«Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні…»

Пятая Велікодная нядзеля, год С (19.05.2019)

Калі ж Юда выйшаў, Езус сказаў: «Цяпер уславіўся Сын Чалавечы, а Бог уславіўся ў Ім. Калі Бог уславіўся ў Ім, то і Бог уславіць Яго ў сабе, і хутка ўславіць Яго. Дзеці, яшчэ крыху Я буду з вамі.

Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго. Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго. Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго».

(Ян 13, 31–33а. 34–35)

«Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні…»

Некаторыя носяць на шыі крыжык альбо медалік. Ёсць яшчэ такія бранзалеты ў выглядзе ружанцовай «дзясяткі» альбо з рознымі надпісамі рэлігійнага зместу, цытатамі з Бібліі. Некаторыя маюць прыгожыя кашулькі з выявамі святых альбо адзнакамі з розных пілігрымак. Іншым пашчасціла мець заплечнікі з сімваламі міжнародных сустрэчаў моладзі з Папам. Хтосьці змяшчае выяву Езуса на галоўны экран телефона альбо камп’ютара. Крэатыўнасці хрысціянаў няма межаў: ёсць бірулькі, значкі, налепкі, розныя хрысціянскія праграмныя дадаткі для смартфонаў, плакаты, гульні, прыгожая евангелізацыйная музыка… Спіс можна дапаўняць бясконца. Усё гэта — частка хрысціянскага стылю жыцця. Толькі важна не забыцца, што ўсё знешняе — гэта праява ўнутранага, таго, чым, дакладней, Кім мы жывем. Іначай усё знешняе будзе толькі прыгожай абгорткай нечага не зусім прыгожага і прыемнага, што хаваецца ўнутры. Гэта адпавядае сучасным правілам рэкламы і гандлю: бярэцца нейкая звычайная рэч, на ён пішацца «новае», прыдумваецца дызайнерская абгортка і ўсё — можна прадаваць «новы» прадукт. Калі глядзіш на яркую абгортку, сапраўды на хвіліну адчуеш гэтую «навізну». А калі абгортка будзе выкінутая?

Сённяшнія словы Пана Езуса заклікаюць нас праверыць, чаго вартыя мы самі: «Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго. Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго. Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго». Дык па чым ўсе пазнаюць, што мы — вучні Хрыста?


Айцец Павел Мажэйка ОР

Глядзіце яшчэ разважанні на Пятую Велікоднуя нядзелю, год С:
Айцец Міхал Ермашкевіч OP  «Я люблю»

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла