Словы Апостала і сведкі

Велікодная Нядзеля, Год В (01.04.2018) 

У першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна, і ўбачыла, што камень адсунуты ад магілы. Тады пабегла і прыйшла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: «Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго!» Тады выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы. Пабеглі абодва разам. Другі вучань пабег наперадзе хутчэй за Пятра і прыбыў да магілы першы. Заглянуўшы, убачыў, што ляжаць палотны, аднак не ўвайшоў. Тады прыйшоў услед за ім Сымон Пётр, увайшоў у магілу і ўбачыў палотны, якія там ляжалі, і хусту, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная на іншым месцы. Тады ўвайшоў і другі вучань, што прыбег першы да магілы, убачыў і паверыў. Бо яны яшчэ не ведалі Пісання, што трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых.

(Ян 20, 1–9)

Словы Апостала і сведкі

У гэтую святочную нядзелю Уваскрасення Пана давайце звернемся да мудрасці святога Папы Яна Паўла ІІ, які напісаў каментар на сённяшні евангельскі ўрывак 18 красавіка 1982 года. 

У літургіі Актавы Пасхі часцей за ўсё да нас прамаўляе евангеліст Ян, апостал і сведка. Сведка, які на ўласныя вочы бачыў Уваскрасенне. Яму належаць словы: «І гэтай перамогай, якая перамагла свет, ёсць наша вера» (1 Ян 5, 4). <…> Ян Зэбэдэеў нароўні з усімі Апосталамі стаў удзельнікаў пасхальных падзеяў у Ерузалеме паміж Вялікім чацвяргом і «першым днём тыдня». Ён на ўласныя вочы бачыў смерць Хрыста. Адзіны з Дванаццаці, ён быў на Кальварыі побач з Маці Хрыста і некаторымі жанчынамі з кола паслядоўнікаў Настаўніка. Ён бачыў смерць і пахаванне. Адным з першых ён бачыў пустую магілу. Калі прыбегла Марыя Магдалена, каб падзяліцца навіною з Апосталамі, ён разам з Пятром першы скіраваўся да магілы. Сам пра сябе ён напісаў: «І ўбачыў, і паверыў». І дадаў: «Бо яны яшчэ не ведалі Пісання, што трэба было Яму (Езусу) ўваскрэснуць з мёртвых». Ён ведае пра Уваскрасенне не з Пісанняў, а з уласнага досведу. Ён стаў гэтаму сведкам. Праз нейкі час ён напіша ў сваім пасланні пра «тое, што было ад пачатку, што мы чулі пра Слова жыцця, што бачылі на свае вочы, на што глядзелі і да чаго дакраналіся нашыя рукі» (1 Ян 1, 1). Ян стаў сведкам першага прыйсця Хрыста да Апосталаў пасля Уваскрасення. 


Падрыхтаваў айцец Раман Шульц ОР

 

 

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла