Малітва за Беларусь у 100-годдзе абвяшчэння БНР 25 сакавіка

Прапануем вам, дарагія чытачы, змешчаныя на партале catholic.by зварот біскупаў Беларусі і малітву з нагоды 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Біскупы заклікаюць святароў памаліцца разам з вернікамі словамі гэтай малітвы падчас усіх набажэнстваў 25 сакавіка.


 «Вядзі мяне ў праўдзе Тваёй і навучы,
бо Ты Бог збаўлення майго,
на Цябе спадзяюся кожны дзень»
(Пс 25(24), 5)

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, суайчыннікі, усе людзі добрай волі!

Сёння, калі наша Бацькаўшчына адзначае сотыя ўгодкі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, гэтыя словы псальміста просяцца на нашыя вусны. Яны заклікаюць да бязмежнага даверу Богу — адзінай нашай надзеі.

Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі стала беспрэцэдэнтным гістарычным актам і вельмі важным крокам дзяржаватворчага працэсу, адкрыўшы шлях да незалежнасці.

Мінулае стагоддзе — гэта час шматлікіх выпрабаванняў, войнаў, пераследу веры. Гэта таксама час адраджэння нашай дзяржаўнасці і духоўнасці.

Складаная і трагічная гісторыя Беларусі за апошняе стагоддзе была пазначана шматлікімі сведчаннямі і мучаніцтвам за веру, увабрала ў сябе лёсы тых, хто нястомна працаваў і надалей працуе на карысць Радзімы, іх славу, мужнасць, ахвярнасць і дасягненні.

Увесь гэты час Ты, Божа, быў з намі і праз заступніцтва Марыі, Апякункі Беларусі, Ты нам дапамагаў. У гады ліхалецця суцяшаў нашыя сэрцы і запальваў агеньчык надзеі на лепшае заўтра. Сёння, у часы крызісу духоўных каштоўнасцяў, Ты праз свой Касцёл умацоўваеш нашу веру, даеш новую надзею на будучыню і запальваеш у сэрцах любоў.

Мы дзякуем Табе, Божа, і просім аб дары мудрасці для кіраўнікоў нашай дзяржавы, аб разважлівасці і ўзаемаразуменні паміж рознымі палітычнымі і грамадскімі супольнасцямі, а таксама аб велікадушнасці для ўсіх грамадзянаў нашай краіны, каб панавалі ў ёй супакой, справядлівасць, узаемная любоў і згода.

Усемагутны і Міласэрны Божа, адары нас сваёю ласкаю і благаслаўленнем, каб супольнымі намаганнямі пад апекаю Марыі мы ўсе разам будавалі шчаслівае заўтра нашай любай Бацькаўшчыны.

Божа, благаславі Беларусь! Просім праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.


Каталіцкія Біскупы Беларусі
catholic.by

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла