Апавяданне пра перамогу

Шостая звычайная нядзеля, Год В (11.02.2018)

Вось прыйшоў да Яго пракажоны і, упаўшы на калені, прасіў Яго, кажучы: «Калі хочаш, можаш мяне ачысціць». Злітаваўшыся над ім, Ён працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў яму: «Хачу, будзь ачышчаны!» І адразу сышла з яго праказа, і ён стаў чысты. Езус сурова звярнуўся да Яго і зараз жа адправіў. І cказаў яму: «Глядзі, нікому нічога не кажы, але ідзі, пакажыся святару і прынясі ахвяру за сваё ачышчэнне, як загадаў Майсей, на сведчанне ім». Але той, выйшаўшы, пачаў шмат абвяшчаць і расказваць пра здарэнне, так што Езус не мог ужо адкрыта ўвайсці ў горад, а заставаўся звонку, у пустынных мясцінах. І прыходзілі да Яго адусюль.

(Мк 1, 40–45)

Апавяданне пра перамогу

Пачатак сённяшняга евангельскага ўрыўку ўражвае. Да Езуса прыходзіць пракажоны і абвяшчае Яго ўсемагутнасць. Усе сумненні адступаюць перад моцаю яго веры: «Калі хочаш, можаш мяне ачысціць». Езус пацвярджае веру пракажонага: «Хачу, будзь ачышчаны!». У гэтым аб’яўляюцца абсалютная свабода, усемагутнасць і дабро Пантакратара. Законы прыроды, здароўе і хвароба падлягаюць Ягонай волі.

Праз хвіліну атмасфера радыкальна змяняецца. Моцаю свайго аўтарытэту Езус загадвае пракажонаму: «Глядзі, нікому нічога не кажы, але ідзі, пакажыся святару». І што? Нічога. Пракажоны адразу пачынае шмат гаварыць, усім апавядаючы пра тое, што адбылося, усім, за выключэннем святара, паказваючы цуд, які з ім здарыўся. І гісторыя, якая пачалася з аб’яўлення ўсемагутнасці Езуса, завяршаецца апісаннем Яго бездапаможнасці. Езус не можа адкрыта ўвайсці ў горад, а мусіць заставацца ў пустынных мясцінах. Спачатку гэта здаецца дзіўным, але, калі задумацца, гэтая схема часта паўтараецца ў Евангеллі. Ад праслаўлення да паразы. Супраціўленне чалавечай свабоды і волі перад абліччам волі Божай не заўжды настолькі відавочнае, як у раі ці на Галгоце. Часам гэта выглядае зусім банальна, як у сённяшнім евангельскім урыўку. Пракажоны неабавязкова супраціўляўся Езусу свядома, проста пасля выздараўлення ён настолькі быў заняты самім сабою, што Езус сваім загадам ужо не мог нічога ад яго дабіцца.

Але Евангелле — гэта апавяданне не аб паразе, а аб перамозе. У канцы з’яўляецца не ганьба крыжа, а раніца Уваскрасення. Гэта дар, які жадае ахвяраваць нам Езус. Тут не ідзе гаворка толькі пра тое, што чакае нас пасля смерці. Езус ужо цяпер жадае дзейнічаць у нашым жыцці. Ён прагне, каб ласка Ягонага Уваскрасення перамяніла і нашую будзённасць. Але ад нас залежыць, што мы бачым: толькі поспех у прамінальных справах або крыніцу ласкі — Езуса, які жадае даць нам паўнату жыцця.


Айцец Крыштаф Коц’ян OP


Глядзіце яшчэ разважанні на Шостую звычайную нядзелю, Год В:

айцец Раман Шульц ОР «Божыя ўрокі»
айцец Крыштаф Коц’ян OP «Правіца Найвышэйшага»

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла