«Забіты Баранак годны прыняць моц… і хвалу, і благаслаўленне»

Трэцяя Велікодная нядзеля, год С (05.05.2019)

Першасвятар спытаўся ў іх: «Ці не строга забаранілі мы вам навучаць у імя гэтае? Між тым вы напоўнілі ўвесь Ерузалем вашым вучэннем і хочаце абвінаваціць нас у крыві таго чалавека». Пётр і Апосталы адказалі: «Трэба слухацца Бога больш, чым людзей. Бог айцоў нашых уваскрасіў Езуса, якога вы схапілі і павесілі на дрэве. Бог узвысіў Яго сваёй правіцаю як Уладара і Збаўцу, каб даць Ізраэлю пакаянне і адпушчэнне грахоў. Мы сведкі гэтых слоў і Дух Святы, якога Бог даў тым, хто паслухмяны Яму».

І забаранілі ім прамаўляць у імя Езуса, ды адпусцілі. А яны пайшлі з Сінэдрыёна, радуючыся, што былі годныя цярпець знявагу за гэтае імя.

(Дз 5, 27b–32. 40b–41)

Я бачыў і чуў голас мноства анёлаў вакол трона і жывых істот, і старэйшын. Колькасць іх была мірыяды мірыяд і тысячы тысяч. Яны казалі гучным голасам: «Забіты Баранак годны прыняць моц, і багацце, і мудрасць, і сілу, і пашану, і хвалу, і благаслаўленне».

І я чуў, як кожнае стварэнне, якое ёсць на небе і на зямлі, пад зямлёю і на моры, і ўсё, што ў іх, казала: «Таму, хто сядзіць на троне, і Баранку — благаслаўленне і пашана, і хвала, і моц на векі вечныя». А чатыры жывыя істоты казалі: «Амэн». Старэйшыны ж упалі і пакланіліся.

(Ап 5, 11–14)

Пасля гэтага Езус зноў з’явіўся вучням сваім каля Тыберыядскага мора. А з’явіўся так. Былі разам Сымон Пётр, Тамаш, званы Блізня, Натанаэль з Каны Галілейскай, сыны Зэбэдэя і двое іншых з вучняў Ягоных. Сымон Пётр сказаў ім: «Іду лавіць рыбу». Яны адказалі яму: «І мы пойдзем з табою». Пайшлі і селі ў човен, але ў тую ноч нічога не злавілі.

Калі ўжо развіднела, Езус стаяў на беразе. Але вучні не ведалі, што гэта быў Езус. Сказаў ім Езус: «Дзеці, ці маеце што з’есці?» Яны адказалі Яму: «Не». А Ён сказаў ім: «Закіньце сетку з правага боку чоўна і знойдзеце». Яны закінулі і не маглі ўжо выцягнуць яе з-за мноства рыбы. Тады вучань, якога любіў Езус, сказаў Пятру: «Гэта Пан!» Калі Сымон Пётр пачуў, што гэта Пан, падперазаўся вопраткай, бо быў голы, і кінуўся ў мора. А іншыя вучні прыплылі на чоўне, бо недалёка былі ад берага, локцяў каля двухсот, цягнучы сетку з рыбай.

Калі ж выйшлі на бераг, убачылі распаленае вогнішча, а на ім пакладзеную рыбу і хлеб. Езус сказаў ім: «Прынясіце рыбы, што цяпер налавілі». Пайшоў Сымон Пётр і выцягнуў на бераг сетку, поўную вялікіх рыб, якіх было сто пяцьдзесят тры. І хоць іх было столькі, сетка не парвалася. Сказаў ім Езус: «Хадзіце ж, снедайце». Ніхто з вучняў не адважыўся спытацца ў Яго: «Хто Ты?», бо ведалі, што гэта Пан.
Езус падышоў, узяў хлеб і падаў ім, і таксама рыбу. Гэта ўжо трэці раз з’явіўся Езус вучням пасля свайго ўваскрасення.

(Ян 21, 1–14)

«Забіты Баранак годны прыняць моц… і хвалу, і благаслаўленне»

Тэксты, над якімі Касцёл прапануе нам паразважаць у трэцюю Велікодную нядзелю, варта чытаць, пачынаючы з фрагменту з кнігі Апакаліпсісу. Мы — сведкі таго, як адкрываецца Божая слава, якая няспынна яснее ў нябёсах, праз спеў, пакланенне і ўскліканне «Амэн». Праслаўленне Бога, якому аддаюцца анёлы, святыя, чатыры істоты і дваццаць чатыры старэйшыны, — гэта бясконцае паланне сэрцаў, агорнутых любоўю, мудрасцю і славаю, якая сплывае з Сэрца Бога і Баранка. Гэта атмасфера захаплення, здзіўлення, радасці, узнёсласці, удзячнасці і шчасця тых, хто сузірае Бога тварам у твар. Гэта мэта, да якой заклікае нас Збаўца Езус Хрыстус. Ужо тут, на зямлі, мы мусім далучыцца да непаўторнай, ні да чаго не падобнай атмасферы Нябеснага Валадарства. Цудоўна, што Езус адчыняе для нас брамы нябёсаў, дзе няма падману, нянавісці, абыякавасці і слёз, а валадарыць любоў. Містыкі заахвочваюць нас падчас духоўных практыкаў і разважанняў часта пераносіцца духам у нябёсы, каб адчуць, што мы знаходзімся сярод шчаслівых жыхароў вечнага Ерузалема ў прысутнасці Божай, каб ад іх запаліцца агнём любові і праслаўляць Таго, які ЁСЦЬ! Трэба, каб мы запалілі ў сабе прагненне неба і гэтай «нябеснай атмасферы».
У фрагменце з кнігі Дзеяў Апосталаў захапляе стаўленне вучняў Хрыста, якія дзеляцца Добраю Навіною аб збаўленні з тымі, каго сустракаюць, і пераконваюць, што больш трэба слухаць Бога, чым людзей. Каб наследаваць іх у апостальскім запале, неабходна пазнаваць Бога, Яго любоў і веліч. Гэта адзіны шлях, каб учыніць Езуса цэнтрам і гаспадаром свайго жыцця, адкрываючы пры гэтым, што Ён — Валадар часу і ўсёй гісторыі свету. Таму любая ідэалогія, мода або веянне, якімі жыве наш свет, з якімі мы сутыкаемся штодня, — гэта марнасць, якая праміне. Яны часцей за ўсё глыбока супярэчаць узнёсламу пакліканню Божага дзіцяці, якое кожны чалавек атрымаў ад Бога.

Відавочна, няпросты шлях чалавека, які нарадзіўся з вады і Духа Святога. Сам Пётр з апосталамі паддаюцца спакусе вярнуцца да ранейшага ладу жыцця. Але Уваскрослы Езус шукае іх, выходзіць ім насустрач. Ён абуджае ў вучнях надзею праз цуд, калі яны злавілі мноства рыбы, і, гатуючы ім сняданак, паказвае, як клапоціцца пра іх. У дадатак, Уваскрослы Езус не толькі аб’яўляецца вучням, але і пазней вядзе важную размову з Пятром, тройчы пытаючыся, ці любіць яго вучань. Ён атрымлівае пакорны адказ Пятра і давярае яму апекавацца хрысціянамі: «Пасі авечак Маіх». З гэтай сустрэчы пасля Уваскрасення мы даведваемся, што Езус прагне, каб людзі любілі Яго, і жадае збаўлення чалавечых душаў. Няхай жа і ў нас у гэты Пасхальны час будзе ахвота глыбей засяроджвацца над тэкстамі, якія гучаць падчас святой Імшы. Іх мэта — распаліць нашую любоў да Езуса, які жыве сярод нас у Божым слове і сакрамэнтах, а таксама — учыніць нас апосталамі і слугамі для тых, хто ведае Яго і для тых, хто яшчэ не ведае.


Айцец Раман Шульц ОР

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла