Хто табе бліжэй?

Пальмовая нядзеля або Нядзеля Мукі Пана, Год В (25.03.2018)

Калі наблізіліся да Ерузалема, да Бэтфагіі і Бэтаніі, да гары Аліўнай, Езус паслаў двух сваіх вучняў і сказаў ім: «Ідзіце ў паселішча, што перад вамі, і адразу, як увойдзеце ў яго, знойдзеце прывязанае асляня, на якое ніхто з людзей яшчэ не сядаў. Адвяжыце яго і прывядзіце. А калі хтосьці вам скажа: “Навошта вы гэта робіце?”, скажыце: “Ён патрэбны Пану, і зараз жа адашле зноў яго сюды”». Яны пайшлі і знайшлі асляня, прывязанае каля варот знадворку, на вуліцы, і адвязалі яго. Некаторыя з тых, хто стаяў там, казалі ім: «Што вы адвязваеце асляня?» А яны адказалі ім, як наказаў Езус. І тыя адпусцілі іх. Прывялі да Езуса асляня і паклалі на яго свае плашчы, а Ён сеў на яго. І многія слалі плашчы свае на дарозе, а іншыя — галінкі ад аліўных дрэў, зрэзаныя на палях. І тыя, хто ішоў спераду і ззаду, усклікалі: «Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана! Благаслаўлёнае валадарства айца нашага Давіда, якое надыходзіць! Гасанна на вышынях!»

(Мк 11, 1–10)

З самай раніцы першасвятары са старэйшынамі і кніжнікамі і ўвесь Сінэдрыён зрабілі нараду і, звязаўшы Езуса, павялі і аддалі Пілату. Пілат спытаўся ў Яго: «Ты кароль юдэйскі?» Ён жа сказаў яму ў адказ: «Ты кажаш». І абвінавачвалі Яго першасвятары ў многім. Пілат жа зноў спытаўся ў Яго: «Ты нічога не адказваеш? Паглядзі, колькі сведчыць супраць Цябе». Езус нічога больш не адказваў, таму дзівіўся Пілат.

На свята ён адпускаў ім аднаго вязня, якога прасілі. Быў жа нейкі Бараба, зняволены са сваімі саўдзельнікамі, якія падчас бунту ўчынілі забойства. І, падышоўшы, натоўп пачаў прасіць таго, што ён заўсёды рабіў ім. Пілат жа сказаў ім у адказ: «Хочаце, адпушчу вам караля юдэйскага?» Бо ведаў, што першасвятары выдалі Яго ад зайздрасці. Але першасвятары падбухторылі народ, каб лепш адпусціў ім Барабу. Пілат, адказваючы, зноў сказаў ім: «Што хочаце, каб я зрабіў з тым, каго вы называеце каралём юдэйскім?» Яны закрычалі зноў: «Укрыжуй Яго!» Пілат сказаў ім: «Што дрэннага зрабіў Ён?» Але яны яшчэ мацней закрычалі: «Укрыжуй Яго!» Тады Пілат, хочучы дагадзіць людзям, адпусціў ім Барабу, а Езуса пасля бічавання аддаў на ўкрыжаванне.

Жаўнеры адвялі Яго ў сярэдзіну дзядзінца, гэта значыць, у прэторыю, і сабралі цэлую кагорту. Апранулі Яго ў пурпур і, сплёўшы цярновы вянок, усклалі на Яго. І пачалі вітаць Яго: «Вітай, кароль юдэйскі!» Білі Яго па галаве трысцінай і плявалі на Яго, і, згінаючы калені, кланяліся Яму. А калі насмяяліся з Яго, знялі пурпур і апранулі ў Ягоную вопратку, і павялі Яго, каб укрыжаваць.

І прымусілі нейкага Сымона Кірынэйца, бацьку Аляксандра і Руфа, які ішоў з поля, несці Ягоны крыж. Прывялі Езуса на месца званае Галгота, што азначае: «Месца Чэрапа». І давалі Яму піць віно са смірнаю, але Ён не ўзяў.

Калі ўкрыжавалі Яго, падзялілі вопратку Ягоную, кідаючы лёсы, каму што ўзяць. Была ж трэцяя гадзіна, калі ўкрыжавалі Яго. І быў надпіс з віной Ягонай: «Кароль юдэйскі». Разам з Ім укрыжавалі двух злачынцаў, аднаго з правага, другога з левага боку ад Яго.  

Тыя, хто праходзіў, зневажалі Яго, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: «Гэй! Ты, што руйнуеш святыню і за тры дні будуеш, уратуй сябе самога, сышоўшы з крыжа!» Падобна і першасвятары з кніжнікамі, насміхаючыся, казалі адзін аднаму: «Іншых ратаваў, а сябе не можа ўратаваць. Хрыстус, кароль Ізраэля, няхай сыдзе цяпер з крыжа, каб мы ўбачылі і паверылі». Таксама тыя, хто быў укрыжаваны разам з Ім, зневажалі Яго.

Калі надышла шостая гадзіна, цемра настала па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзевятай. А каля дзевятай гадзіны ўсклікнуў Езус моцным голасам: «Элі, Элі, лема сабахтані?», што азначае: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?» Некаторыя з тых, хто стаяў там, чуючы гэта, казалі: «Вось, Ён кліча Іллю». А адзін пабег, намачыў губку воцатам і, насадзіўшы на трысціну, паіў Яго, кажучы: «Чакайце, пабачым, ці прыйдзе Ілля зняць Яго». Езус жа, ускрыкнуўшы моцным голасам, сканаў.

І заслона ў святыні разарвалася надвое ад верху да нізу.

Сотнік, які стаяў насупраць Яго, сказаў, убачыўшы, як Ён канаў: «Праўдзіва, Чалавек гэты быў Сынам Божым».

(Мк 15, 1–39)

Хто табе бліжэй?

Літургія Пальмовай нядзелі пазначаная вялізнымі кантрастамі: спачатку — трыўмфальны ўезд Пана Езуса ў Ерузалем, потым — жудасныя пакуты і ганебная смерць за межамі святога горада. Тут — узнёслыя воклічы «Гасанна на вышынях!», там — раз’юшаныя крыкі «Укрыжуй Яго!». З аднаго боку — асоба Богачалавека, які, нягледзячы ні на што, захоўвае вернасць Айцу і свайму пасланніцтву, з іншага — безаблічны натоўп, які хутка змяняе погляды ў залежнасці ад сітуацыі і лёгка паддаецца маніпуляцыі… Літургічныя тэксты нібы пытаюцца: «На чыім баку ты, хто бліжэй табе?» Здаеццца, што сапраўдны хрысціянін не можа не выбраць Пана Езуса. Аднак, як жа часта на практыцы перамагае спакуса быць як усе, нічым не вылучацца сярод іншых. Бо захаваць хрысціянскую тоеснасць у фактычна нехрысціянскім асяроддзі вельмі няпроста. І тым большая небяспека, калі гэтае асяроддзе фармальна не адкідае Хрыста, але тым не менш імкнецца не да перамены жыцця згодна з Яго вучэннем і прыкладам, а да дастасавання Божай навукі да ўласных інтарэсаў, поглядаў, меркаванняў, маючы перад вачыма зямныя выгоды, а не Валадарства Нябеснае. Нават у касцёльным жыцці існуе тэндэнцыя разумець пад прыгожымі назвамі «люд Божы», «аўчарня Пана», «хрысціянская супольнасць» тую ж шэрую масу, якой можна і нават трэба навязаць спецыфічнае разуменне хрысціянства, сугучнае хутчэй злаіцызаванаму менталітэту сучаснага грамадства, чым спрадвечным, нязменным Божым пастановам, якія выяўляюцца ў здаровай дактрыне і Традыцыі Касцёла. Як тут не прыгадаць, што Пан Езус цярпеў і памёр не за нейкую масу, а за кожнага з нас асобна, кожнага Ён ведае і шукае, як згубленую авечку, але і кожнаму асабіста давядзецца адказваць за свае ўчынкі, за свой выбар на Божым судзе, дзе нельга будзе схавацца ў натоўпе…

Гэта праўда, што супольнасць патрэбная, бо дзе як не ў ёй вернік можа навучыцца практыкаваць усе цноты, дапамагаць бліжнім на шляху да Бога, а таксама карыстацца іх дапамогаю. Толькі гэтую супольнасць нельга ўспрымаць як бяздумную шэрую масу. Яна хутчэй павінна нагадваць зладжаны хор ці аркестр, дзе кожны мае сваю адметную партыю і ад майстэрства кожнага залежыць, наколькі агульнае гучанне будзе адпавядаць адзінай задуме Боскага кампазітара і дырыжора. Тут нельга проста бязгучна адкрываць рот ці толькі рабіць выгляд, што граеш (бо як можна тады чакаць узнагароды і за што?), але нельга і ўводзіць какафонію і дысананс чужароднай і неўласцівай мелодыяй ці проста фальшам. Трэба дасканала ведаць увесь твор і, пераадольваючы пад кіраўніцтвам і з дапамогаю Боскага Настаўніка ўсе цяжкасці, аддана працаваць над сваёй асабістай партыяй, каб годна ўліцца ў супольную сімфонію праслаўлення Стварыцеля і Збаўцы і тут, на зямлі і на Нябесных вышынях у вечнасці, якую адкрыў нам Хрыстус сваёю мучаніцаю смерцю і сваім хвалебным Уваскрасеннем.


Айцец Міхал Ермашкевіч ОР

Глядзіце яшчэ разважанні на Пальмовую нядзелю або Нядзелю Мукі Пана, Год В:
айцец Крыштаф Коц’ян ОР «Выбіраю любоў»

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла