Плённасць

Пятая Велікодная нядзеля, Год В (29.04.2018)

Калі ж ён прыйшоў у Ерузалем, спрабаваў далучыцца да вучняў, але ўсе баяліся яго і не верылі, што ён вучань. Тады Барнаба ўзяў яго і прывёў да Апосталаў і расказаў ім, як у дарозе ён убачыў Пана, і што Пан сказаў яму, і як у Дамаску адважна прапаведаваў у імя Езуса. Як разам з імі ён выходзіў і ўваходзіў у Ерузалем, і адважна прапаведаваў у імя Пана. Таксама размаўляў і спрачаўся з эліністамі, якія хацелі забіць яго. Даведаўшыся пра гэта, браты адвялі яго ў Цэзарэю і паслалі ў Тарс.

А Касцёл па ўсёй Юдэі, Галілеі і Самарыі меў спакой, развіваўся і жыў у боязі перад Панам, і напаўняўся суцяшэннем Духа Святога.

(Дз 9, 26–31)

Я — сапраўдная вінаградная лаза, а Айцец Мой — вінаградар. Кожную галінку ўва Мне, якая не прыносіць плоду, Ён адразае, і кожную, якая дае плод, Ён ачышчае, каб давала яшчэ больш пладоў. Вы ўжо чыстыя дзякуючы слову, якое Я сказаў вам. Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас. Як галінка не можа прынесці плоду сама з сябе, калі не застанецца ў вінаграднай лазе, так і вы, калі не будзеце ўва Мне. Я — вінаградная лаза, вы — галіны. Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён, бо без Мяне нічога не можаце зрабіць. Хто не застаецца ўва Мне, будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне. Іх збіраюць і кідаюць у агонь, і яны згараюць. Калі будзеце ўва Мне і словы Мае ў вас будуць, прасіце, чаго захочаце, і станецца вам. Гэтым будзе ўслаўлены Айцец Мой, калі вы прынясеце багаты плён і станеце Маімі вучнямі. 

(Ян 15, 1–8)

Плённасць

Не дзіва, што першыя хрысціяне пабойваліся Паўла: яны добра памяталі, што менавіта ён, Саўл, асуджаў на смерць іх братоў і сясцёр. Яны жадалі ўпэўніцца, што гэта не падступны падман і Павел сапраўды прыйшоў у імя Езуса. Бо кожны, хто застаецца часткаю вінаграднай лазы, прыносіць багаты плён і яднаецца з іншымі галінамі. Задача Апосталаў заключалася не ў тым, каб дасягнуць еднасці з Паўлам, а каб упэўніцца, што гэтая еднасць ужо ёсць.

Павел палымяна абвяшчаў Хрыста, і гэта прыносіла плён навяртанняў. Гэта быў адзіны доказ, патрэбны Касцёлу, каб прызнаць, што Павел шчыра вызнае хрысціянскую веру. Сведчанне ўласным жыццём — адзіны аргумент, які мог пераканаць іншых.

Давайце зірнем з гэтай кропкі гледжання на ўласнае жыццё. Што б сказалі пра яго Апосталы? Па якіх пладах відаць, што мы хрысціяне? Ці захоўваем мы Божыя запаведзі, ці трываем у любові Хрыста? Ці просім і ці атрымліваем? Ці маем поўню радасці ў Хрысце? Ці маем адвагу прамаўляць у Хрыстовае імя, гэтым ставячы ўласнае жыццё ў небяспеку, як Павел?

Дапаможам жа іншым пазнаваць у нас вучняў Хрыста. 


Айцец Марэк Расплахоўскі OP
Паводле матэрыялаў інтэрнэт-партала W drodze

Глядзіце яшчэ разважанні на Пятую Велікодную нядзелю, Год В:

айцец Крыштаф Коц’ян ОР «Парваная струна»
айцец Міхал Ермашкевіч OP «Я жыццё сваё аддаю за авечак»

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла