«…і яны слухаюцца Яго»

Чацвёртая звычайная нядзеля, Год В (28.01.2018)

Калі прыйшлі ў Кафарнаум, Ён адразу ў шабат увайшоў у сінагогу і навучаў. І здзіўляліся вучэнню Ягонаму, бо Ён вучыў іх як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі. Быў тады ў сінагозе чалавек, апанаваны нячыстым духам, які закрычаў: «Што Табе да нас, Езус Назаранін? Ты прыйшоў загубіць нас? Я ведаю Цябе, хто Ты: Святы Божы». Але Езус забараніў яму, кажучы: «Змоўкні і выйдзі з яго!» Тады нячысты дух, скалануўшы яго і закрычаўшы моцным голасам, выйшаў з яго. І спужаліся ўсе так, што пыталіся адзін у аднаго, кажучы: «Што гэта? Новае вучэнне з моцаю; Ён загадвае нават нячыстым духам, і яны слухаюцца Яго». І хутка разышлася пра Яго чутка па ўсёй ваколіцы Галілеі.

(Мк 1, 21–28)

«…і яны слухаюцца Яго»

Калі звычайны чалавек уступае ў размову са злым духам, нічым добрым гэты дыялог не заканчваецца. Дастаткова ўзгадаць, чым скончылася самая першая ў гісторыі такая размова. У выніку яе ўсё чалавецтва апынулася пад уладаю непрыяцеля, страціўшы сувязь з Нябесным Айцом. Д’ябал пасеяў у сэрцах недавер да Бога, паабяцаўшы людзям, што яны хутка і лёгка дасягнуць таго, да чаго яшчэ не былі гатовыя. І ўзамен абяцаных дабротаў у свет увайшлі зло, цярпенні, хваробы, смерць…

Таму трэба асцерагацца не толькі непасрэдных зваротаў да дэманаў і зацікаўленасці цёмнымі моцамі (нават у жартах і дзеля забавы), але і ўсяго таго, што абяцае нейкае дабро без Бога, у абыход Ягонай навукі: гэты метад нячыстага, выпрабаваны на першых людзях, застаецца па сутнасці такім самым на працягу ўсяго існавання свету. Але звычайная логіка падказвае нам: немагчыма даць іншым тое, чым сам не валодаеш. Дык якім чынам д’ябал, страціўшы праз сваю ганарыстасць і непаслухмянасць усё добрае, што меў ад адзінай крыніцы дабра, можа даць яго людзям? Таму вырашэння сваіх праблемаў і адказу на ўсе складаныя пытанні трэба шукаць не ў няпэўных крыніцах ці ў сумнеўных «збавіцеляў» і саматужных «лекараў», а ў святых кнігах, прызнаных Касцёлам, у яго сакрамэнтах.

На жаль, як і першыя людзі, сучасны чалавек хоча атрымаць усё і адразу, таму так хутка паддаецца абяцанням лёгкага шчасця, поспеху, здароўя, багацця… Паўбяды, калі пры гэтым страчваецца нешта матэрыяльнае. Горш за ўсё, трапіўшы ў пастку злога духа, згубіць душу і апынуцца ў яго вечнай няволі. Жудасць гэтай рэчаіснасці дэманструюць выпадкі апантанасці, калі чалавек перастае валодаць сабою і нячысты пачынае непасрэдна ім кіраваць, прычыняючы страшэнныя духоўныя і фізічныя пакуты. У большасці выпадкаў прычынаю гэтага стану з’яўляецца зварот да чараў, варажбы ці проста грэшнае жыццё, якое адкрывае душу не для Божай ласкі, а для дэманічных сілаў.

Аднак часам Бог можа дапусціць цяжкі крыж апантанасці і без уласнай віны чалавека, каб з’явіць сваю моц, паказаць, што Ён адзіны з’яўляецца сапраўдным гаспадаром свету, а не злы дух, які хоча нас пераканаць у сваёй магутнасці. Збаўца можа прыняць гэтую ахвяру некаторых выбраных і канчаткова вызваліць іх ад д’ябла, каб умацаваць у іншых веру ў перамогу Уцелаўлёнага Слова, Уваскрослага Богачалавека над злом ва ўсіх яго праявах. Толькі той, хто ў Імя Езуса, перад якім дрыжыць пекла, і Яго Боскай моцай змагаецца са злым духам, адводзячы адзінаму Пераможцу галоўнае месца ў сваім жыцці, можа годна выстаяць у гэтым змаганні і мець права раздзяліць з Хрыстом вянок перамогі ў вечнасці. 

Айцец Міхал Ермашкевіч OP

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней