Разважанні на Вялікі пост. Давайце быць шчырымі

На колькі адсоткаў вы можаце прысвяціць сябе Богу ў дадзены перыяд вашага жыцця? На 20%? На 50%? На 90%? А што вас стрымлівае? Што перашкаджае вам на ўсе сто адсоткаў аддацца Богу?


Як вы думаеце, што б здарылася, калі б вы так зрабілі? Калі б вы проста памаліліся малітвай аддання сябе Богу, малітвай трансфармацыі, і сказалі: «Добра, Пане Божа, я на сто адсоткаў даступны. Перамяні мяне, змяні маё жыццё, і я зраблю ўсё, аб чым Ты мяне папросіш. Проста пакажы мне, чаго Ты хочаш ад мяне». Як вы думаеце, што магло б здарыцца?..

Вечарам я малюся разам з маімі дзецьмі. І час ад часу адзін з іх можа сказаць: «Сёння я занадта стомлены. Мне не хочацца маліцца». Тады я кажу яму: «Добра. Проста скажы гэта Езусу». І ён кажа: «Дабранач, Пане Езу. Я вельмі стаміўся сёння, і не магу маліцца». А я заўважаю: «Якая шчырая малітва!»

Давайце проста быць шчырымі з Богам, давайце будзем шчырымі адно з адным, давайце будзем шчырымі самі з сабою, і тады наша малітва будзе сапраўды шчырай. І калі мы не гатовыя аддаць сябе на сто адсоткаў Богу ў гэты момант — гэта нармальна. Скажыце гэта Яму. Прынамсі, памаліцеся. Будзьце шчырымі з Ім. Я мяркую, што калі мы шчыра молімся, нашы адносіны з Богам развіваюцца неверагодна дасканалым чынам.

Заданне

Уявіце, што вы размаўляеце з Богам, можа быць, у кавярні, на шпацыры, у гасцёўні… усюды. Раскажыце яму пра самыя цяжкія думкі, якія ў вашай галаве і ў сэрцы ў гэты момант.

Малітва

Пане Божа, я вельмі стараюся быць шчырым з Табою, асабліва, калі я засмучаны ці адчуваю, што Ты далёка. Мне неабходна, каб Ты дапамог мне адкрыцца перад Табою.


Мэцью Кэлі — заснавальнік і генеральны дырэктар Dynamic Catholic,
сусветна вядомы спікер, аўтар бэстсэлераў і бізнес-кансультант,
які прысвяціў сваё жыццё, каб дапамагаць людзям і арганізацыям
«стаць-лепшым-варыянтам-самога-сябе».
Яго кнігі былі перакладзеныя больш чым на 25 моваў.

Пераклад Э. Палінеўскай
Паводле dynamiccatholic.com

Чытайце яшчэ артыкулы з гэтай серыі:

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла