Musica Sacra. Гісторыя дзвюх не зусім калядак

Перыяд Божага Нараджэння, як мне здаецца, — вельмі кароткі, і не выходзіць уволю паспяваць улюбёныя калядкі. Шкада, што цяпер традыцыя калядаванняў і батлеечных спектакляў у нас ужо не вельмі распаўсюджаная, але радасна, што яна паціху адраджаецца, і час ад часу можна сустрэць на вуліцы калядоўшчыкаў з зоркаю і паспяваць з імі «Зямля і неба» або «Радасная вестка».


Песень пра Хрыстовае Нараджэнне вельмі шмат, напэўна, больш, чым усіх астатніх рэлігійных твораў, і кожны год з’яўляюцца новыя! Большасць калядак — народныя, але ёсць і аўтарскія, як, напрыклад, «Ціхая ноч». Многія калядкі, накшталт «Gaudete» або «Adeste fideles» вядомыя ва ўсім свеце, спяваюцца на дзясятках моваў, але ў кожнай культуры ёсць і свае аўтэнтычныя калядныя спевы, якія людзі ведаюць і з радасцю спяваюць у гэты час. Цяжка прасачыць, калі і як узнікаюць і жывуць у народзе спевы: некаторыя з іх, несумненна, вельмі старажытныя, ім ужо не адно стагоддзе. Але час ад часу здараюцца вельмі цікавыя гісторыі. Дзве з іх я вам зараз распавяду.

Адна з найвядомейшых і самых папулярных калядак у свеце — гэта «Carol of the bells» («Калядка званочкаў»), якая насамрэч… зусім не калядка!

Напэўна, старажытная песня-шчадроўка з назваю «Щедрик», так і засталася б мала каму вядомаю, апроч спецыялістаў-музыказнаўцаў, калі б не Мікалай Леантовіч (1877–1921), вядомы ўкраінскі кампазітар, дырыжор і выкладчык. Ён знайшоў песню ў нейкай анталогіі фальклору, але цалкам магчыма, што мелодыя была знаёмая яму з дзяцінства. «Щедрик» — вельмі старажытны спеў, пра што сведчаць асаблівасці мелодыі і тэксту. Імаверна, што ён з’явіўся яшчэ ў дахрысціянскія часы. Гэта шчадроўка — спяванае пажаданне дабрабыту і шчасця гаспадару дома, якое выконвалася перад пачаткам новага года, што спачатку святкаваўся старажытнымі славянамі ўвесну. З распаўсюджаннем хрысціянства і зменаю календара, калі надыход новага году сталі адзначаць зімою, традыцыя шчадравання (падобная да калядавання) захавалася ў Шчодры вечар, апошні перад пачаткам года, і дапоўнілася спяваннем калядных песень, прысвечаных нараджэнню Хрыста. Але тэкст шчадроўкі з цягам часу застаўся нязменным. Нам, беларусам, няцяжка будзе яго зразумець:

Щедрик, щедрик, щедрівочка,
Прилетіла ластівочка,
Стала собі щебетати,
Господаря викликати:
«Вийди, вийди, господарю,
Подивися на кошару,
Там овечки покотились,
А ягнички народились.
В тебе товар весь хороший,
Будеш мати мірку грошей,
Хоч не гроші, то полова,
В тебе жінка чорноброва.»
Щедрик, щедрик, щедрівочка,
Прилетіла ластівочка.

Захаваўся першы запіс шчадроўкі ў апрацоўцы Леантовіча, зроблены ў 1922 годзе:

Як бачыце, ні слова пра Хрыста, а па словах «прыляцела ластавачка» зразумела, што песня — вясновая! Як жа яна ператварылася ў калядную?

Можна сказаць, што «Щедрик» стаў працаю ўсяго жыцця Мікалая Леантовіча: у 1901–1919 гг. кампазітар стварыў 5 рэдакцый нотнага тэксту і апроч таго апрацоўкі для змяшанага, жаночага, дзіцячага хору. Твор прынёс Леантовічу неімаверную папулярнасць, яго адразу сталі паўсюдна выконваць. Не дзіва, што калі ў 1919 г. Украінская капэла пад кіраўніцтвам дырыжора Аляксандра Кошыца выправілася на гастролі ў Еўропу і ЗША, у іх рэпертуары быў «Щедрик». Упершыню ў ЗША твор прагучаў 5 кастрычніка 1921 г., на канцэрце ў Нью-Ёркскім «Карнэгі-Холе». Гэта быў ашаламляльны поспех: нечуваная гісторыя, каб амерыканцам так палюбілася народная песня з далёкай заакіянскай краіны, што яна стала найвядомейшым калядным гімнам! Хутка мелодыя атрымала іншы тэкст, ужо на тэму Божага Нараджэння. Па-англійску песню перастварыў Пітэр Вільхоўскі (або Выгоўскі), супрацоўнік радыё NBC у 1936 годзе. Яму падалося, што мелодыя нагадвае перазвон званочкаў, і гэта натхніла яго на тэкст:

Carol of the Bells

Hark how the bells, sweet silver bells,
all seem to say, throw cares away.
Christmas is here, bringing good cheer,
to young and old, meek and the bold,
Ding dong ding dong that is their song
with joyful ring all caroling.
One seems to hear words of good cheer
from everywhere filling the air.
Oh how they pound, raising the sound,
o’er hill and dale, telling their tale,
Gaily they ring while people sing
songs of good cheer, Christmas is here,
Merry, merry, merry, merry Christmas,
Merry, merry, merry, merry Christmas,
On on they send, on without end,
their joyful tone to every home
Din don din… don!

Калядка званочкаў

Паслухайце, як званочкі, срэбныя званочкі
кажуць, здаецца: забудзься пра свой клопат і трывогі,
Божае Нараджэнне прыйшло, прынясло радасць і суцяшэнне
маладым і старым, пакорным і дзёрзкім.
Дзінь-дон, дзінь-дон — вось іх песня,
радасным звонам яны славяць Хрыста.
Здаецца, што словы радасці
гучаць паўсюль, напаўняючы паветра.
Як жа звіняць яны, усё грамчэй і грамчэй,
па ўзгорках і далінах, абвяшчаючы навіну,
яны весела звіняць, а людзі спяваюць
песні радасці і суцяшэння, бо прыйшло Божае Нараджэнне.
Шчаслівага, шчаслівага Раства!
Шчаслівага, шчаслівага Раства!
Усё далей і далей разносіцца гук, не спыняючыся,
Радасны звон у кожным доме:
Дзінь-дон, дзінь… дон!

Цудоўны спеў атрымаўся, не дзіва, што яго так палюбілі спачатку ў ЗША, а пасля і па ўсім свеце! Прапануем вам некалькі выкананняў «Калядкі званочкаў» у розных апрацоўках.

Адно з маіх самых любімых, самых чароўных выкананняў належыць хору хлопчыкаў Libera:

Вельмі цікавая апрацоўка спеву амерыканскім акапэла-гуртом Vocative:

Вось інструментальная апрацоўка «Carol of the Bells» для 12 віяланчэляў. У гэтым творы таленавітых The Piano Guys можна пазнаць і іншыя калядныя мелодыі.

Яшчэ адно вельмі кранальнае інструментальнае выкананне належыць музыкантам Windham Hill Records:

Немагчыма абмінуць звышпапулярную апрацоўку песні гуртом Pentatonix з іх каляднага альбома:

Цяпер давайце звернемся да беларускай фальклорнай традыцыі. У нас вядома мноства вельмі прыгожых калядных спеваў, не сумняюся, што кожны вернік, асабліва не думаючы, зможа заспяваць дзве-тры сваіх самых любімых калядкі. Але я хачу распавесці пра адну зусім забытую. Дакладней сказаць, гэтую песню ведаюць усе, гэта адзін з найпапулярнейшых прыкладаў беларускага фальклору, але зусім забыты менавіта як калядны спеў. Не здзіўляйцеся, я кажу пра «Саўку ды Грышку».

Калі праўда, я ніколі не разумела зместу гэтай песні: музыкі пачынаюць граць вясёлую песню, і так гучна чуваць іх скокі і песні, што нейкі стары дзед выбягае, каб паскардзіцца, што яны, недарэкі, разбудзілі малое дзіця. Што да чаго? Сапраўдныя народныя песні такімі не бываюць. Але калі вярнуцца да аўтэнтычнага тэксту, усё становіцца на сваё месца: Саўка ды Грышка — гэта вясёлыя калядоўшчыкі, якія, разыграўшыся, могуць разбудзіць… маленькага Езуса, а спяваць цішэй іх просіць … сам святы Юзаф!

Саўка ды Грышка (тэкст Янкі Купалы)

Саўка ды Грышка ладзілі дуду
Павесяліцца ды прагнаць нуду.
Ду-ду-ду, ду-ду-ду, ды прагнаць нуду.
Як разышліся музыкі, гу-га!
Згінула гора, згінула туга.
У-га-га, у-га-га, згінула туга.
Дзедка старэнькі, ёмкі ўзяўшы жмут,
Кіем на дзверы паказаў ім тут.
Ту-ту-ту, ту-ту-ту, паказаў ім тут.
Вы сабе дуйце сваё го-ца-ца,
Толькі не страшце малога хлапца.
Го-ца-ца, го-ца-ца, малога хлапца.

Саўка ды Грышка (аўтэнтычны тэкст)

Саўка ды Грышка ладзілі дуду,
Павесяліцца з ёй на Каляду.
Ду-ду-ду, ду-ду-ду, з ёй на Каляду.
Як разышліся музыкі, гу-га!
Згінула гора, згінула туга.
У-га-га, у-га-га, згінула туга.
Дзедка старэнькі, ёмкі ўзяўшы жмут,
Кіем на дзверы паказаў ім тут.
Ту-ту-ту, ту-ту-ту, паказаў ім тут.
Вы сабе дуйце сваё го-ца-ца,
Толькі не страшце Езуса-хлапца.
Го-ца-ца, го-ца-ца, Езуса-хлапца

Народны рэлігійны тэкст у 20-х гадах мінулага стагоддзя перарабіў Янка Купала, каб улюбёны спеў можна было працягваць спяваць у далёкай ад рэлігіі БССР. Можна абурацца з гэтай прычыны, аднак новае жыццё песні з купалаўскім тэкстам дазволіла ёй не быць забытаю, а беларускія (і не толькі) музыкаі стварылі цудоўныя яе апрацоўкі.

Самая вядомая, напэўна, належыць «Песнярам», гучыць як сапраўдная вясёлая калядка:

«Саўка ды Грышка» у апрацоўцы Андрэя Саўрыцкага ў выкананні беларускага камернага хору Salutaris:

А вось як гучыць спеў з аўтэнтычным тэкстам у выкананні Багдана Андрусішына (Данчыка):

Будзе цудоўна, калі на Раство вясёлы спеў «Саўка ды Грышка» загучыць у выкананні сучасных калядоўшчыкаў так, як гучаў некалі даўно з вуснаў тых, хто хадзіў па вёсках і мястэчках, славячы нараджэнне Хрыста.


Юлія Шэдзько
Ілюстрацыя: Ісаак Левітан «Деревня. Зима»

 

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла