Другая звычайная нядзеля, Год В (14.01.2018)
Самуэль спаў у святыні Пана, дзе знаходзіўся каўчэг запавету. І паклікаў Пан Самуэля, а той адказаў: «Вось я». І пабег да Элія, і сказаў: «Вось я, ты мяне клікаў». Элі адказаў: «Я не клікаў цябе, вярніся і спі». Ён пайшоў і лёг. Але Пан паклікаў зноў: «Самуэль!»
Устаў Самуэль і пайшоў да Элія, і сказаў: «Вось я, бо ты мяне клікаў». Той адказаў: «Я не клікаў цябе, сыне. Вярніся і спі». Самуэль яшчэ не пазнаў Пана, і слова Пана яшчэ не адкрылася яму. Тады Пан паўтарыў трэці раз свой заклік: «Самуэль!» Ён устаў і пайшоў да Элія, і сказаў: «Вось я, бо ты мяне клікаў». Элі зразумеў, што гэта Пан кліча хлопца. І сказаў Элі Самуэлю: «Ідзі спаць. А калі зноў цябе пакліча, адкажы: “Кажы, Пане, бо слухае слуга Твой”». Пайшоў Самуэль і лёг спаць на сваім месцы. Прыйшоў Пан і стаў, і паклікаў, як перад гэтым: «Самуэль, Самуэль!» Самуэль адказаў: «Кажы, бо слухае слуга Твой».
Самуэль рос, а Пан быў з ім. Не дазволіў Самуэль ніводнаму Яго слову ўпасці на зямлю.
(1 Сам 3, 3b–10. 19)
На другі дзень зноў стаяў Ян і двое з вучняў ягоных і, убачыўшы Езуса, які ішоў, сказаў: «Вось Баранак Божы». Пачулі двое вучняў яго, што ён казаў, і пайшлі за Езусам. А Езус, абярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць за Ім, кажа: «Чаго шукаеце?» Яны сказалі Яму: «Раббі (што азначае “настаўнік”), дзе жывеш?» Ён сказаў ім: «Ідзіце і ўбачыце». Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і засталіся ў Яго ў той дзень. Было каля дзесятай гадзіны.
Адным з двух, якія пачулі ад Яна пра Езуса і пайшлі за Ім, быў Андрэй, брат Сымона Пятра. Знайшоўшы спачатку брата свайго Сымона, сказаў яму: «Мы знайшлі Месію (гэта значыць Хрыста)». І прывёў яго да Езуса. Езус, глянуўшы на яго, сказаў: «Ты Сымон, сын Яна; ты будзеш названы Кефас», што азначае «Пётр», «скала».
(Ян 1, 35–42)
Не я, а Ён
Дагэтуль, разважаючы пра сцэну з сённяшняга евангельскага ўрыўка, я перадусім уяўляў Яна Хрысціцеля, які становіцца адзінокім. Папярэднік паказаў на Таго, хто павінен прыйсці. Ён — прарок, і ведае, што вучні пакінуць яго і пойдуць за Езусам: «Яму трэба ўзрастаць, а мне станавіцца меншым» (Ян 3, 30). Я памятаў пра словы Яна аб тым, што сябар Жаніха адчуе найбольшую радасць, але мне здавалася, што гэта радасць праз слёзы. Я затрымліваў увагу на прыгажосці асабістай ахвяры, складзенай на алтары справы збаўлення.
Гэтае мысленне ўва мне зламала сённяшняе першае чытанне. Па структуры яно падобнае да ўрыўку з Евангелля: Элі пазнае Бога ў голасе, які не дае Самуэлю спакойна спаць. Стары святар можа адчуваць зайздрасць, што Бог кліча не яго, а слугу, выразна паказваючы, што той будзе наступцам. Аднак Элі чыніць, як належыць вернаму Божаму слузе: распазнаўшы голас Пана, ён вучыць Самуэля, як трэба размаўляць з Ягвэ… Калі ідзе гаворка пра заклік Бога, не час, каб думаць пра чалавечыя амбіцыі.
Але галоўныя дзейныя асобы гэтай сцэны — не Элі, не Самуэль, найважнейшы тут — Бог, Ён дзейнічае. Узнікае пытанне: Чаму Бог кліча Самуэля так, што той Яго не разумее? Няўжо Усемагутны няздольны даць сабе рады без Элія?
Відавочна, Бог можа справіцца і без чалавека, але гэтаксама відавочна, што Ён гэтага не хоча. Сёння мы бачым не толькі сам момант паклікання Самуэля і Апосталаў, але і перадусім тое, што Бог чыніць у жыцці Элія і Яна. Іх місія не завяршаецца. Наадварот: Бог запрашае іх прыняць удзел у Ягоным Айцоўстве, каб яны сталі даўцамі Ягонай ласкі. Сапраўды, яны пакліканыя даць сябе ў дар, бо менавіта гэта азначае айцоўства. І перадусім яны становяцца здольныя прыняць дар еднасці з Богам.
Сённяшняе чытанне — гэта слова пра нашае пакліканне. Бог дзейнічае праз нас, прыпадабняе нас да сябе і вядзе да еднасці з Ім і з іншым чалавекам.
Айцец Крыштаф Коц’ян OP
Глядзіце яшчэ разважанні на Другую звычайную нядзелю, Год В:
айцец Тамаш Міка ОР «Дзе жывеш?»
айцец Павел Мажэйка ОР «Чаго шукаеце?»