«Хто любіць жыццё сваё, загубіць яго…»

Пятая нядзеля Вялікага посту, Год В (18.03.2018)

Былі некаторыя грэкі сярод тых, хто прыйшоў пакланіцца Богу на свята. Яны падышлі да Філіпа, які быў з Бэтсаіды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: «Пане, мы хочам убачыць Езуса». Прыйшоў Філіп і сказаў пра гэта Андрэю. Потым Андрэй і Філіп пайшлі і расказалі Езусу. А Езус сказаў ім у адказ: «Настала гадзіна, каб быў услаўлены Сын Чалавечы. Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён. Хто любіць жыццё сваё, загубіць яго, а той, хто ненавідзіць жыццё сваё на гэтым свеце, захавае яго для вечнага жыцця. Калі хто служыць Мне, няхай ідзе Маім шляхам; і дзе Я, там будзе і слуга Мой. І хто Мне служыць, таго ўшануе Айцец Мой. Цяпер усхвалявана душа Мая; і што Мне сказаць? Ойча, захавай Мяне ад гэтай гадзіны. Але ж дзеля гэтай гадзіны Я і прыйшоў. Ойча, услаў імя сваё!» І пачуўся з неба голас: «Уславіў і ўслаўлю зноў!»

Натоўп жа, які стаяў і чуў гэта, казаў: «Гэта гром». Іншыя казалі: «Анёл гаварыў з Ім». Адказваючы, Езус сказаў: «Не дзеля Мяне быў гэты голас, але дзеля вас. Цяпер адбываецца суд над гэтым светам; цяпер князь гэтага свету будзе выкінуты вон. І Я, калі буду ўзняты над зямлёю, усіх прыцягну да сябе». Казаў жа Ён гэта, прадказваючы, якою смерцю меў памерці.

(Ян 12, 20–33)

«Хто любіць жыццё сваё, загубіць яго…»

Калі б нехта захацеў напісаць кнігу парадаў пад назвай «Як загубіць сваё жыццё за 30 дзён», хутчэй за ўсё ніхто не згадзіўся б займацца выданнем такой кніжкі. Бо хто будзе купляць і чытаць? Каму ў здаровым розуме захочацца губіць жыццё або душу? Большай папулярнасцю карыстаюцца парады тыпу «стань дасканалым», «навучыся кіраваць людзьмі» і падобныя — усё, што спрыяе ўмацаванню нашай пазіцыі ў грамадстве, уласнага «Я», здольнасці ўплываць на людзей і свет. Але Езус выразна кажа: «Хто любіць жыццё сваё, загубіць яго, а той, хто ненавідзіць жыццё сваё на гэтым свеце, захавае яго для вечнага жыцця». Езус запрашае ісці за Ім, бо сам першы ідзе дарогай крыжа, выконваючы волю Айца. Кожны раз, калі нас накрывае хваля прапановаў самаўдасканалення і павелічэння ўласных магчымасцяў, варта паглядзець на ўкрыжаванага Езуса і задаць сабе пытанне, ці, ідучы гэтым шляхам, мы не мінаем дарогі, якой ішоў Езус? Можа, мы нават ідзем у адваротным кірунку, каб прабываць у раскошы і багацці палацу Пілата? Каб быць упэўненымі ў сваёй усеўладнасці і дасканаласці. Але ў самоце.


Айцец Павел Мажэйка ОР


Глядзіце яшчэ разважанні на Пятую нядзелю Вялікага посту, Год В:

айцец Віталь Сапега ОР «Сэнс служэння»
айцец Міхал Ермашкевіч OP «Я люблю цябе, жыццё!»

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла