«А вы — сведкі гэтага…»

Трэцяя Велікодная нядзеля, Год В (15.04.2018) 

Яны таксама расказалі пра тое, што здарылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламанні хлеба. Калі яны казалі пра гэта, сам Езус стаў сярод іх і сказаў ім: «Спакой вам!» Збянтэжаныя і напалоханыя, яны думалі, што бачаць духа. Але Ён сказаў ім: «Чаму разгубіліся, і чаму сумненні ўзніклі ў вашых сэрцах? Паглядзіце на Мае рукі і ногі: гэта Я! Дакраніцеся да Мяне і пераканайцеся: дух не мае цела і касцей; як бачыце, Я іх маю». Пасля гэтых слоў Ён паказаў ім рукі і ногі. А калі яны ад радасці яшчэ не верылі і дзівіліся, Ён сказаў ім: «Ці маеце тут што з’есці?» Яны падалі Яму кавалак печанай рыбы. Ён узяў і еў перад імі.

І сказаў ім: «Вось словы Мае, сказаныя вам, калі Я быў яшчэ з вамі, што павінна збыцца ўсё напісанае пра Мяне ў Законе Майсея, у Прарокаў і ў Псальмах». Тады адкрыў іх розум, каб яны разумелі Пісанне. І сказаў ім: «Так напісана, што Месія павінен цярпець і ўваскрэснуць на трэці дзень з мёртвых, і ў Ягонае імя павінна абвяшчацца пакаянне дзеля адпушчэння грахоў усім народам, пачынаючы ад Ерузалема. А вы — сведкі гэтага. Вось Я спасылаю на вас абяцанне Айца Майго. А вы заставайцеся ў горадзе, пакуль не апранецеся ў моц з вышыні».

(Лк 24, 35–48)

«А вы — сведкі гэтага…»

Ёсць сярод праўдаў веры такія пытанні, на якія шмат тэолагаў спрабуе адказаць, але ўсе іх адказы разбіваюцца аб парог Таямніцы, перад мяжой, дзе апісанне словамі становіцца немагчымым. У гэтыя святочныя дні мы разважаем над галоўным з пытанняў: што такое Уваскрасенне? 

Ці знодзем мы адказ? Так. Калі будзем ісці за Езусам, то абавязкова яго атрымаем. Пасля Уваскрасення Хрыстус, аб’яўляючыся вучням, надае іх адносінам новую якасць і дынаміку. Ён запрашае іх далей ісці Яго шляхам, стаць сведкамі Евангелля. А мы, хрысціяне, павінны далучыцца да гэтай вандроўкі. 

Я хацеў бы звярнуць увагу на тры моманты. Пасля Уваскрасення вучні Езуса не пазнаюць Яго. Толькі праз некаторы час ім адкрываецца, што перад імі Збаўца. Значыць, нам варта быць вельмі ўважлівымі, бо Уваскрослы Езус, які далей жыве і дзейнічае ў сваім Касцёле, можа прыходзіць да нас зусім не так і не такім, як мы сабе ўяўляем. 

Далей Пан Езус просіць у вучняў ежы і спажывае яе, разбураючы гэтым ўсялякія перакананні ў тым, што духоўнасць і створаны свет не маюць нічога агульнага і з’яўляюцца ўзаемна выключнымі. Мы вельмі часта сутыкаемся з гэтым у Касцёле, у сакрамэнтах, якія заўсёды маюць матэрыяльнае выяўленне, але ўсё адно «з’язджаем» у памылковую духоўнасць, для якой матэрыяльны свет з’яўляецца перашкодай. 

І нарэшце Хрыстус гаворыць, што вучні з’яўляюцца сведкамі, а гэта значыць, што яны мусяць абвяшчаць Евангелле ўсяму свету. 

Уваскрасенне з’яўляецца запрашэннем, якое чакае, як мы з вамі на яго адкажам. Таго, хто захоча прыняць гэтае запрашэнне, чакае незабыўная сустрэча з Уваскрослым.


Айцец Павел Мажэйка OP

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла