Вялікі чацвер. Уводзіны

Артыкул напісаны паводле лекцыі айца Адама Шустака ОР, з якою ён выступаў у Вялікі чацвер у Кракаве. Больш лекцый можна знайсці на youtube-канале а. Адама “Langusta na palmie”.


 

Пасхальны Трыдуум

У Касцёле гэтыя дні заўсёды разглядаюцца як адзінае цэлае. Ёсць тры літургіі, але на самай справе, з вечара чацвярга увесь час трывае адна і тая ж літургія, якая завершыцца ноччу з суботы на нядзелю. Гэта пацвярджае той факт, што ніводная з літургій не заканчваеца благаслаўленнем, якое звычайна ўдзяляецца ў канцы набажэнстваў. Імшу Вячэры Пана мы пачнём знакам крыжа, а благаслаўленнем завершыцца толькі цырымонія Пасхальнай вігіліі. Гэта тры дні адной падзеі, на якую мы будзем глядзець з розных бакоў.

Імша Хрызма

У Вялікі чацвер Касцёл цэлебруе дзве Эўхарыстыі: ранішнюю, якая называецца Імша Хрызма, і вячэрнюю, або Імшу Вячэры Пана. Імша Хрызма не ўваходзіць у Пасхальны Трыдуум, яна з’яўляецца апошняй літургіяй Вялікага посту. Падчас Імшы Хрызмы Касцёл робіць штосьці незвычайнае. Пачынаючы з раніцы Вялікага чацвярга ў касцёлах спажываецца ўвесь Найсвяцейшы Сакрамэнт. Павінна заставацца толькі некалькі камунікантаў, напрыклад, для паміраючага чалавека. Незадоўга да літургіі Вячэры Пана яны таксама будуць спажытымі. Таксама і ўвесь алей, які Касцёл выкарыстоўвае для намашчэння катэхумэнаў, хворых і святароў, спальваецца.

Касцёл перажывае момант сваёй «бессэнсоўнасці», таму што як інстытут ён быў створаны толькі для таго, каб удзяляць сакрамэнты. Гэта непаўторны жэст. Можна сказаць, што ў Касцёле адбываецца «канец свету». Нібы ўсё павінна пачацца спачатку…

На Імшы Хрызме, якая адпраўляецца раніцай, Касцёл нанава асвячае ўвесь алей, але перад гэтым быў такі момант, калі яго не было. Таксама нанова адбываецца кансэкрацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.
Тое, што здзяйсняе Касцёл, мы ў сваю чаргу можам перажыць духоўна.

Касцёл «завяршае» нейкі этап і пачынае ўсё з самага пачатку: у Божай ласцы, у прыняцці Божай любові, у пошуку Пана Бога... У гэты дзень перад літургіяй нам варта знайсці час на малітву і такім чынам «завершыць» нейкі этап у сваім жыцці. Пан Бог гэтай літургіяй хоча пачаць усё занава і нанова праліць свае ласкі.

Устанаўленне святарства

На літургіі ў Вялікі чацвер Езус устанаўлівае сакрамэнт святарства — святарства ўсіх людзей. Усе людзі, якія з’яўляюцца вучнямі Хрыста, з’яўляюцца таксама святарамі праз хрышчэнне — пра гэта кажа Касцёл, што кожны ахрышчаны чалавек у пэўным сэнсе з’яўляецца святаром.

Мы не чытаем у гэты дзень Евангелля пра ўстанаўленне Эўхарыстыі, дзе Пан Езус бярэ хлеб і віно і падае вучням. Пра гэта мы ўспомнім, але на літургіі будзем чытаць Евангелле паводле Яна, дзе ўзгадваецца адзіны эўхарыстычны абрад — абмыванне ног. І Касцёл паўтарае гэты абрад. Пасля казання той, хто кіруе Касцёлам у дадзеным месцы (парафіі, ордэне і г.д.), устане з-за стала дакладна так, як гэта зрабіў Пан Езус, а дванаццаць мужчынаў сядзе вакол, і святар абмые ім ногі. Касцёл засяроджваецца не на хлебе і віне, а на Богу, Які кленчыць перад чалавекам і мые яму ногі. Пан Езус кажа так: «Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго...». Абрад абмывання ног называецца «mandatum», што літаральна перакладаецца менавіта як «запаведзь».

Касцёл святкуе ўстанаўленне Эўхарыстыі, успамінаючы абмыванне ног, успамінаючы запаведзь узаемнай любові. Такім чынам, хто ж з’яўляецца святаром? Той чалавек, які кленчыць перад бліжнім, каб служыць яму, які любіць бліжняга. Калі мы ў Вялікі чацвер святкуем устанаўленне святарства, то святкуем менавіта гэта. Пан Езус не паклікаў Касцёл да таго, каб мы навучыліся раздаваць хлеб і віно, хоць і ёсць такое служэнне ў святароў — удзяляць сакрамэнты. У Вялікі чацвер было ўстаноўлена служэнне, якое датычыць кожнага з нас. Служэнне, калі Пан Езус кленчыць перад чалавекам і служыць яму з вялікай любоўю. Вялікі чацвер — гэта свята ўзаемнай любові.

Абмыванне ног

Абрад абмывання ног мае таксама значэнне звычайнага ачышчэння. У адным з французскіх сабораў ёсць гравюра, на якой Пан Езус мые ногі Пятру, а вакол іх, схіліўшыся, стаяць апосталы і затыкаюць сабе насы. Гэта вельмі прыгожы вобраз: Езус змывае бруд, мые самую брудную частку цела. Праз гэта Касцёл паказвае, што мы пачынаем усё занава, а Езус нас хоча «памыць».

Перад літургіяй варта запытацца ў сябе: «З чаго мне трэба абмыцца?», «З чым я не змагу адзін даць рады?» Пан Езус кажа Пятру: «Калі не абмыю цябе, не будзеш мець удзелу са Мною», нібы кажа: «Толькі Я магу табе гэтыя ногі памыць, толькі Я...» На літургію ў чацвер варта было б прыйсці з такою просьбаю: «Пане Езу, абмый мне тое, з чым я сам не магу справіцца».

Поўнае прыніжэнне

Адразу ж пасля літургіі ў Вялікі чацвер не спяшайцеся ісці да цямніцы Пана, пабудзьце крыху на сваім месцы, бо ў гэты момант адбываецца штосьці вельмі важнае, што звычайна людзі не заўважаюць. А менавіта, калі святары пойдуць у сакрыстыю, усё, што знаходзіцца на алтары, павінна быць прыбрана. Застанецца толькі пусты, «голы» алтар, не прыкрыты нічым. Гэта важны сімвал, як быццам узялі чалавека і здзерлі з яго шаты. Што і адбываецца насамрэч, бо Хрыстус менавіта пасля гэтай літургіі ў Вялікі чацвер уваходзіць у стан поўнага прыніжэння. Вядома, што Яго ўцелаўленне ўжо было прыніжэннем, але менавіта з моманту Апошняй Вячэры Ён нібы кажа: «Забірайце ўсё. Можаце ўзяць Мяне ўсяго і не таму, што вы гэтага хочаце, а таму, што Я вам гэта дазваляю». Ён сам дазваляе парваць сябе на шматкі, дазваляе такое поўнае прыніжэнне, бо любіць…

Вось яно, Хрыстовае святарства.  Яно ў тым, што Езус дазваляе цалкам аддаць сябе людзям. І сёння мы святкуем менавіта такое святарства. Калі хтосьці аддае сябе праз нейкае служэнне, праз учынкі любові, то ён бярэ ўдзел у Хрыстовым святарстве. Падумайце пра гэта пасля літургіі Вялікага чацвярга…


Айцец Адам Шустак ОР

Падрыхтавала Вольга Качалка
Паводле аўдыёлекцыі а. Адама  Шустака ОР
“Wprowadzenie: Wielki Czwartek” і stacja7.pl.
Працяг будзе

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла