Генеральная прыборка

Трэцяя нядзеля Вялікага посту, Год В (4.03.2018)

Сказаў Бог усе гэтыя словы: Я — Пан Бог твой, які вывеў цябе з зямлі егіпецкай, з дому няволі. Не май іншых багоў, апроч Мяне.
Не ўжывай імя Пана Бога твайго дарэмна, бо Пан не пакіне без пакарання таго, хто ўжывае імя Ягонае дарэмна.
Памятай пра дзень шабату, каб свяціць яго.
Шануй бацьку свайго і маці сваю, каб доўга жыць на зямлі, якую Пан Бог твой дасць табе.
Не забівай.
Не чужалож.
Не крадзі.
Не сведчы фальшыва супраць бліжняга свайго.
Не пажадай дому бліжняга свайго; не пажадай ні жонкі яго, ні ягонага нявольніка, ні ягонай нявольніцы, ні вала ягонага, ні асла ягонага — нічога, што належыць яму.

(Зых 20, 1–17)

Набліжалася юдэйская Пасха, і Езус увайшоў у Ерузалем. У святыні знайшоў тых, хто гандляваў валамі, авечкамі і галубамі, а таксама мянялаў, якія сядзелі там. Ён зрабіў біч з вяровак, павыганяў усіх са святыні, і авечак, і валоў, і грошы мянялаў парассыпаў, а сталы перавярнуў. А гандлярам галубамі сказаў: «Забярыце гэта адсюль! Не рабіце дом Айца Майго домам гандлю». І прыгадалі вучні Ягоныя, што напісана: «Руплівасць аб доме Тваім паглынае Мяне». На гэта юдэі сказалі Яму ў адказ: «Якім знакам пакажаш нам, што так можаш рабіць?» Езус сказаў ім у адказ: «Зруйнуйце святыню гэтую, і Я за тры дні ўзвяду яе». Юдэі сказалі: «Сорак шэсць гадоў будавалася гэтая святыня, а Ты за тры дні ўзвядзеш яе?» Ён жа казаў пра святыню свайго цела. І калі Ён уваскрос, успомнілі вучні Ягоныя, што Ён гэта казаў, і паверылі Пісанню і слову, якое казаў Езус.
А калі Ён быў у Ерузалеме на свята Пасхі, многія паверылі ў імя Ягонае, бачачы знакі, якія Ён чыніў. Але сам Езус не адкрываўся ім; Ён ведаў усіх і не меў патрэбы, каб хто-небудзь сведчыў пра чалавека, бо сам ведаў, што было ў чалавеку.

(Ян 2, 13–25)

Генеральная прыборка

Евангельскі ўрывак трэцяй нядзелі Вялікага посту апісвае сцэну, у якой Пан Езус, насуперак жаданню многіх людзей, ачышчае святыню. Час Вялікага посту — час ачышчэння таксама і для нас. Гэта запрашэнне ў вялікі саракадзённы шлях, якое Касцёл адрасуе ўсім вернікам, каб у дарозе да Пасхі яны зноў адкрывалі для сябе праўду аб тым, што з’яўляюцца Божай святыняй. Але не толькі дзеля гэтага, бо адкрыццё — толькі першы важны этап. Трэба таксама клапаціцца пра тое, каб ачысціць гэтую святыню, каб уваскрослы Езус мог добра адчуваць сябе ў ёй і адпачнуць, калі мы прымем Яго у святой Камуніі.

Першае літургічнае чытанне падказвае нам, што мы павінны зрабіць, каб стала так і сталася. Майсей атрымлівае ад Бога запаведзі, якіх Божыя дзеці павінны прытрымлівацца ў сваім жыцці, і гэтыя запаведзі можна абагульніць у двух запаведзях любові да Бога і бліжняга. Таму ў час Вялікага посту варта прачытаць хаця б добры каментар да Дэкалога і двух запаведзяў любові або іншую падобную кнігу, напрыклад, знакамітую працу кс. Эдварда Станека, перакладзеную на беларускую мову Крыстынай Лялько, — «З клопатам пра сумленне». Недастаткова проста прачытаць кнігу або каментар, зрабіць рахунак сумлення. Трэба з малітваю паразважаць над зместам прачытанага. Можа аказацца, што мы сістэматычна ходзім да споведзі, як прыбіраем дом, але кніга і ўдумлівае разважанне над ёю пакажуць такія куточкі бруднай душы — святыні — пра якія мы і не думалі, падобна як прафесійная прыбіральшчыца, запрошаная правесці генеральную прыборку дома перад святамі, вымеце з пакояў бруд, пра які мы і не падазравалі.

Папы, якія кіравалі Касцёлам у апошні час, заўважалі, што сярод католікаў усё больш пашыраецца нячуласць да граху, не кажучы ўжо пра людзей, якія не ведаюць Бога. Калі не будзе клопату пра пошук нашага духоўнага бруду і ачышчэнне ад яго святыні, не будзе духоўнага развіцця, і мы не зможам добра перажыць Вялікі пост і велікодныя святы. Не дай Божа, каб мы адкладалі глыбейшае самапазнанне (пошукі бруду, які ёсць у нас) і ачышчэнне да хвіліны сваёй смерці, калі станем у праўдзе перад Божаю любоўю. Тады можа адбыцца так, як некалі ў Фларэнцыі: папа Пій Х уначы нёс матрац для беднага чалавека, якому гэта было вельмі патрэбна, і сустрэў паліцэйскі патруль. Яго затрымалі, назвалі злодзеем і сталі дапытвацца, дзе ён скраў матрац. Калі ж сталі надзяваць яму кайданы, то пазналі ў ім Папу, і паліцыянтам стала вельмі сорамна. Нам таксама патрэбная блізкая сустрэча з укрыжаваным Езусам, каб Ён паказаў бруд, які ёсць у нашай святыні, і недахоп любові ў нашым жыцці. Нам патрэбны таксама сапраўдны сорам:  лепш, каб нам стала сорамна падчас Вялікага посту перад Езусам у канфесіянале, чым толькі ў хвіліну смерці. Ачышчаць святыню ў чыстцы нашмат больш балюча, чым тут, на зямлі.


Айцец Раман Шульц ОР

Глядзіце яшчэ разважанні на Трэцюю нядзелю Вялікага посту, Год В:
айцец Раман Шульц ОР «Сакрэт другой запаведзі»

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла