Чацвёрты кароль

ІІ нядзеля пасля Нараджэння Пана, урачыстасць Аб’яўлення Пана, год С (06.01.2019)

Калі Езус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім у дні караля Ірада, прыбылі ў Ерузалем мудрацы з усходу, кажучы: «Дзе народжаны Кароль юдэйскі? Мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму». Пачуўшы гэта, кароль Ірад занепакоіўся, і ўвесь Ерузалем з ім. Ён сабраў усіх першасвятароў і кніжнікаў народу і пытаўся ў іх, дзе мае нарадзіцца Хрыстус. Яны сказалі яму: «У Бэтлееме Юдэйскім, бо так напісана прарокам:

“І ты, Бэтлеем, зямля Юды,
нічым не меншы сярод гарадоў Юды,
бо з цябе выйдзе Правадыр,
які будзе пасвіць народ Мой, Ізраэля”».

Тады Ірад, патаемна паклікаўшы мудрацоў, выведаў у іх пра час з’яўлення зоркі. Паслаўшы іх у Бэтлеем, сказаў: «Ідзіце і дакладна разведайце пра Дзіця; калі знойдзеце, паведаміце мне, каб і я пайшоў пакланіцца Яму».

Яны ж, выслухаўшы караля, пайшлі. А зорка, якую бачылі на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, не спынілася над месцам, дзе было Дзіця. Убачыўшы зорку, яны вельмі ўзрадаваліся. Калі ўвайшлі ў дом, убачылі Дзіця з Марыяй, Маці Яго. Упаўшы, пакланіліся Яму і, адчыніўшы скарбніцы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, кадзіла і міра. Атрымаўшы ў сне наказ не вяртацца да Ірада, адышлі ў сваю краіну іншай дарогай.

(Мц 2, 1–12)

Чацвёрты кароль

Нядаўна, у гэтыя святочныя дні ў перыяд Божага Нараджэння я паглядзеў стары фільм пра чацвёртага караля. Ён быў доктарам і, спазніўшыся, не пайшоў разам з Каспарам, Мельхіёрам і Бальтазарам шукаць нованароджанага Месію. Перад тым, як вырушыць у падарожжа, ён прадаў усю сваю маёмасць за некалькі вельмі дарагіх каштоўных камянёў: сапфір, рубін і дасканалую пярліну, якія хацеў падараваць Месіі. Пасля гэтага кароль пайшоў сваёю дарогаю, шукаючы Таго, пра Каго гаварылі прароцтвы і зорка. Па дарозе ён сустрэў хворага і вырашыў дапамагчы яму. Слуга, які спадарожнічаў каралю, адгаворваў гаспадара дапамагаць іншым, бо гэта затрымка ў дарозе да мэты. Аказаўшы дапамогу хвораму, які благаславіў іх за падтрымку, гаспадар і слуга пайшлі далей і праз нейкі час дабраліся да Бэтлеема.

Там яны ўжо не сустрэлі малога Месію, але ўбачылі жаўнераў Ірада, якія забівалі нявінных дзяцей. Выкарыстаўшы адзін з каштоўных камянёў, прызначаных для Месіі, кароль змог падкупіць жаўнера і выратаваць аднаго з немаўлятаў. Вырушыўшы далей у сваіх пошуках, ён мусіў прадаць яшчэ адзін камень і набыць вярблюдаў і ўсё патрэбнае ў далёкі невядомы шлях. У дарозе на іх напалі рабаўнікі і ўсё скралі. Аказалася, што недалёка было паселішча, дзе жылі жабракі і пракажоныя, некаторыя з якіх займаліся рабаўніцтвам. За дапамогу сляпому хвораму хлопцу каралю вярнулі скрадзеную пярліну, якую ён нёс Месіі. Аднак у паселішчы заставалася яшчэ вельмі шмат хворых, якім была патрэбная дапамога лекара. Таму кароль вырашыў застацца там яшчэ на дзень, каб дапамагчы ім. Але патрэба ў яго паслугах была такою вялікаю, што ён затрымаўся ў паселішчы надоўга, каб дапамагчы яго ўбогім жыхарам, бо быў упэўнены, што Месія яго пачакае. У рэшце рэшт ён правёў там каля трыццаці гадоў. Ён апекаваўся беднымі, навучыў іх працаваць на зямлі, так што паселішча стала багацець пладамі і збожжам і радаваць беднякоў. Кароль стаў адным з іх.

І аднойчы ён пачуў навіну, што ў Ерузалеме, недалёка адтуль, знаходзіўся Езус з Назарэту, які вярнуў зрок сляпому з іх паселішча. Ужо стары, слабы і змучаны чацвёрты кароль накіраваўся ў Ерузалем, каб сустрэцца з Езусам. Там ён убачыў, як Езус нёс крыж, і стаў сведкам таго, як жаўнеры зняволілі маладую жанчыну за даўгі яе бацькі. Апошні з дароў, прызначаных для Месіі, каштоўную пярліну, кароль аддаў жаўнерам, каб яны адпусцілі жанчыну. Здалёк кароль убачыў, як Езус быў укрыжаваны, і пачуў апошнія Яго словы на крыжы. Праз некалькі дзён, разам са слугою пакідаючы Ерузалем, ён адчуў вялікую слабасць і затрымаўся, каб набрацца сілаў для падарожжа. Тады яму аб’явіўся Уваскрослы Езус. Кароль распавёў Яму, як доўга Яго шукаў і нёс Яму дары, але цяпер ужо не мае нічога, каб падарыць Месіі. Тады Уваскрослы сказаў, што менавіта ён, чацвёрты кароль, даў Яму есці і піць, апрануў Яго і прыняў у свой дом. Кароль жа адказаў, што ўпершыню бачыць Езуса. Тады Хрыстус сказаў, што ўсё, зробленае для бліжніх, кароль зрабіў для Яго, і Ён атрымаў каштоўныя дары. Тады чацвёрты кароль узрадаваўся, што каштоўныя камяні трапілі да Хрыста і што ўсё ягонае жыццё было служэннем Месіі і Валадару. Гэтая размова з Езусам завяршае фільм, і чацвёрты кароль памірае.

Фільм мае арыгінальны сцэнар, але яго фабула вельмі блізкая да Евангелля, якое нагадвае нам, што Бог аб’явіўся ў чалавечым целе, каб адкупіць нас, навучыць, як жыць і як любіць Бога і бліжняга. Любоў да бліжніх — гэта доказ таго, што Месія, Езус з’яўляецца Гаспадаром нашага жыцця. Будзем жа пасля сапраўднай сустрэчы з Ім, аддаўшы Яму свае дары і пакланіўшыся Яму, вяртацца, як тры каралі, іншаю дарогаю, дарогаю сапраўднай любові да бліжняга.

Айцец Раман Шульц ОР


Глядзіце яшчэ разважанні на ІІ нядзеля пасля Нараджэння Пана:

Глядзіце яшчэ разважанні на урачыстасць Аб’яўлення Пана:

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла