«Дух павёў Яго ў пустыню…»

Першая нядзеля Вялікага посту, Год В (18.02.2018)

І адразу Дух павёў Яго ў пустыню. І быў Ён у пустыні сорак дзён, а сатана выпрабоўваў Яго; і быў Ён са звярамі, і анёлы служылі Яму. Пасля таго, як выдалі Яна, прыйшоў Езус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Божае і кажучы: «Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае; кайцеся і верце ў Евангелле».

(Мк 1, 12–15)

«Дух павёў Яго ў пустыню…»

Слова Божае, якое мы атрымліваем на пачатак Вялікапоснай дарогі кароткае, але якое ж глыбокае! Дух выводзіць Езуса ў пустыню. Што адбываецца на пустыні? Здаецца, нічога, але разам з тым і шмат чаго. Езус прабывае ў змаганні з д'яблам. Нездарма шмат людзей па прыкладзе Пана выходзіла ў пустыню, каб прыняць удзел у гэтай унутранай барацьбе і перамагчы моцаю Хрыста, моцаю Яго словаў, якімі Ён адказвае на напады спакушальніка ў апісаннях іншых евангелістаў. Пустыня — гэта месца, дзе чалавек можа разлічваць толькі на Бога, даверыцца Яму альбо загінуць. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова перачытаць гісторыю пра тое, як выбраны народ вандраваў праз пустыню і выпрабоўваў Бога замест таго, каб самому паддацца выпрабаванню. Ці трэба нам выходзіць у пустыню, каб адбылася гэтая барацьба? Дзе знайсці поле барацьбы са злым духам? Святы папа Леў Вялікі заклікае ў адным з казанняў: «Умілаваныя, хоць мы ўвесь час павінны жыць па-хрысціянску, цяпер трэба рабіць гэта больш рупліва і аддана, каб выканаць апостальскі звычай саракадзённага посту не толькі праз абмежаванне ў спажыванні ежы, але ў першую чаргу праз барацьбу з заганамі» (Літургія гадзінаў, Гадзіна чытанняў, с. 59). Трывае Вялікі Пост, а значыць — пустыня  навокал нас і ў нас саміх, а спакушальнік не спіць. Ці гатовыя мы да змагання і перамогі?


Айцец Павел Мажэйка ОР

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла