«Авечкі Мае слухаюць голас Мой…»

Чацвёртая Велікодная нядзеля, год С (12.05.2019)

Авечкі Мае слухаюць голас Мой, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною. Я даю ім вечнае жыццё навекі, і яны не загінуць ніколі, ніхто не вырве іх з рукі Маёй. Айцец Мой, які даў Мне іх, большы за ўсіх. І ніхто не можа вырваць іх з рукі Айца. Я і Айцец — адно».

(Ян 10, 27–30)

«Авечкі Мае слухаюць голас Мой…»

Сёння, калі Пан Езус кажа нам, што Яго авечкі слухаюць Ягоны голас, мне ўзгадалася гісторыя, пачутая калісьці ад сябра. Яго праца звязана з падарожжамі, таму ён наведвае шмат розных мясцінаў. Ён распавёў мне пра тое, як чалавек можа ўспрымаць гукі. У Грэнландыі, шпацыруючы па пустынным месцы, ён пачуў нейкі незнаёмы гук, нібыта адгалосак чагосьці. Прайшла хвіліна, пакуль ён зразумеў, што гэта: сняжынкі падалі на яго куртку. Для яго гэта было вельмі дзіўна, бо зусім нядаўна ён жыў у гатэлі ў Дубаі каля аэрапорта і так прывык да шуму самалётаў, што не чуў яго. 

Сапраўды, мы аточаныя гукамі, але чуем не ўсе. Каб мы пачулі нейкі гук, ён мусіць прабіць сцяну шуму вакол нас і найперш шум, які ўнутры нас. Гэта шум нашых праблемаў, болю, нашых думак, пачуццяў, нашай упэўненасці ва ўласным досведзе, нашай штодзённай руціны. Усё гэта крычыць у нас, але мы можам гэтага не чуць. Пан Езус не жадае крычаць, перакрываючы гэты шум. Ён ціхі і пакорны сэрцам і ведае нас лепш за нас саміх. Яго веданне — гэта любоў, прагненне збавіць нас, даць нам жыццё. Ён знойдзе шчыліну ў муры нашага шуму, каб Ягоны голас дайшоў да сэрца, каб мы пачулі Яго, пазналі і трывалі ў гэтым пазнаванні. Ён — крыніца ўсяго, і ўсё, што атачае нас, усё, што ўнутры нас, залежыць ад Яго. Калі з Ягонай ласкі ў гуках, што атачаюць і напаўняюць нас, мы будзем чуць Ягоны голас, наш шум ператворыцца ў дасканалую музыку. У супакой, якім Ён жадае напоўніць сэрцы. Слухаючы Ягоны голас, мы будзем напоўненыя Ім, будзем ствараць з Ім рэзананс і будзем напаўняць свет Яго голасам як дасканалы музычны інструмент. 


Айцец Крыштаф Коц’ян ОР

Глядзіце яшчэ разважанні на Чацвёртую Велікоднуя нядзелю, год С:
Айцец Марцін Грандынгер OP  «Абавязак»

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла