«Каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была…»

Сёмая Велікодная нядзеля, год С (08.05.2016)

Езус узняў вочы свае да неба і маліўся такімі словамі: «Ойча святы, не толькі за іх прашу, але і за тых, хто паверыць у Мяне паводле слова іхняга, каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне. І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб яны былі адно, як і Мы адно. Я ў іх, а Ты ўва Мне. Каб былі з’яднаныя ў адно, каб свет пазнаў, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне.

Ойча, хачу, каб тыя, каго Ты даў Мне, былі са Мною там, дзе Я ёсць, каб бачылі славу Маю, якую Ты даў Мне, бо палюбіў Мяне перад заснаваннем свету.

Ойча справядлівы, свет не пазнаў Цябе, але Я пазнаў Цябе, і яны пазналі, што Ты паслаў Мяне. І Я адкрыў ім Тваё імя і буду адкрываць, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, а Я ў іх».

(Ян 17, 20–26)

«Каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была…»

Кожны чалавек шукае сапраўднай любові. Тыя, хто гэта адмаўляе, проста раcчараваліся ў сваіх пошуках. Дзе знайсці любоў, якая прыме мяне такім, які я ёсць? Ці магчыма любіць ахвярна, бескарысліва, шчыра? І гаворка тут не пра пачуццё, якое прамінае альбо змяняецца — сапраўдная любоў трывае вечна.

Сёння Пан Езус моліцца аб такой любові для нас. Ён просіць  Нябеснага Айца, каб мы мелі еднасць з Богам і паміж сабою. Менавіта еднасць, а не аднолькавасць. Бо Бог не «растварае» нас у нішто сваёй любоўю, а дапамагае адкрыць сябе такімі, якія мы ёсць. Чым я адкажу на Божае «люблю»? Скажу: «Добра, але мне трэба яшчэ час, каб падумаць» ці з радасцю прыму дар Яго любові і буду вучыцца адказваць на Яго? Езус моліцца, каб любоў, якою палюбіў Яго Айцец, была ў нас. Ці не моліцца Ён надарэмна?


 

Айцец Павел Мажэйка OP

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла