Прэмію «За духоўнае адраджэнне» ўручылі за пераклад Новага Запавету на беларускую мову

9 студзеня ў Мінску была ўручана прэмія «За духоўнае адраджэнне». Па выніках 2018 г. сярод лаўрэатаў прэміі — Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла камісіі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі за пераклад з арыгінальных моваў і выданне кніг Новага Запавету на беларускай мове.


Як паведамляе партал Catholic.by, прадстаўнікі Касцёла на Беларусі ўжо ў шосты раз атрымалі прэстыжную ўзнагароду ад кіраўніка дзяржавы. У 2005 г. пробашч парафіі св. Ганны ў в. Мосар кс. Ёзас Булька стаў першым беларускім каталіцкім святаром, узнагароджаным прэміяй «За духоўнае адраджэнне». Гэтай прэміяй у розныя гады былі таксама адзначаны і іншыя прадстаўнікі мясцовага Касцёла: біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін (2006 г.), рэжысёр Юрый Гарулёў (2006 г.), дырэктар віцебскага аддзялення Caritas Віталій Кульпекша (2013), пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Росіцы кс. Чэслаў Курэчка МІС (2016 г.).

Прэмія «За духоўнае адраджэнне» была заснавана ў 1997 годзе. Яна прысуджаецца штогод за выдатныя творы літаратуры і мастацтва і (або) актыўную дзейнасць у гуманітарнай галіне, якая садзейнічае захаванню і прымнажэнню нацыянальнага культурнага здабытку, выхаванню ў моладзі любові да Айчыны, сцвярджэнню духоўных каштоўнасцей і мастацка-маральных традыцый, ідэй чалавекалюбства, дабрачыннасці і міласэрнасці.

Сёлета прэмія была прысуджана і калектыву Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы таксама за пераклад з арыгінальных моваў і выданне кніг Новага Запавету на беларускай мове і іншым калектывам за культурную і дабрачынную дзейнасць.

Калектыў часопіса «Ave Maria», «Наша вера» і выдавецтва «Pro Christo» віншуе Секцыю па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла камісіі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з атрыманнем прэміі «За духоўнае адраджэнне» і жадае далейшай плённай і благаслаўлёнай працы! А таксама мы віншуем нашых супрацоўнікаў Алега Глекава і Эльвіру Палінеўскую, якія ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы выдання Новага Запавету па-беларуску. Няхай Маці Божая апякуецца Вамі на шляху служэння Богу і людзям!

 

 

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла