Перамяненне

Другая нядзеля Вялікага посту, Год В (25.02.2018)

Праз шэсць дзён узяў Езус Пятра, Якуба і Яна і асобна павёў іх адных на высокую гару, і перамяніўся перад імі. Адзенне Ягонае стала бліскучым і вельмі белым, як ніводзін валюшнік на зямлі не можа выбеліць. І з’явіўся ім Ілля з Майсеем, і размаўлялі з Езусам. Адазваўшыся, Пётр сказаў Езусу: «Раббі, добра нам тут быць, таму зробім тры шатры: Табе адзін, Майсею адзін і адзін Іллі». Бо не ведаў, што сказаць, таму што яны спалохаліся. І з’явілася воблака, якое закрыла іх, а з воблака пачуўся голас: «Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце». Адразу, калі яны агледзеліся навокал, ужо нікога не ўбачылі, толькі аднаго Езуса.

Калі сыходзілі з гары, Езус загадаў ім нікому не казаць, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне. Яны захавалі наказ, разважаючы між сабою, што значыць «уваскрэснуць».

(Мк 9, 2–10)

Перамяненне

Жыццё сучасных людзей змяняецца вельмі хутка. На працягу многіх стагоддзяў нашыя продкі не сутыкаліся з такой колькасцю пераменаў, якую давялося перажываць цяперашняму старэйшаму пакаленню: у дзяцінстве ім нават не снілася тое, без чаго сённяшнія дзеці і моладзь не могуць абыходзіцца… Ды толькі сама натура чалавечая застаецца нязменнаю; як і раней, яна абцяжараная першародным грахом, а ўмовы жыцця, на жаль, усё больш спрыяюць праяўленню грэшных схільнасцяў. Бо сам па сабе навукова-тэхнічны прагрэс без маральна-духоўнага развіцця чалавецтва можа прывесці, як бы парадаксальна гэта ні гучала, да заняпаду ўсёй тэхнакратычнай цывілізацыі. З аднаго боку, удасканаленыя тэхналогіі і аўтаматызацыя вытворчасці палягчаюць працу, але з іншага — вызваляюць шмат працоўных рук, што пагражае ростам беспрацоўя і яго натуральных вынікаў, такіх як дармаедства і яўная злачыннасць. Таму штучна ствараюцца непатрэбныя пасады, пад прыкрыццём «маркетынгу» распаўсюджваецца скрыты падман, а забеспячэнне росту прыбыткаў павялічваецца за кошт вытворчасці «смецця» — ад празмерных і дарагіх упаковак да нізкаякасных тавараў, якія спецыяльна разлічаныя на нядоўгі тэрмін службы. Якасць становіцца нявыгаднаю для вытворцаў, і яе адсутнасць змушае пакупнікоў ісці на новыя выдаткі, а дзеля гэтага трэба больш працаваць — і кола замыкаецца. Пры тэтым так і не навучыліся на 100% перапрацоўваць або хоць бы ўтылізаваць гэтае смецце без шкоды для навакольнага асяроддзя. Вось і «перамяняе» чалавек у вялікі сметнік, усё больш непрыдатны да жыцця, зямлю, дадзеную яму Богам, каб даглядаць і апрацоўваць яе… Таксама не трэба забывацца, што ў выпадку якой-небудзь катастрофы, калі ў вялікіх маштабах адключыцца электрычнасць, гэтага будзе дастаткова, каб перасталі працаваць усе жыццёва важныя сістэмы: ад вадаправодаў і халадзільнікаў да камп’ютарнай сеткі. У адно імгненне чалавецтва можа апынуцца ў дагістарычным стане, не прыстасаванае да жыцця ва ўмовах, якія яшчэ 100 гадоў таму былі звычайнымі для большасці жыхароў Зямлі.

Толькі вада, паветра і глеба цяпер больш атручаныя. І, здаецца, Бог не дапускае падобных катастрофаў толькі таму, што яшчэ знаходзяцца людзі, што ўсур’ёз успрымаюць словы Нябеснага Айца, якія прагучалі ў момант Перамянення Езуса Хрыста: «Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце». Але і тут можна запытацца: ці дастаткова ў нас гэтай паслухмянасці Божым запаведзям, ці не паддаемся мы часам духу гэтага звар’яцелага свету, які ім пярэчыць? Можа лічым, што пасля нас хоць патоп?

Вялікі пост прызначаны і для таго, каб мы хоць крыху больш навучыліся задумвацца пра наступствы сваіх учынкаў. І пачаць можна хаця б з такіх «дробязяў», як угрунтаванне звычкі выключаць за сабою святло або закрываць кран з вадою, калі не карыстаемся імі (у тым ліку тады, калі чысцім зубы ці мыем посуд), карыстацца шматразовымі торбамі замест аднаразовых пакетаў (якія таксама можна выкарыстоўваць не адзін раз), адэкватна ацэньваць свае ўласныя патрэбы, а таксама разумець, чым ашчаднасць адрозніваецца ад сквапнасці, а шчодрасць — ад марнатраўства. Гэтак мы наблізімся да выкаанння запаведзі любові да блжіняга, якая датычыць таксама і будучых пакаленняў, а значыць — зможам перамяняць уласныя душы паводле Божага ўпадабання, паляпшаць навакольны свет і ўгрунтуем надзею на вечнае прабыванне ў Боскім шчасці ў перамененых целах.


Айцец Міхал Ермашкевіч ОР

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла