«Нашых дзён крыгаход». Пра новы нумар квартальніка «Наша вера»
03.04.2018|Падзеі

Новы нумар квартальніка «Наша вера» пачынаецца арт. мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча «Да апостальскіх парогаў» пра візіт ad limina Apostolorum беларускіх біскупаў (31.01–07.02.2018) да Папы Рымскага.

Мастацтвазнаўца Н. Усава прапануе ўвазе чытачоў арт. «Тры выявы Магдалены як шлях да хрысціянскай дасканаласці», прысвечаны постаці адной з самых вядомых святых.

Доктар філалагічных навук Ж. Некрашэвіч-Кароткая ў арт. «Алюзіі на Пасланні апостала Паўла ў паэме Мікалая Гусоўскага „Пра жыццё і подзвігі святога Гіяцынта“» даследуе адзін з унікальных духоўных помнікаў старажытнай беларускай літаратуры.

500-годдзю беларускага кнігадруку прысвечана інтэрв’ю «Слова Францішка Скарыны гучыць па ўсім свеце», якое Э. Дзвінская ўзяла ў намесніка дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі А. Сушы.

Кс. Ю. Санько і архітэктар А. Яроменка ў матэрыяле «Мінская некраполія „Залатая Горка“» распавядаюць пра драматычную гісторыю аднаго з самых вядомых святых месцаў у Мінску.

Вядомы калекцыянер, рэстаўратар І. Сурмачэўскі ў арт. «Палескі іканастас» піша пра ўнікальныя народныя абразы.

Арт. А. Красоўскага «Беларуская мова ў фашчаўскім касцёле» прысвечаны заўсёды актуальным для Касцёла і грамадства моўным пытанням.

У арт. Ю. Лаўрыка «Бібліятэка дамініканскага канвента ў Нясвіжы» распавядаецца пра багатыя кніжныя зборы, сабраныя дамініканамі.

Пісьменніца І. Жарнасек у нататках «Нашых дзён крыгаход» успамінае пра гісторыю сваёй сям’і, у лёсе якой адбіліся драматычныя лёсы многіх беларусаў.

Пісьменніца К. Лялько прапануе ўвазе чытачоў свае пераклады вершаў вядомага польскага тэолага, паэта кс. Е. Шыміка.

Друкуюцца таксама вершы вядомага ўкраінскага паэта Д. Паўлычкі «Пра Бэтлеем спяваў я Госпаду…», якія перастварыў паэт М. Скобла.

Пра драматычны лёс і невядомыя вершы беларускай пісьменніцы Я. Бяганскай піша літаратуразнаўца В. Жыбуль у арт. «Сэрца requiem спявае…». Тут жа ўпершыню друкуюцца вершы з яе літаратурнай спадчыны.

У рубрыцы «Проза» змешчаны чарговыя ўрыўкі з цыклу «Уладзевы гісторыі» пісьменніка У. Сіўчыкава.

Пра творчасць лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі Сігрыд Унсет разважае пісьменніца В. Лойка ў арт. «Голас, які жыве ў нас».

Л. Камінская ў эсэ «Дайсці да Каложы» піша пра новую кніжку лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, вядомай паэткі Д. Бічэль.

Вядомы фалькларыст У. Васілевіч у арт. «Паненка з вёскі Камаровічы» апавядае пра амаль забытую сёння ў Беларусі пісьменніцу Э. Яленскую і яе творчасць. Тут жа друкуецца ўрывак з нарыса Э. Яленскай «Кальварыя пад Вільняй» (1903) у перакладзе з польскай мовы.

Гісторык А. Шпунт у арт. «Рудаміны-Дусяцкія — слаўныя сыны Бацькаўшчыны» цікава распавядае пра адзін са славутых шляхецкіх родаў Беларусі.


Набыць часопіс можна:

  • у кнігарні «Духоўная кніга» (г. Мінск, вул. Багдановіча, 25, пн–пт: 11.00–18.00);
  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • альбо звяртайцеся ў рэдакцыю па тэл. (017) 293 17 50.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней