Іншая перспектыва

Другая Велікодная нядзеля, Год В (08.04.2018) 

Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя з-за страху перад юдэямі, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў ім: «Спакой вам!» Сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: «Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас». Сказаўшы гэта, дыхнуў і сказаў: «Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца».

Тамаш, адзін з Дванаццаці, якога звалі Блізня, не быў з імі, калі прыйшоў Езус. Іншыя вучні казалі Яму: «Мы бачылі Пана!» Але ён сказаў ім: «Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу».

Праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя і Тамаш з імі. Хоць дзверы былі замкнёныя, Езус прыйшоў, стаў пасярэдзіне і сказаў: «Спакой вам!» Потым сказаў Тамашу: «Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым!» У адказ Тамаш сказаў Яму: «Пан мой і Бог мой!» Езус сказаў яму: «Ты паверыў, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў!» 

Шмат іншых знакаў, пра якія не напісана ў гэтай кнізе, учыніў Езус перад вучнямі сваімі. Гэтае ж напісана, каб вы паверылі, што Езус – гэта Хрыстус, Сын Божы, і каб, веруючы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае.

 (Ян 20, 19–31)

 

Іншая перспектыва

Кожны з нас нейкім чынам паранены. З часу першароднага граху мы сталі адначасова ахвярамі і тымі, хто прымушае іншых пакутаваць. Сёння ў Евангеллі мы бачым параненых вучняў, якія замкнуліся ў доме і хаваюцца ад натоўпу гэткіх жа параненых габрэяў. І тут з’яўляецца Пан Езус. Ён прыходзіць да сваіх вучняў і гаворыць: «Спакой вам!» Толькі тады Ён паказвае ім свае раны. Гэтая сцэна зусім не падобная на прывычныя нам адносіны паміж людзьмі, бо звычайна раны паказваюць, каб некага абвінаваціць або папрасіць аб дапамозе: «Паглядзі, што ты мне зрабіў! Паглядзі, як мне балюча!»

Пан Езус паказвае свае рукі і бок, і гаворыць: «Спакой вам!» Яго раны ўжо не смяротныя, яны не забіваюць еднасці. Яны ўжо не з’яўляюцца крыніцаю смерці, бо імі была пераможаная смерць. Але гісторыя не знікла. Крыж не знік, а толькі з прылады смерці ператварыўся ў крыніцу жыцця. Хрыстус не пазбягаў смерці, але Ён уваскрос. 

Пан Езус прыходзіць, каб адарыць нас сваім Уваскрасеннем. Гэта азначае, што пасля смерці ў нас пераможа жыццё. Але гэтая ласка дзейнічае ўжо цяпер. Яна мае моц перамяніць нашыя раны. Нашыя духоўныя раны ўжо не будуць гнаіцца горыччу, нянавісцю і замыканнем у сабе. Перамененыя Хрыстом, яны могуць стаць крыніцаю супакою, любові, могуць ствараць еднасць. Цуд, да якога ўжо цяпер Езус запрашае нас далучыцца, з’яўляецца выразным знакам уваскрашэння. 


Айцец Крыштаф Коц’ян OP

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла