Вечарына ў гонар Маці Божай Будслаўскай у Чырвоным касцёле

28 лістапада 2018 года ў духоўным і культурным жыцці нашай краіны адбылася падзея сусветнага значэння – нематэрыяльная культурная спадчына пад назваю «Урачыстасць у гонар абраза Маці Божай Будслаўскай “Будслаўскі фэст”» увайшла ў Рэпрэзентатыўны спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.


Падзея была доўгачаканая. На яе ажыццяўленне было пакладзена шмат сілы і працы ў першую чаргу ўсяго Касцёла, вернікаў, Міністэрства культуры, мясцовых уладаў і жыхароў мястэчка Будслаў. Калі інфармацыя аб рашэнні камітэта ЮНЕСКА ў далёкім Порт-Луі, сталіцы Рэспублікі Маўрыкій, з’явілася ў электронных і друкаваных СМІ, радасці вернікаў, духоўнаму уздыму і гонару за Касцёл і Радзіму не было межаў. І сапраўды, сёння нават цяжка ацаніць значэнне гэтай падзеі для Касцёла, беларускай гісторыі і культуры. Менавіта гэтай падзеі і была прысвечана вечарына, якая ў апошні дзень сакавіка адбылася ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча ў Чырвоным касцёле ў Мінску.

Для ўдзелу ў вечарыне былі запрошаны парафіяне касцёла і чытачы бібліятэкі імя Адама Міцкевіча, інтэлігенцыя горада, жыхары і прадстаўнікі мясцовай улады Будслава, супрацоўнікі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, студэнты.

Адкрыў вечарыну ксёндз канонік, пробашч касцёла святых Сымона і Алены Уладзіслаў Завальнюк. Відаць няма ў Беларусі чалавека болей дасведчанага ў пытаннях гісторыі абраза Маці Божай Будслаўскай і будслаўскага касцёла, чым ксёндз Уладзіслаў. У многіх працах ксяндза даследуецца роля абраза Маці Божай Будслаўскай у духоўным жыцці ўсяго беларускага народа і цяжкі шлях католікаў да святыні. Падчас заканчэння вучобы ў Варшаўскім універсітэце па гэтай жа тэме была напісана навуковая дыпломная праца. Арганізацыя посных пілігрымак з Мінска да Будслава; пілігрымак-сплаваў з Вільні да Буслава па рэках і дастаўка крыжа вагою 300 кг; атрыманне статуса Нацыянальнага санктуарыя будслаўскім касцёлам; падрыхтоўка дакументаў на аснове архіўных даных для ўнясення на разгляд камісіі ЮНЕСКА – гэта таксама праекты і справы ксяндза Уладзіслава і ініцыятыўнай групы касцёла, вернікаў з усёй Беларусі і не толькі, якіх аб’яднала ідэя, што сталася ужо нацыянальнай – святкаваннe ў гонар Маці Божай Будслаўскай – Будслаўскі фэст.

Наглядным пацвярджэннем гэтага стаў дакументальны кароткаметражны фільм рэжысёра Уладзіміра Арлова ў суаўтарстве з ксяндзом Уладзіславам, прапанаваны для прагляду ўдзельнікам вечарыны. Кадры фільма ўражваюць: тысячы людзей у працэсіі і на начной Імшы, мора запаленых свечак. На тварах дарослых і дзяцей –- выраз надзеі, шчасця, цуду...

Беларусь адною з першых у 2005 годзе падпісала канвенцыю ЮНЕСКА аб нематэрыяльнай спадчыне свету, г.з. аб духоўнай спадчыне, з мэтаю уратавання яе ад усіх магчымых негатыўных наступстваў: войнаў, прыродных стыхіяў, тэхнагенных катастрофаў і інш. Будслаўскі фэст — гэта адна з адметнасцяў рэлігійнага жыцця Касцёла ў Беларусі.

Згадаем, што першыя пілігрымкі да абраза Маці Божай Будслаўскай пачаліся яшчэ ў другой палове XVI стагоддзя. Рух пілігрымаў трываў усе гады і атрымаў далейшае развіццё ў новым формаце.

Больш за дзесяць гадоў ад касцёла святых Сымона і Алены да Будслава на ўрачыстасць Маці Божай Будслаўскай ідзе посная пілігрымка на чале з ксяндзом пробашчам Уладзіславам Завальнюком. Круглы год у першую суботу месяца ад касцёла адпраўляюцца аўтобусныя пілігрымкі, якія арганізоўваюць парафіяне. Сёлета нарадзілася яшчэ адна цікавая і патрэбная пілігрымка да Будслава – дзяцей Мінска, якія стаяць на ўліку ў Камісіі па справах непаўналетніх.

Цікава было паслухаць выступленні ўдзельнікаў пілігрымак. Шлях да Маці Божай Будслаўскай пешы, на ровары ці аўтобусе – гэта перш за ўсё вялікае духоўна-эмацыянальнае ўзрушэнне і ўмацаванне веры. Пілігрымы ў дарозе рыхтуюцца да сустрэчы з Маці Божай: чытаюць Ружанец, Гадзінкі, удзельнічаюць у Імшы, знаходзяць магчымасць пабыць з Маці Божай сам-на-сам, а па дарозе дадому дзеляцца сваімі сведчаннямі цудаў. Па словах адной з першых удзельніц посных пілігрымак, аўтара хрысціянскіх вершаў пані Ядвігі Рай, любое мерапрыемства, прысвечанае ўшанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай, – гэта найперш духоўны ўздым чалавека, яго абуджэнне. Падчас пілігрымкі людзі раскрываюцца духоўна і часам атрымліваюць поўнае адчуванне любові, якую дае Маці Божая. Гэта навука пра тое, як любіць сябе і бліжняга, быць бліжэй да Бога.

Традыцыя ўшанавання Маці Божай Будслаўскай больш за чатыры стагоддзі, і больш за 30 тыс. пілігрымаў на пачатку ліпеня прысутнічаюць на свяце.

У 2015 годзе ў гонар галоўнай каталіцкай беларускай святыні абраз Маці Божай Будслаўскай быў усталяваны ў Назарэце.  У Карэліі (Расійская Федэрацыя) для беларусаў, якія там жывуць, пабудавана каплічка ў гонар Маці Божай Будслаўскай.

Вядома, для таго, каб кожны вернік адчуваў сябе ў Будславе добра і змог выканаць свой абавязак пілігрыма – ушанаваць Маці Божую – многае залежыць ад мясцовых жыхароў. Яны з радасцю чакаюць пілігрымаў. Для многіх вялікі гонар — прыняць паломнікаў. Для гэтага яны спецыяльна рыхтуюцца, сустракаюць іх каля сваіх двароў, прапануюць пітво і ежу, запрашаюць на начлег.

...На вечарыну ў Мінск былі запрошаны і жыхары Будслава — спадарыні Яніна Дземідовіч і Ірына Пятровіч. Яны падзякавалі за запрашэнне на вечарыну і перадалі прывітанне ад усіх будслаўскіх парафіянаў. Усе жыхары цешацца тым, што Будслаўскі фэст унесены ў Рэпрэзентатыўны спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Было зачытана вершаванае прывітанне настаўніцай Будслаўскай сярэдняй школы Янінай Дземідовіч («Мая маленькая Радзіма Будслаў»), а ўсе прысутныя былі запрошаны наведаць будслаўскую святыню.

На працягу ўсёй вечарыны ў касцёле гучалі песні і вершы, якія ўслаўляюць Маці Божую Будслаўскую. Выступілі салісты літургічнага хору Чырвонага касцёла «Голас душы», дзіцячая арт-група «Неспадзянка», паэтка Ядвіга Рай; удзельнікі «Легіёну Марыі» праспявалі песню, якая нарадзілася падчас пілігрымак. Увазе прысутных была прапанаваная кніжная выстава, а ў Белай зале – вялікая фотавыстава Віктара Ведзеня «Дарогі, якімі мы Бога шукаем».

На заканчэнне вечарыны куратар бібліятэкі імя Адама Міцкевіча Галіна Івуць падзякавала ўсім прысутным за ўдзел у вечарыне і выказала спадзяванне, што ніколі не зарасце сцежка да будслаўскай святыні, а ў пілігрымаў з розных куткоў свету заўсёды будзе магчымасць ушаноўваць цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай.


Ванда Іваноўская, Галіна Івуць
Фота Віктара Ведзеня і Віктара Козуба

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла