Быць «усім для ўсіх»

Пятая звычайная нядзеля, Год В (04.02.2018)

Калі я абвяшчаю Евангелле, то мне няма чым хваліцца, бо гэты абавязак ўскладзены на мяне. Гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля. Бо, калі раблю гэта з уласнай волі, атрымліваю ўзнагароду, а калі не з уласнай, то выконваю даручаны абавязак. Якая ж мая ўзнагарода? Такая, каб, бескарысліва абвяшчаючы Евангелле, я не карыстаўся правам, дадзеным мне праз яго абвяшчэнне.

Будучы свабодным ад усіх, я стаў нявольнікам усіх, каб здабыць яшчэ больш. Для нядужых я стаў як нядужы, каб здабыць нядужых. Для ўсіх я стаў усім, каб уратаваць прынамсі некаторых. Раблю ж гэта дзеля Евангелля, каб стаць яго саўдзельнікам.

(1 Кар 9, 16–19. 22–23)

Выйшаўшы з сінагогі, адразу прыйшоў з Якубам і Янам у дом Сымона і Андрэя. Цешча Сымона ляжала ў гарачцы, таму адразу сказалі Яму пра яе. Ён падышоў і, узяўшы за руку, падняў яе. І пакінула яе гарачка, і яна прыслужвала ім. Калі настаў вечар і зайшло сонца, прыносілі да Яго ўсіх нядужых і апанаваных злымі духамі. А ўвесь горад сабраўся перад дзвярыма. Ён аздаравіў многіх, якія цярпелі на розныя хваробы, і выгнаў многіх злых духаў; але не дазваляў злым духам казаць, што яны пазналі Яго.

На досвітку, устаўшы вельмі рана, Ён выйшаў і пайшоў у пустыннае месца і там маліўся. Услед за Ім пайшоў Сымон і тыя, хто быў з ім. А калі знайшлі Яго, сказалі Яму: «Усе шукаюць Цябе!» Ён адказаў ім: «Пойдзем куды-небудзь у блізкія паселішчы, каб Я і там прапаведаваў, бо дзеля гэтага Я прыйшоў». І прапаведаваў Ён у сінагогах іхніх па ўсёй Галілеі, і выганяў злых духаў.

(Мк 1, 29–39)

Быць «усім для ўсіх»

Сёння ў Першым пасланні да Карынцянаў мы чытаем, як св. Павел прагне стаць «усім для ўсіх», каб плённа абвяшчаць Евангелле. Такое стаўленне Апостала язычнікаў вынікае з ягонага захаплення Божаю любоўю і жадання аддаць доўг удзячнасці Збаўцы, горача абвяшчаючы Добрую Навіну тым, хто нават не дапускае, што Бог любіць іх і аддаў за іх жыццё.

Я захапляюся дзейнасцю айцоў салезіянаў, якія па прыкладзе свайго заснавальніка св. Яна Боска прысвячаюць сябе дзецям і моладзі. Як цудоўна, што займаючыся фармацыяй моладзі і студэнтаў, яны абуджаюць у многіх сэрцах жаданне займацца валанцёрствам. Моладзь рашаецца на даволі рызыкоўную вандроўку: пакідаючы свае сем’і, напрыклад, на год, маладыя людзі дапамагаюць салезіянам-місіянерам у Афрыцы або Лацінскай Амерыцы. На місіі яны працуюць як настаўнікі, выхавацелі, апекуны бедных дзяцей і моладзі, сядзелак, кухараў, або нейкім іншым чынам рэалізуюць дадзеныя ім таленты, каб падтрымаць салезіянаў, якія працуюць з мясцовымі дзецьмі і моладдзю. Яны становяцца там «усім для ўсіх», асабліва для самых убогіх. Пасля году валанцёрскай працы маладыя людзі вяртаюцца ў свае сем’і, парафіі, у свой асяродак, умацаваўшыся ў веры, і даюць сведчанні аб сваім падарожжы, натхняючы іншую моладзь, сваіх сяброў і сябровак паехаць валанцёрамі на місіі.

Яшчэ адзін прыклад таго, як можна быць «усім для ўсіх» я бачу ў асобе мільянера і філантропа з ЗША Тома Монагана. Гэты чалавек дасягнуў вялікага поспеху і багацця цяжкою працаю на карысць іншых людзей. За свае грошы ён робіць мноства дабрачынных справаў, не распаўсюджваючы інфармацыі пра сябе: ён заснаваў Каталіцкае радыё, пачатковую школу і гімназію, універсітэт, дзе навучанне вядзецца ў духу каталіцкай веры. У Фларыдзе ён заснаваў гарадок, які назваў «Ave Maria» (гэтак жа, як наш беларускі каталіцкі часопіс), а ў цэнтры гарадка пабудаваў вялікі касцёл. У гэтым горадзе ў нядзелю не працуюць крамы, каб людзі праводзілі час са сваёю сям’ёю, каб нічога іх не дзяліла (ня-дзеля), у шпіталях не робяць абортаў, не праводзяць працэдураў «in vitro» і эўтаназіі. У крамах не прадаюць кантрацэптыўных сродкаў і парнаграфічных часопісаў. Галоўная вуліца горада называецца ў гонар св. Яна Паўла ІІ, а на яе скрыжаванні з вуліцай імя Другога Ватыканскага сабору ёсць кавярня, дзе прадаюць вельмі смачнае марозіва. Гэты чалавек — католік глыбокай веры жыве паводле пэўнай сістэмы прынцыпаў і такім чынам імкнецца быць «усім для ўсіх». Вось пяць яго прыярытэтаў.

Першы прыярытэт — духоўны.

Найважнейшае ў жыцці — самому дасягнуць Неба і дапамагчы ў гэтым як мага большай колькасці людзей. Таму на першым месцы ў жыцці стаіць Бог. Толькі Ён напаўняе сэнсам нашае існаванне, і толькі Ён можа даць нам вечнае шчасце. Пазнаваць Яго — значыць любіць Яго і бязмежна Яму давяраць. Адсюль вынікае пачуццё ўдзячнасці за незаслужаную ласку і прагненне дзяліцца сваім шчасцем з іншымі. Калі мы любім некага, то жадаем няспынна прабываць з гэтаю асобаю. Адсюль вынікае патрэба малітвы. Дзякуючы ёй мы атрымліваем найбольшыя духоўныя скарбы: веру, надзею і любоў. Але найважнейшае — гэта Эўхарыстыя, бо ў ёй мы не толькі атрымліваем Божыя дары, а сам Бог цалкам аддае нам сябе. Гэта такая блізкасць з Ім, якой нельга параўнаць ні з чым у свеце. Найбольшае няшчасце і сапраўдны жах, які можа з намі адбыцца, — гэта смяротны грэх. Ён вядзе да духоўнай смерці. Таму трэба своечасовы прыступаць да споведзі, таму што Бог, поўны міласэрнасці, можа прабачыць нам кожны, абсалютна кожны грэх, калі мы пашкадуем аб ім.

Другі прыярытэт — грамадскі.

Калі Бог стварыў чалавека, аб’явіўся ў ім і аддаў за яго жыццё, — гэта значыць, што Ён надае чалавеку бясконцую годнасць. Кожны чалавек, без выключэння, заслугоўвае павагі. Таму варта карыстацца ў жыцці прынцыпам: «Стаўся да іншых людзей так, як хочаш, каб яны ставіліся да цябе». Асабліва ўважлівым, ветлівым і высокамаральным неабходна быць у працоўным жыцці.

Трэці прыярытэт — разумовы.

Каб розум заставаўся вострым і здаровым, неабходна яго трэніраваць. Гэта немагчыма без чыстага сумлення, бо толькі яно дазваляе захоўваць правільную самаацэнку. Гэта крыніца радасці і аптымізму. Інтэлектуальнае здароўе дапамагаюць падтрымліваць чытанне і навучанне.

Чацвёрты прыярытэт — фізічны.

Цела — гэта святыня Духа, таму неабходна адпаведна пра яго клапаціцца, займацца спортам, належна харчавацца, а таксама пасціць. Нічога дзіўнага, што верны гэтаму правілу Монаган у 78 гадоў кожны дзень прабягае 10 кіламетраў і робіць 150 адцісканняў.

Пяты прыярытэт — фінансавы.

Калі чалавек застаецца верным першым чатыром прынцыпам, тады дасягненне фінансавай незалежнасці і стабільнасці перастае быць для яго праблемаю. Доўга працуючы, Монаган, адзін з багацейшых людзей у ЗША, стаў вядомым у асноўным з гэтай прычыны. У 1960 г. у 23 гады ён набыў першы рэстаран на тэрыторыі універсітэцкага кампуса ў Іпсіланці ў штаце Мічыган. За першы тыдзень ён зарабіў 99 даляраў. Гэта быў пачатак існавання найбольшай у свеце сеткі піцэрый «Domino's Pizza», якая ў 2000 г. налічвала 7000 рэстаранаў у 66 краінах, давала працу 120000 працаўнікоў і прыносіла 3.54 млрд. даляраў прыбытку. (Аб прыярытэтах паводле: http://pismofronda.pl/wp-content/uploads/2011/09/Fronda35.pdf)
Просім ласкі ўзрастання ў любові да Бога і людзей, няхай нашае жыццё апісвае правіла, якім жыў і якое абвяшчаў святы Павел: быць «усім для ўсіх».


Айцец Раман Шульц OP

Глядзіце яшчэ разважанні на  Пятую звычайную нядзелю, Год В:
айцец Крыштаф Коц’ян ОР ОР «Пільнае і важнае»

 

 

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла