Спакой Мой даю вам не так, як дае свет…

Шостая велікодная нядзеля, год С (26.05.2019)

Езус сказаў яму ў адказ: «Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго, і зробім жыллё ў яго. Хто не любіць Мяне, той не захоўвае слоў Маіх. А слова, якое вы чуеце, не Маё, а Айца, які паслаў Мяне.

Я сказаў вам гэта, будучы з вамі. А Суцяшыцель, Дух Святы, якога Айцец пашле ў імя Маё, навучыць вас усяму і нагадае вам пра ўсё, што Я сказаў вам. Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю. Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не баіцца. Вы чулі, што Я сказаў вам: адыходжу і прыйду да вас. Калі б вы Мяне любілі, то радаваліся б, што Я іду да Айца, бо Айцец Мой большы за Мяне. І цяпер Я сказаў вам, перш чым гэта станецца, каб вы паверылі, калі гэта станецца.

(Ян 14, 23–29)

Спакой Мой даю вам не так, як дае свет…

Спакой і трывога — два супрацьлеглыя чалавечыя станы. Спакойны чалавек хутчэй прыме правільныя рашэнні, бо вышэйшыя ўлады яго душы — розум і воля — цалкам падпарадкоўваюць сабе яе ніжэйшыя ўлады — пачуцці — і кіруюць імі, а не наадварот, як гэта адбываецца ў стане трывогі і страху. Тады свядомасць звужаецца, воля паралізуецца, рэчаіснасць успрымаецца неадэкватна, і акрамя актуальнай сапраўднай ці ўяўнай пагрозы чалавек амаль нічога больш не ўспрымае. Такі стан зносіць вельмі цяжка, ён можа паслужыць вобразам таго, што пагражае душы, аддаленай ад Бога, у вечнасці, толькі ў значна большай ступені.

Таму любоў да бліжняга схіляе нас прасіць Божую міласэрнасць аб вечным спакоі для нашых памерлых. Падстава гэтай просьбы — давер да Бога, перакананне, што Ён вызваляе з няшчасця і, як абяцае, дабро канчаткова пераможа, а зло, як бы яно ні намагалася запэўніць нас у сваёй магутнасці, ужо асуджана, і таму, як той пацук, праяўляе асаблвую агрэсію да тых, хто заганяе яго ў кут, імкнучыся жыць па-Божаму.

Нельга толькі паддавацца той агрэсіі і ўступаць у кантакт са злом, думаючы, што такім чынам, як мяркуюць некаторыя, яно менш нам зашкодзіць. Гэта ўсё роўна, што класці пальцы ў пашчу раз’юшанай жывёліне, або хоць бы толькі набліжацца да яе без зброі. А зброяй з’яўляецца ласка Божая, дадзеная нам у святых сакрамэнтах, якой нельга пагарджаць, а трэба з удзячнасцю прымаць яе і актыўна выкарыстоўваць, асабліва тады, калі зло атакуе, усяляючы ў душу трывогу, страх, паніку…

Варта таксама памятаць, што сапраўдная радасць — гэта вынік Божага спакою, яна зусім яму не супярэчыць, як думаюць тыя, хто сцвярджае, што вечны спакой у небе — гэта вечная нуда. Усё наадварот. Калі нам нічога не пагражае, калі нікога не трэба баяцца, асцерагацца, пазбягаць, гэта спрыяе адчуванню свабоды, незалежнасці, шырокіх перспектываў, дае радасць, праўда? Толькі абмежаваны ў духоўным развіцці ці абыякавы чалавек не здольны радавацца ўдзелу ў гэтых і іншых Божых дабротах.

А многія замест таго, каб звярнуцца да крыніцы сапраўднай радасці і спакою, імкнуцца заглушыць страх і трывогу штучнай «радасцю», якую спадзяюцца атрымаць ад гучнай рытмічнай музыкі, што ўводзіць у транс, ад цялесных прыемнасцяў, алкаголю, тытуню, наркотыкаў… Але такая «радасць» хутка заканчваецца і звычайна выклікае яшчэ большую тугу і дэпрэсію, бо не вырашае праблемаў. А часта нават стварае новыя, глыбей уцягвае ў багну граху. Менавіта грэх з’яўляецца прычынай падсвядомай трывогі ў чалавеку, створаным па Божым вобразе і падабенстве, бо праз грэх мы губляем і пазбаўляем сябе Найвышэйшага дабра…

Езус адыходзіць да Айца не дзеля таго, каб пакінуць нас сам насам з нашымі праблемамі, але каб вызваліць нас ад граху і, ведучы за сабою, прывесці ў Нябесную Айчыну. Для кожнага гэты шлях пачынаецца ў момант святога хросту. А каб шлях быў паспяховым і мы дасягнулі вызначанай мэты, трэба моцна трымацца Боскага Правадыра, не даючы злу звесці сябе. Тады нават сум, выкліканы ўсведамленнем уласнай недасканаласці, абернецца радасцю, і мы ўбачым перспектыву атрымаць у Божым Валадарстве ўсё тое, чаго нам так не хапае цяпер, і тое, пра што мы нават не асмельваемся марыць.


Айцец Міхал Ермашкевіч ОР

Глядзіце яшчэ разважанні на Шостую Велікоднуя нядзелю, год С:
Айцец Раман Шульц OP «Не так, як дае свет»

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла