«Christus vivit»

 

Пятая нядзеля Вялікага посту, год С (07.04.2019)

Так кажа Пан, які зрабіў шлях у моры і сцежку ў магутных водах; які вывеў калясніцы, і коней, і магутнае войска. Усе разам палеглі, не ўстануць больш. Задзьмулі іх і пагасілі, як кнот.

Не ўспамінайце былога і не разважайце пра мінулае. Вось Я ўчыню новае, і цяпер з’явіцца яно; ці ж не ведаеце пра гэта? Я зраблю шлях у стэпе і рэкі ў пустыні. Уславяць Мяне дзікія звяры, шакалы і страусы, бо Я дам у стэпе ваду, у пустыні — рэкі, каб напаіць Мой выбраны народ. Гэты народ Я стварыў для сябе, ён будзе абвяшчаць Маю хвалу.

(Іс 43, 16–21)

Я ўсё лічу стратаю дзеля перавагі пазнання Хрыста Езуса, майго Пана. Дзеля Яго я ўсё страціў і лічу смеццем, каб набыць Хрыста і апынуцца ў Ім не са сваёю справядлівасцю, якая паходзіць з Закону, але з тою, якая паходзіць з веры ў Хрыста, са справядлівасцю ад Бога, заснаванай на веры, каб пазнаць Яго і моц Ягонага ўваскрасення і саўдзельнічаць у цярпеннях Ягоных, прыпадабняючыся да Ягонай смерці, каб нейкім чынам дасягнуць уваскрашэння з мёртвых.

Не тое, каб я ўжо атрымаў гэта і ўжо стаў дасканалым, але я імкнуся атрымаць тое, дзеля чаго мяне здабыў Хрыстус Езус.

Браты, я не лічу, што ўжо атрымаў гэта, але толькі забываю тое, што за мною, і сягаю да таго, што наперадзе. Паводле мэты імкнуся да высокага паклікання Божага ў Хрысце Езусе.

(Флп 3, 8–14)

Езус пайшоў на Аліўную гару, а раніцай зноў прыйшоў у святыню, і ўсе людзі ішлі да Яго, а Ён сеў і вучыў іх. Прывялі тады кніжнікі і фарысеі да Яго жанчыну, якую злавілі на чужаложстве і, паставіўшы яе пасярэдзіне, сказалі Яму: «Настаўнік, гэтую жанчыну злавілі на чужаложстве. У Законе ж Майсей наказаў нам каменаваць такіх. А Ты што скажаш?» Яны казалі гэта, бо выпрабоўвалі Яго, каб мець у чым абвінаваціць Яго. Але Езус, схіліўшыся, пісаў пальцам на зямлі. Калі ж пыталіся ў Яго далей, Ён выпрастаўся і сказаў ім: «Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень». І зноў, схіліўшыся, пісаў на зямлі. Яны ж, калі пачулі гэта, адыходзілі адзін за адным, пачынаючы са старэйшых. Застаўся толькі Езус і жанчына, якая стаяла пасярэдзіне. Езус выпрастаўся і сказаў ёй: «Жанчына, дзе яны? Ніхто не асудзіў цябе?» Яна адказала: «Ніхто, Пане». Езус сказаў ёй: «I Я не асуджаю цябе. Ідзі і адгэтуль больш не грашы».

(Ян 8, 1–11)

«Christus vivit»

Літургічныя чытанні пятай нядзелі Вялікага посту злучаныя ў адно цэлае трыма паняццямі: міласэрнасць, свабода і новае жыццё. Дарагія чытачы, дазвольце мне ў гэтым разважанні скарыстацца думкамі папы Францішка з яго новай адгартацыі, якая адначасова з'яўляецца пасланнем да моладзі: «Christus vivit» — «Хрыстус жыве».

У сённяшнім евангельскім чытанні Пан Езус прабачае чужаложніцы і абараняе яе годнасць перад людзьмі, у якіх няма спачування. Гэта ўчынак міласэрнасці, Езус перад тым заплакаў аб лёсе гэтай жанчыны. Папа Францішак заклікае і нас спачуваць і плакаць: «Магчыма, што мы, тыя, хто вядзе жыццё, больш-менш пазбаўленае цяжкасцяў, не ўмеем плакаць. Пэўныя рэаліі жыцця можна ўбачыць толькі вачыма, абмытымі слязьмі. Я заклікаю кожнага задаць сабе пытанне: “Ці ўмею я плакаць, калі бачу галоднае дзіця або дзіця, якое ўжывае наркотыкі і жыве на вуліцы; бяздомнае дзіця, адкінутае дзіця; дзіця, якое выкарыстоўваюць іншыя; дзіця, якое стала нявольнікам грамадства? Ці я лію слёзы ад капрызаў, калі хачу мець больш, чым маю?” Паспрабуйма навучыцца плакаць, шкадуючы моладзь, якой жывецца горш за нас. Міласэрнасць і спачуванне выяўляюцца, апроч іншага, у слязах. Калі не атрымліваецца, у малітве папрасі Бога даць табе здольнасць плакаць, калі церпяць іншыя людзі. Навучыўшыся плакаць, ты зможаш зрабіць што-небудзь для іншых з самай глыбіні сэрца» (V – 76).

У пасланні да Філіпянаў святы Павел гаворыць аб патрэбе адкінуць тое, што перашкаджае нам ісці за Езусам. У сваёй адгартацыі папа Францішак прыводзіць у прыклад усім нам, не толькі моладзі, хлопца Карласа, які не дазволіў інтэрнэту завалодаць ім, а выкарыстаў сучасны сродак інфармацыі дзеля агульнага дабра: «Гэта праўда, што лічбавы свет стварае небяспеку замыкання ў сабе, ізаляцыі, пустой забавы. Але не забываймася, што ёсць моладзь, якая і ў гэтых умовах застаецца крэатыўнаю, а часам і геніяльнаю. Напрыклад, малады хлопец Карлас Акуціс. Ён добра ведаў, што сучасныя механізмы камунікацыі, рэкламы і сацыяльных сетак  выкарыстоўваюцца, каб рабіць людзей абыякавымі, залежнымі ад спажывання і навінаў, якія хочацца купляць, робіць нас цалкам захопленымі сваім вольным часам і замкнутымі ў негатыве. Але ён здолеў выкарыстаць новыя тэхналогіі камунікацыі, каб несці свету Евангелле, перадаваць маральныя каштоўнасці і прыгажосць. Ён не трапіў у пастку і бачыў, як шмат маладых людзей, хоць здаваліся зусім іншымі, але паддаліся таму, што навязваюць ім магутныя гэтага свету, паддаліся механізмам спажывецтва і адурманьвання. Гэтыя маладыя людзі забываюцца развіваць дары, дадзеныя ім Богам, не дзеляцца з гэтым светам асаблівымі выключнымі здольнасцямі, якімі Пан адарыў іх. Карлас сказаў: “Усе нараджаюцца як арыгіналы, але многія паміраюць як ксеракопіі”. Не дазваляйма, каб гэта здарылася з намі» (CV, 104–105).

Звернемся да словаў прарока Ісаі з першага літургічнага чытання, дзе распавядаецца пра новыя шляхі жыцця. У адгартацыі «Christus vivit» папа Францішак звяртаецца да святароў і законнікаў, некаторыя з якіх жывуць і дзейнічаюць у духу клерыкалізму, які не мае нічога агульнага з евангельскім новым жыццём. Прачытайма словы, над якімі мы, святары, мусім паразважаць  у час Вялікага посту: «Прагненне панавання, адсутнасць дыялогу і празрыстасці, двайное жыццё, духоўная пустка і псіхічная няўстойлівасць — гэта прастора, на якой квітнее дэмаралізацыя. Клерыкалізм — пастаянная спакуса для святароў, што ўспрымаюць паслугу, якую выконваюць, як уладу, якой трэба карыстацца, а не як ахвярнае бескарыслівае служэнне іншым. Гэта вядзе да пераканання, што мы з'яўляемся людзьмі, якія маюць адказы на ўсе пытанні і не павінны нічога слухаць, не павінны вучыцца. Несумненна, клерыкалізм не дае духоўным асобам шанаваць святую і непазбыўную годнасць і свабоду кожнага чалавека» (CV – 98).

Няхай гэтыя думкі папы Францішка дапамогуць нам умацаваць нашую веру, натхняюць разважаць і маліцца аб духу спачування, прыкметаю якога ў тым ліку з'яўляюцца і слёзы. Не марнуйма дадзены нам дар часу. Ці не варта ў час Вялікага посту замест інтэрнэту пакінуць час для чытання добрых кнігаў? Няхай Божая ласка і нашая малітва за святароў, якія перажываюць крызіс вернасці свайму пакліканню, дапамогуць слугам Пана Езуса стаць пакорнымі і чуллівымі да патрэбаў вернікаў.


Айцец Раман Шульц ОР

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла