у часы ганенняў, — сказаў іерарх. — Касцёлы зачыняліся, іх руйнавалі, ператваралі ў склады, кіно і канцэртныя залы, святароў арыштоўвалі. У тыя цяжкія часы, калі ў гэтай капліцы не абвя­шчалася Божае слова і не цэлебраваліся сакрамэнты, калі яна паволі разбуралася, самі яе камяні «прамаўлялі», нагадваючы аб тым, што гэта — святое месца. Прыклад святога Станіслава падбадзёрваў. Ён як быццам казаў людзям: не бойцеся, прыйдуць новыя часы, руіны капліцы ажывуць, і яна ізноў стане месцам сустрэчы чалавека з Богам».

«З чацвёртага класа да дзясятага я хадзіў у школу ў Прасцях, — дзеліцца ўспамінамі ксёндз Ігар Лашук. — Кожны раз, праходзячы міма гэтага касцёлка, як яго тут называюць, заўважаў, як ён паступова нішчыўся: колькі дошак звалілася, колькі засталося. Думаў, ці ўбачу калі-небудзь святыню адноўленаю, ці прыйдзе такі час. А можа, пройдзе яшчэ якіх гадоў дваццаць і не застанецца тут болей нічога. Пазней, каб узяцца за аднаўленне, мяне штурхала тое, што тут мая радзі­ма: неяк няёмка, калі на тваёй радзіме развальваецца касцёл».

І вось праз дзесяць гадоў, дзякуючы Богу, ахвярадаўцам і нястомнай працы, паўстала надзвычай прыгожая святыня. Як жартуе ксёндз Ігар, на касцёл у Нясвіжы складана раўняцца, але і ў Прасцях ёсць свая адметнасць.

«Для мяне гэтая капліца — загадка, — распавядае архітэктар Аляксей Яроменка. — Мы збіралі інфармацыю па крупіцах, рабілі раскопкі. Адных толькі гзымсаў знайшлі 17 відаў розных профіляў. Тут выкарыстоўваліся элементы як рымскага, так і візантыйскага стыляў. Вокны таксама розныя. Бочныя — прамавугольныя, што не характэрна для тых часоў, з акантоўкаю ў форме ручнікоў. І відавочна, што гэта было зроблена свядома. Навошта? Над гэтым пытаннем увесь час ламаў галаву».

Сярод іншых матэрыяльную дапамогу для аднаўлення святыні аказваў кардынал Тарчызіо Бэртонэ, былы Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці. З нагоды асвячэння касцёла ён даслаў віншаванне.

Шмат словаў удзячнасці гучала ў адрас ксяндза Ігара Лашука, а таксама віншаванняў, бо 15 чэрвеня ксёндз Ігар будзе адзначаць 25-годдзе свайго святарства. «Ты сам сабе зрабіў цудоўны падарунак», — заўважыў мітрапаліт.

Маці кс. Ігара Лашука

Рэктарам касцёла св. Станіслава стаў ксёндз Аляксандр Вітко, пробашч парафіі ў Гарадзеі, да якой належыць святыня. З гэтага часу ў Прасцях будзе цэлебравацца святая Імша ў кожную нядзелю і ў прадпісаныя святы. Вакол касцёлка ўжо пачынюць гуртавацца вернікі з Прасцёў і суседніх вёсак, а значыць новы дом Божы не будзе пусты.


Падрыхтаваў Віталій Палінеўскі
Фота аўтара і Аляксея Яроменкі

P.S. Рэдакцыя часопіса далучаецца да ўсіх віншаванняў з 25-годдзем святарства і зычыць шаноўнаму кс. Ігару Лашуку шчодрай Божай ласкі, моцы і сілы для адбудовы новых святыняў і пашырэння Божага Валадарства на нашай беларускай зямлі.

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла