5-я гадавіна біскупскай сакры Алега Буткевіча

Пяць гадоў таму, 18 студзеня 2014 года, у Віцебскім катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага адбылося біскупскае пасвячэнне ксяндза Алега Буткевіча. Біскупскую сакру ардынарый Віцебшчыны атрымаў з рук Апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці. Час бяжыць хутка, і вось днямі, 21 студзеня, у дзень успаміну святой Агнешкі, вернікі, святары і законніцы парафій Віцебскай дыяцэзіі сабраліся ў катэдральным касцёле, каб адзначыць супольнаю малітваю тую знамянальную падзею.


Прымаючы ў 2014 годзе біскупскі посах, новы душпастыр Віцебшчыны сказаў: «Касцёл — гэта брама да Божага Валадарства. Нашае заданне — зрабіць так, каб гэтая брама заўсёды была адчыненая, (…) каб у Касцёле чалавек знаходзіў Хрыста, каб бачыў, адчуваў Божую любоў…». Сугучна з тымі яго словамі падчас святой Імшы 18 студзеня 2019 года прагучала прасякнутае лейтматывам высокай адказнасці кожнага святара перад Богам і людзьмі казанне з вуснаў пробашча сенненскай парафіі Святой Тройцы а. Міхала Ермашкевіча ОР.   

Пацвярджэннем годнага выканання біскупам Алегам Буткевічам абавязкаў ардынарыя дыяцэзіі, яго глыбокай духоўнай сувязі з пастваю сталіся прачулыя, сардэчныя прывітанні віцебскіх вернікаў з парафіі Святога Антонія, дзе ён доўгі час быў пробашчам, і парафіі Езуса Міласэрнага, дзе біскуп часта ўзначальвае літургію, прамаўляе казанні, проста сустракаецца з людзьмі.

Адказваючы на прывітанні прысутных, біскуп Алег Буткевіч шчыра падзякаваў удзельнікам святой Імшы, усім вернікам і кансэкраваным асобам дыяцэзіі за пастаянную духоўную падтрымку і выказаў спадзяванні на далейшае плённае супрацоўніцтва.


Ф. Дубраўскі
Фота А. Бандарчука-Вошлава

Супрацоўнікі рэдакцыі часопісаў «Ave Maria», «Наша Вера» і выдавецтва «Про Хрысто» таксама шчыра віншуюць Яго Эксцэленцыю біскупа Алега Буткевіча з 5–ю гадавінаю біскупскай сакры. Дзякуем Вам, шаноўны ксёндз біскуп Алег, за творчае супрацоўніцтва, за Вашую заўсёдную шчырасць, усмешку і адкрытасць! Жадаем далейшага плённага служэння на Панскай ніве, умацавання ў пакліканні і шчодрых дароў Духа Святога!

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла