Місія Божага Сына

Чацвёртая нядзеля Вялікага посту, Год В (11.03.2018)

Як Майсей узняў змея ў пустыні, так павінен быць узняты Сын Чалавечы, каб кожны, хто верыць у Яго, меў жыццё вечнае». 

Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго. Хто верыць у Яго, не будзе асуджаны, а хто не верыць, той ужо асуджаны, бо не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага. А суд у тым, што святло прыйшло на свет, але людзі больш палюбілі цемру, чым святло, таму што ўчынкі іхнія былі ліхія. Бо кожны, хто чыніць зло, ненавідзіць святло і не ідзе да святла, каб не выявіліся яго ліхія ўчынкі. А хто чыніць праўду, ідзе да святла, каб яўнымі былі ўчынкі ягоныя, бо яны здзейсненыя ў Богу». 

 (Ян 3, 14–21)

Місія Божага Сына

Словы, якія мы чуем сёння, заключаюць у сабе сутнасць Евангелля: « Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае». Калі мы гатовыя прыняць тое, што пачулі, і паверыць у гэта, не застанецца нічога іншага, як толькі праслаўляць і адараваць таямніцу збаўлення. 

Аднак я хачу засяродзіцца на трох праўдах, пра якія гаворыць сённяшні евангельскі ўрывак. Першая праўда — гэта Божая ўсемагутнасць і вольнасць, якія ляжаць у аснове Ягонай любові. Бог — гэта Той, хто стварыў гэты свет, любіць яго і жадае яго збавіць. Нішто не можа перашкодзіць дзеянню Божаму: ні д’ябал, ні грэх. Часам мы перажываем спакусу дуалістычнага мыслення, лічачы, што Бог стварыў свет, а д’ябал перашкодзіў Ягоным планам, таму Бог цяпер змагаецца з грахом. Але гэта памылка: Божая справа не была сапсаваная, Бог стварае, любіць і збаўляе, запрашаючы да еднасці з Сабою. 

З першаю праўдаю звязаная другая: Бог не асуджае на згубу. Згуба — гэта адкіданне Бога, гіне той, хто не жадае прыняць Яго. Таму чалавек, які прабывае ў еднасці з Сынам, не загіне. Мы сутыкаемся са спакусаю асудзіць каго-небудзь на згубу, назаўжды перарваць стасункі з чалавекам, чые ўчынкі нам не падабаюцца. Гэта супярэчыць місіі Божага Сына.

У чым жа заключаецца Яго місія? Пан Езус нагадвае пра вобраз меднага змея ў пустыні. Калі з прычыны граху выбраны народ стаў паміраць, той, хто глядзеў на меднага змея, якога Бог загадаў зрабіць Майсею, выздараўліваў. Змей у пустыні быў вобразам Божай міласэрнасці, а Сын Чалавечы сам з’яўляецца Божай міласэрнасцю. Божая міласэрнасць здолела аб’явіцца ў кавалку металу і тым больш яна аб’яўляецца ў нашых міласэрных учынках. Бог, нягледзячы на нашыя слабасці, даў нам сваё жыццё і гэтак жа прагне, каб праз нас Ягоная любоў перамяняла свет. 


Айцец Крыштаф Коц’ян OP

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла