Думкі пра хрысціянскі фестываль «Дастукацца да нябёсаў» [+ фотарэпартаж]

Мяне ўвесь час не пакідала пачуццё, што зала ўжо замалая для канцэрта такога маштабу... Гэта я пра музычны хрысціянскі фестываль «Дастукацца да нябёсаў», які прайшоў у мінулую суботу ў Баранавічах. Штогод ён збірае нямала аматараў музыкі поп-рок кірунку, але колькасць гледачоў павялічваецца істотнымі тэмпамі: у мінулым годзе іх было каля 600, а сёлета — прыкладна 1000 чалавек! Яно і не дзіўна: задоўга да канцэрта арганізатары - кс. Павел Рудзьман і яго каманда - распачалі рэкламную кампанію ў сацсетках і ў парафіях.


Рэклама? Па-іншаму справы сёння не робяцца…

Так, на радасць ці на жаль, без рэкламы ў гэтых самых сацсетках сёння цяжка сабраць людзей на нейкае мерапрыемства. І арганізацыя DDN з’яўляецца таму пацвярджэннем: нам прыадкрылі «закуліссе» падрыхтоўкі да фестываля задоўга да яго пачатку і гэтым самым нарадзілі інтрыгу, цікавасць да гэтага мерапрыемства. Але мне хочацца задаць пытанне кожнаму з нас: ці запрасілі мы сваіх сяброў на канцэрт? Ці аб’явілі мы, напрыклад, сваёй універсітэцкай групе, што ў Баранавічах пройдзе добры фестываль і ўваход на яго бясплатны? А гэта ж - самая што ні ёсць евангелізацыя…

Не трэба здзіўляцца, што многія яшчэ не вераць у Бога. А хто ім пра Яго расказаў? А хто іх запрасіў на цікавыя хрысціянскія мерапрыемствы? Хто запрашае журналістаў свецкіх СМІ напісаць пра важныя падзеі ў жыцці Касцёла, каб яны расказалі пра іх усім астатнім? Сённяшні чалавек круціцца ў віры інфармацыі, а яму часам трэба паказаць духоўную альтэрнатыву.

Для Бога — усё самае лепшае

Хочацца нізка пакланіцца арганізатарам фестываля за ўзровень гуку, святла, за вядучага, конкурсы, майкі, налепкі ды нарэшце за каву на фестывалі. Але асобны дзякуй — за прамую трансляцыю канцэрта ў Youtube, а таксама за высокай якасці відэаздымку. Можна толькі здагадвацца, чаго варта было ўсё гэта арганізаваць, таму застаецца радавацца і быць удзячным Пану, што Ён знаходзіць актыўных «работнікаў» для свайго жніва, якія робяць важныя рэчы для сучаснай моладзі.

А чаму толькі для моладзі? Так, сапраўды, не толькі для моладзі ладзіцца фестываль. Я на ўласныя вочы бачыла, як горача пляскалі ў далоні мужчыны і жанчыны, якім «крыху за 40». Я сама і мае сябры адсылалі спасылкі на Youtube-трансляцыю сваім бацькам, якія дома таксама паглядзелі канцэрт.

 

Ну і асобна хочацца пагаварыць пра ўзровень музыкі. Сёлета выступалі гродзенскі гурт «OPEN», семінарыйны гурт «Подых Духа», баранавіцкі гурт на чале з кс. Паўлам Рудзьманам «The Crossway», пратэстанцкі гурт з Баранавічаў «NG Youth» і евангелізацыйны гурт «Рыбы». Па-першае, бачны рост усіх калектываў. Па-другое, нават калі хтосьці з выканаўцаў не вельмі падабаўся, то прынамсі было радасна, што яны ўсё роўна на ўзроўні. Вельмі спадзяюся, што музыканты не гоняцца за славай, а стараюцца прыгожа праслаўляць Бога, бо Ён варты ўсяго самага лепшага. Па-трэцяе, моладзі сапраўды падабаецца, што робяць каталіцкія гурты. Многія кажуць, што пампуюць сабе хрысціянскую музыку ў тэлефон і слухаюць яе з задавальненнем у навушніках. І мы ніколі не будзем ведаць, у які момант Бог дакранецца праз гэтую музыку да нашых сэрцаў, але прынамсі якасныя песні даюць магчымасць, каб гэта адбылося.

Які пасыл фестываля?

Напэўна, для сябе кожны адказвае на гэтае пытанне па-рознаму, але няма сумненняў, што ён патрэбны. Тут нават варта глянуць каментары гледачоў пад іх фота ў інстаграме:

— Цудоўны канцэрт… Столькі эмоцый, уражанняў! Зарад на ўвесь год. Дзякуй арганізатарам, кс. Паўлу за гэтую магчымасць у чарговы раз апынуцца ў гэтым цудоўным і такім ужо родным месцы.

— Як сказаў адзін мой сябар: «Калі сустракаеш Бога, ты не можаш уседзець на месцы, хочацца ісці танцаваць, спяваць…» А я, сустрэўшы Яго на DDN18, адчула ўнутры супакой, які так быў неабходны. Для кожнага на гэтым фестывалі, я думаю, Бог адкрыўся па-свойму. Неяк асабліва… Хвала Пану! І не сядзіце дома, а пры першай магчымасці едзьце туды, куды Бог кліча!

— Я рада таму, што ў маім жыцці ёсць Бог. Мне з Ім добра і лёгка, бо Ён заўсёды выслухае мяне і дапаможа ў цяжкую хвіліну. Я рада, што мы можам сабрацца на фестывалі DDN18 і праслаўляць Бога.

Са свайго боку я думала вось пра што. Ці варта столькі сілаў траціць на такія мерапрыемствы, калі можна патраціць іх на хворых, адзінокіх, на сіротаў? Складанае пытанне. Але думаю, што варта. Бо ці ж не з’яўляемся мы, здаровыя целам, сытыя, адзетыя, хворымі, адзінокімі душою? Вельмі часта можна сустрэць такіх людзей, нашмат часцей, чым мы думаем, бо хваробы душы нябачныя. Таму такія мерапрыемствы, якія выхоўваюць адзінства, спагаду, сяброўства, цеплыню ў адносінах адназначна патрэбныя. А потым гэтыя «напоўненыя» Божай любоўю людзі і стануць Яго рукамі і нагамі, якія будуць дапамагаць патрабуючым вакол людзям.

Думаю, вельмі важна таксама, каб на хрысціянскіх фестывалях музыканты давалі ўласныя шчырыя сведчанні. Пацвярджае гэта адна гісторыя, якую я пачула зусім нядаўна. Калі гурт «Рыбы» выступаў на хрысціянскім летніку «1517Fest», то Наталька, салістка гурта, дала сведчанне. І менавіта дзякуючы гэтаму сведчанню адзін малады чалавек вырашыў аддаць сваё жыццё ў рукі Езуса.

Можна доўга фантазіраваць, чаго хапала, а чаго не хапала на фестывалі «Дастукацца да нябёсаў», але дзякуй арганізатарам за тое, што падчас канцэрта была аб’яўлена магчымасць праз смс-паведамленне ахвяраваць пэўную суму грошай на будаўніцтва дома-інтэрната ў Гомелі.

У Беларусі з кожным годам павялічваецца колькасць ўсё больш якасных хрысціянскіх мерапрыемстваў, праектаў, ініцыятываў. Радуе, што ў Касцёле павышаецца іх ўзровень, што яны могуць зацікавіць і парадаваць сучасных хрысціянаў. Сёння ў Касцёле ўсё больш людзей хоча прымяняць свае здольнасці ў межах розных праектаў. Таму хочацца толькі сказаць: «Наперад! Далучайцеся да рознай дзейнасці як валанцёры і служыце бліжнім сваімі талентамі».


Вольга Качалка
Фота Данііла Ліцкевіча


 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла