Топ-7 хрысціянскіх youtube-каналаў, якія хочацца глядзець. Частка 1

З 18 па 25 студзеня 2019 года католікі ўсяго свету моляцца аб еднасці хрысціянаў. У многіх парафіях праходзяць экуменічныя сустрэчы; хтосьці, можа, запрашае свайго праваслаўнага сябра на супольны Ружанец, а хтосьці ідзе на малітву праслаўлення да братоў пратэстантаў. Мы ж, асабліва ў гэтыя, дні хочам падзяліцца з вамі актуальным, якасным і карысным хрысціянскім youtube- кантэнтам.


«Вера в большом городе»

— канал пра веруючых людзей, якія жывуць у сучасным мегаполісе і здзяйсняюць розныя цудоўныя справы. Гэта праект пра людзей, для якіх не існуе супярэчнасці паміж вераю і іх свецкімі штодзённымі заняткамі.

Усё ж файлы cookie бываюць вельмі карыснымі памочнікамі. «Прааналізаваўшы» мае зацікаўленні, яшчэ летам Youtube прапанаваў мне першыя выпускі гэтага праекта. Я ж моцна супраціўлялася: і «недарэчным» прапановам, і праваслаўнаму кантэнту. Кожны раз, адкрываючы Youtube, я бачыла акенца з відэа, і нарэшце здалася. «Што? — была мая першая рэакцыя. — Вядучая — Валерыя Германіка?» Памятаю, як на тэлевізійных экранах з’явіўся яе серыял «Школа», ды і сама Валерыя выглядала тады вельмі «каларытна»: ногі на стале, паголеныя скроні, гоцкае адзенне, але галоўнае — у маёй памяці яна засталася разгубленай, «цёмнай», без усмешкі.

І вось цяпер яна — вядучая праваслаўнага праекта. Гэта быў першы сюрпрыз. Другі — гэта пытанні: не заўсёды тактоўныя, не заўсёды «ёмкія», але такія, якія, як казала сама Валерыя, дапамагаюць «чалавеку з метро» зразумець хрысціянства. Трэцяя неспадзяванка — гэта госці (часцей за ўсё — знакамітасці ці манаскія асобы) і тое, наколькі размовы з імі прасякнуты жыццём: паспяваюць пагаварыць і пра святых Айцоў, і пра гадзіннік Патрыярха, і пра адзінокіх маці, і пра неафітаў.

Калі змянілася вядучая праекта і яго пачала весці Тутта Ларсен, змяніўся і накірунак інтэрв’ю. Яе героі — гэта ў асноўным ініцыятары розных сацыяльных і царкоўных праектаў. У размовах з імі — пытанні пра жыццё, пра пачуцці, пра веру і пра тое, як сумяшчаць яе з актыўным ладам жыцця, з папулярнасцю і поспехам. «Вера в большом городе» вучыць мяне адкрыта задаваць сабе (а варта, можа, і не толькі сабе) складаныя, няёмкія пытанні. На мой погляд, у інтэрнэт-прасторы Касцёла ў Беларусі гэтага не хапае.

«Jola Szymańska»

—  відэаблог польскай журналісткі, каталічкі і маладой жонкі.

;t

Для мяне галоўнае — што яна не баіцца. Хачу вучыцца ад яе быць мужнай у выказванні свайго меркавання, паважаць свае пачуцці, любіць жыццё, адказнае, дарослае жыццё. Яшчэ студэнткай юрыдычнага факультэта яна пачала весці блог «Hipster katoliczka»: пісала фельетоны, здымала інтэрв’ю i, з’яўляючыся ў публічнай прасторы інтэрната, вучылася  мірыцца з існаваннем так званых «хейтэраў».

Цяпер Ёля — журналістка аднаго з самых буйных хрысціянскіх парталаў у свеце Aleteia. Яна працягвае весці свой влог, але з рамак «Хіпстэр каталічкі» ужо вырасла, і цяпер яе Youtube-канал называецца проста Jola Szymańska. Маштаб яе асобы і тэмаў, якія яна здольная ўздымаць, нашмат шырэйшы, чым толькі нешта моладзевае, лёгка-каталіцкае. Хаця і ад гэтага яна не адмаўляецца. Ёля — перш за ўсё, чалавек, жанчына, таму не цураецца расказаць пра дарагія акуляры, касметыку, прачытаныя кніжкі ці просты шпацыр. Некаторыя свае відэа яна прысвячае проста таму, каб падзяліцца з гледачамі сваімі думкамі пра жыццё, веру, кар’еру, пачуцці, дзяцінства, сям’ю, пры гэтым ніколі не прэтэндуючы на аб’ектыўнасць. Апошнім часам Ёля закранае ў сваіх влогах вельмі сур’ёзныя пытанні, з якімі сутыкаецца Каталіцкі Касцёл.

А нядаўна разам з Aleteia.pl яна выпусціла серыю відэа пад назваю «Pogromcy KatoMitów» («Разбуральнікі КатаЛегендаў»). Хрысціянства многіх з нас зранена прымхамі, страхам і абсурднымі вераваннямі, якія, на жаль, часта паходзяць з сям’і, з катэхезаў ці нараджаюцца ў выніку словаў, пачутых з амбоны ці ў канфесіянале. На падставе рэальных гісторыяў людзей Ёля разам са святарамі намагаецца дашукацца праўды.

«Служение Александра Шевченко»

— канал, на якім сабраныя ўсе лекцыі, пропаведзі, канферэнцыі і служэнні з удзелам гэтага пастара. Увага: тут шмат слова Божага!

Пра Аляксандра Шаўчэнку я даведалася раней, чым пра тое, што ён пратэстанцкі пастар, муж, бацька, які займаецца прапаведваннем Евангелля сярод славянскіх народаў па ўсім свеце. Усё пачалося з праграмы «Угол». Кожная з іх — гэта сведчанне людзей пра тое, як у іх жыццё ўвайшоў Хрыстус. Я, выхаваная на расійскіх праграмах Малахава і Нагіева, памятаю, як мяне тады здзівіла ўражлівасць, чуласць Аляксандра. Але ў слязах, якія даволі часта з’яўляліся на яго вачах, я бачыла не проста эмоцыю, а ўдзячнасць Богу за дар веры кожнага з яго герояў.

Што мне падабаецца на гэтым канале? Тут няма забаўляльнага кантэнту. Заходзіш і разумееш, што вера — гэта сур’ёзна, што слова Божае — гэта аснова, што яго не трэба «аздабляць», «дэкараваць», каб яно зайграла. Яно ж жывое, творчае. Важная тэма, якую закранае Аляксандр і члены яго каманды ў відэа, — гэта служэнне. У іх скарбонцы — цыкл паўнаметражных фільмаў «Богоискание славянских народов», а таксама цыкл відэа пра сямейныя адносіны, трансляцыі пастарскіх форумаў і многае іншае. 
Жывучы простым жыццём і спрабуючы часам нібы «ўціснуць» у яго слова Божае, я разумею, наколькі правільны, евангельскі кірунак задае ўвесь кантэнт гэтага канала: ёсць Бог і слова Божае, якому падпарадкавана ўсё жыццё. 


Дар’я Ахламёнак
Працяг будзе

 

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла