«І адразу паклікаў іх…»

Трэцяя звычайная нядзеля, Год В (21.01.2018)

Пасля таго, як выдалі Яна, прыйшоў Езус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Божае і кажучы: «Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае; кайцеся і верце ў Евангелле».

Праходзячы каля Галілейскага мора, убачыў Сымона і Андрэя, брата Сымона, якія закідвалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбакамі. Езус сказаў ім: «Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас рыбакамі людзей». Яны, пакінуўшы сеткі, адразу пайшлі за Ім. Адышоўшы крыху далей, Ён убачыў Якуба Зэбэдэевага і Яна, брата ягонага, якія таксама былі ў чоўне і ладзілі сеткі. І адразу паклікаў іх. Яны, пакінуўшы бацьку свайго Зэбэдэя ў чоўне з работнікамі, пайшлі за Ім.

(Мк 1, 14–20)

«І адразу паклікаў іх…»

Голас паклікання — гэта гучыць неяк безасабова. Бо калі ёсць голас, то павінен быць хтосьці, каму гэты голас належыць. А калі хтосьці кліча, мы павінны на гэта адрэагаваць, адгукнуцца. Голас належыць Езусу, а кліча Ён кожнага чалавека. Здараецца, што хтосьці чуе гэты голас у душы асабліва выразна. Гучыць ён як запрашэнне пайсці за Хрыстом, служыць Яму ўсё жыццё. У нашыя часы, калі мы прагнем сапраўднага (сапраўдных адносінаў, сяброў, любові...), а выбіраем сапраўднае не заўсёды, можа ўзнікнуць пытанне, як не памыліцца з пакліканнем, як распазнаць голас Хрыста сярод іншых галасоў свету. Калі хочаш пачуць, калі будзеш слухаць і шукаць — тады знойдзеш. У гэтым пераконвае нас нядзельнае Божае Слова. Сымон і Андрэй, Якуб і Ян, пачуўшы Хрыста, адразу пакінулі свой занятак, сваіх родных і пайшлі за Езусам. Няма аніводнага радка, які б паказаў, што яны вагаюцца або сумняваюцца, ці варта пайсці за Хрыстом. Калі кліча Езус, як можна адмовіць? Ён дае чалавеку свабоду выбару.  Але як можна вагацца, выбіраючы паміж нечым добрым і Тым, хто сам ёсць Дабром?

Кожны чалавек пакліканы да таго, каб ісці за Езусам, як святар, законніца, брат, сястра, муж, жонка, і наогул — як чалавек, як Божае стварэнне. Ці змагу я адарвацца ад сваіх справаў і прысвяціць Яму час, у многім залежыць ад мяне, але не варта чакаць з адказам, бо Хрыстус ідзе далей.


Айцец Павел Мажэйка OP

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла