Свята Хросту Пана, Год В (07.01.2018)
Ён прапаведаваў, кажучы: «Ідзе за мною Мацнейшы за мяне, якому я няварты, нахіліўшыся, развязаць раменьчык на Яго сандалях. Я хрысціў вас вадою, а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым».
У тыя дні прыйшоў Езус з Назарэта, што ў Галілеі, і быў ахрышчаны Янам у Ярдане. Адразу, калі выходзіў з вады, убачыў нябёсы раскрытыя і Духа, што як голуб, сыходзіў на Яго. І быў голас з нябёсаў: «Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я».
(Мк 1, 7–11)
«Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я»
Мы ведаем, што кожны ўчынак Пана Езуса з’яўляецца словам, якое Ён да нас прамаўляе, навучаючы нас прыкладам уласнага жыцця. Што жадае сказаць нам Езус у свята свайго хросту? Прыняць хрост — азначае падпарадкаваць сваё жыццё Богу і Яго волі, падпарадкаваць з ахвотаю і радасцю, «бо ведаю, у каго паверыў» (2 Цім 1, 12). Калі Бог бачыць у нас рашэнне наблізіцца да Яго ў сакрамэнце хросту, тады для нас адкрываюцца нябёсы. Бог Айцец адчыняе вокны і дзверы свайго Дому і працягвае рукі, каб прывітаць сваё дзіця. Каб дзіця адважылася звярнуцца да Айца, Ён пасылае голуба, Духа Святога, які адпускае грахі і прыносіць супакой у сэрца. Тады Айцец гаворыць: «Ты — маё ўмілаванае дзіця». Памятайма: усё, што адбылося падчас хросту Пана Езуса, адбываецца падчас кожнага хросту. Гэтак было і падчас майго і твайго хросту.
Той, хто быў ахрышчаны ў дзяцінстве, не ўсведамляў, у якой вялікай таямніцы прымае ўдзел. Сёння, ужо ў дарослым узросце, мы, тыя, хто свядома выбраў Езуса Гаспадаром свайго жыцця, разумеем важнасць гэтага моманту. А менавіта: Айцец адкрыў для нас неба, паслаў насустрач свайго Духа — Любоў, і ўчыніў кожнага з нас «другім Хрыстом», і ўсіх учыніў братамі і сёстрамі адзін для аднаго — вялікаю сям’ёю разам з Езусам. Было б занядбаннем, калі б мы гэтага не ўсведамлялі і забыліся пра гэта. Аднак досыць часта вернікі страчваюць гэтае ўсведамленне і ласку, звязаную з рэчаіснасцю хросту. Для нас натуральна адзначаць дзень народзінаў або імяніны, ладзіць святкаванні ва ўгодкі ўніверсітэцкага выпуску і г.д. А ці ведаем мы дату ўласнага хросту — падзеі, якая адкрыла нам брамы неба і Айцоўскую любоў? Ці праслаўляем мы пакорна Бога за гэты найцудоўнейшы прывілей: быць Божымі дзецьмі?
Якая ж вялікая памылка — адкідаць хрост і ўсё, з ім звязанае, знішчаць гэта праз грэх! Трэба памятаць, што грахі пыхі, нянавісці, нячыстасці, непаслухмянасці і кожны цяжкі грэх замыкаюць для нас неба. Тады замест голуба, Святога Духа, над намі з’яўляецца дух цемры. Замест голасу «Ты Сын Мой умілаваны» над намі, як змрок, рассцілаецца цяжкое сумнае маўчанне. Калі чалавек усведамляе, што знаходзіцца ў такім стане, няхай ён чым хутчэй «ахрысціцца нанова». Зразумела, не вадою, а пакутнымі слязамі, што пральюцца з яго ўласных вачэй. А калі мы баімся або саромеемся далучыцца да тых, хто каецца, узглянем на Хрыста: Ён дадае нам адвагі сваім уласным прыкладам.
Айцец Раман Шульц OP
Паводле: A. Faudenom, «Usłyszeliśmy słowo Pana»,
Wydawnictwo sióstr Loretanek, Warszawa 1989, s. 58-59
Глядзіце яшчэ разважанні на Свята Хросту Пана, Год В:
айцец Раман Шульц OP «Трымцець перад Божым абліччам»
айцец Крыштаф Коц'ян ОР «Паштоўка з прызнаннем»