Малітва пастаянна нявыспанай маці

Цяжка мне ў такія дні, як сёння. Спачатку старэйшы сын хадзіў ад свайго ложка да нашага ў пошуку хусцінкі, абдымкаў і вады. Калі ён заснуў, прачнуўся малодшы, і яго крык запоўніў ўсю кватэру. Я падумала: зноў зубы? Езу, дай мне перажыць гэтую ноч.


Перажыла, хоць на працягу дня мне некалькі разоў прыйшлося ўздыхнуць: Езу, я не спраўлюся. Вось так і выглядае маё жыццё з Ім. У штодзённым недасыпе, з крыкам дзяцей і са спаленым абедам. У вэрхале і бегатні, але ўва мне. Шчыра, да болю, без думак пра тое, што падумаюць іншыя.

Калісьці было лягчэй. Студэнцкае душпастырства, пазней — харызматычная супольнасць давалі мне прастору ў развіцці сваіх здольнасцяў і чуласць на далікатны дотык Духа. Сёння ж я бачу, што там было шмат мяне самой, і мала Бога. Ён не заўсёды быў мне патрэбны на тых малітвах.

Калі чарговы раз у мяне ўзнікала адчуванне, што маё ўнутранае жыццё памірае, мой спаведнік даў такую параду: «Вазьмі кубачак кавы, адчуй яе цяпло і ўяві, што такім самым з’яўляецца Бог. Цёплы, моцны, які дае сілы. Пачні жыць з Ім, замест таго, каб Яго шукаць там, дзе ты сама хочаш, каб Ён быў. Ён у табе, не шукай Яго».

Хоць гэтыя словы былі для мяне, быццам меч, я заўважыла, наколькі шмат укладваю энергіі ў пошук чагосьці, чаго няма. З цягам часу я пачала заўважаць Яго. Перад прыняццем цяжкіх рашэнняў я проста задавала пытанне: што я павінна рабіць? Калі я ўбачыла знак аб’езду на адзінай вядомай мне трасе, то спытала: куды мне трэба ехаць, Езу? Не, я не пачула голасу з неба. І не ўбачыла нічога звышнатуральнага. Я паехала ўсляпую і апынулася на месцы нават раней, чым трэба.

У мяне няма вызначанага для малітвы часу. Я выкарыстоўваю хвіліны, калі малодшы сын спіць, а старэйшы складвае кубікі. Тады ў мяне ёсць час, каб сесці за кухонным сталом і пачытаць, паспяваць, паслухаць, пасядзець у цішыні. Я люблю гэты момант, калі сяджу з кубачкам кавы ў цішыні і дзякую Богу за тое, што Ён ёсць. Вось так проста, бо тое, што Ён ёсць, Ён даказваў мне не раз.

У жыцці нявыспанай маці ёсць дні, калі хочацца плакаць. Ёсць такія хвіліны, калі мне здаецца, што зараз выстаўлю сваіх крыклівых дзяцей на балкон і зачыню за імі дзверы. Я тады бывае буркну пад нос і папрашу Марыю, каб Яна дапамагла мне спыніць гэтыя непаслухмяныя эмоцыі, дапамагла мне вытрываць хаця б да вечара... І часта надыходзіць тады цішыня — калі не звонку, то ўнутры мяне. Я кожны дзень вучуся, як даручаць Ёй сваё матчына сэрца. Нягледзячы на тое, што я ведаю, які доўгі шлях перада мною, я вельмі моцна хачу навучыцца жыць так, як Яна.

У мяне няма часу (або сілаў) на Ружанец, вяночкі, літаніі. Вечары ў мяне цяжкія, бо часта ўсё круціцца перад вачыма. Я думаю тады: можа, іншым разам атрымаецца? І прытуляю соннае дзіця, кладучы руку яму на галаву. Ведаю, што мае словы маюць моц, таму прашу Езуса, каб даў яму спакойны сон, абараніў ад цемры і хваробаў і благаславіў так, як я не змагу...

Увесь час вучуся жыць — як жонка, як маці, але ў першую чаргу як дачка. Яго дачка. Якая давярае, любіць, наследуе.


Магдалена Урбаньска
Пераклад з польскай мовы Вольгі Качалкі
Паводле niezawodnanadzieja.blog.deon.pl

 

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла