Аб перамозе крыжа

«Для тых, хто гіне, слова аб крыжы — гэта глупства, але для нас, якія збаўляемся, — гэта моц Божая» (1 Кар 1, 18–19).

Пачаўся Вялікі тыдзень. Пачаўся трагічна для ўсіх хрысціянаў — у Парыжы загарэлася адна з найстарэйшых і найпрыгажэйшых святыняў, сабор Парыжскай Божай Маці. Увесь свет з жахам назіраў, як запалаў нібы свечка і ўпаў долу велічны шпіль, архітэктурная дамінанта горада, як агонь імгненна ахапіў будынак. Гарэла сэрца хрысціянскай Еўропы, сэрца нашай цывілізацыі, дзе пачыналася традыцыя будавання велічных сабораў, традыцыя найпрыгажэйшай духоўнай музыкі, гарэў сабор, які сам быў жывой традыцыяй і самым папулярным турыстычнам аб’ектам Францыі…


Многія не спалі, сачылі за падзеямі, глядзелі відэа-трансляцыі, не хочучы верыць, што гэта ўсё рэальнасць. А ўжо сёння мне ўзгадаліся, як і многім, магчыма, прарочыя словы са Старога Запавету: «Аднойчы з’явіўся Саламону Пан ноччу і сказаў: “Выслухаў Я маленне тваё ды выбраў сабе гэтае месца на дом ахвяраў. <…> А калі адвернецеся ад Мяне ды адкінеце Мае пастановы і запаведзі Мае, якія вам даў, і дом гэты, які пасвяціў імю Майму, адкіну ад аблічча Майго ды аддам яго ў прыказку ды ў казку ўсім народам. І дзеля дома гэтага, што быў узвышаны, усе, хто праходзіць, са здзіўленнем будуць казаць: Чаму зрабіў гэта Пан зямлі гэтай і дому гэтаму? І адкажуць: Бо яны адвярнуліся ад Пана, Бога бацькоў сваіх, і прысталі да багоў чужых, і пакланяліся ім і служылі, дзеля таго прыйшлі на іх усе гэтыя беды”» (пар. 2 Кр 12. 19–22).

Калі мы забываемся пра Бога, чаго ж чакаць?
Калі святыні становяцца ўсяго толькі музеямі, чаго ж чакаць?
Бог прамовіў да людзей праз гэты боль, і многія пачулі.

Хрысціянскі пісьменнік К. С. Льюіс некалі сказаў: «Боль прымушае нас звярнуць увагу на тое, што нешта пайшло не так. Бог шэпча чалавеку ў хвіліны прыемнасці, прамаўляе да нашага сумлення, але праз боль Ён крычыць. Гэта Ягоны рупар у спробе абудзіць, страсянуць глухі свет». Усяму свету моцна забалела ад страты, нават тым, хто ніколі не быў у Парыжы, нават тым, хто не верыць у Бога… І аказалася, што нас, хрысціянаў, шмат, што мы моцныя, што мы смелыя настолькі, каб выйсці на вуліцу, стаць на калені і гадзінамі маліцца, просячы ў Бога міласэрнасці. Нават у краіне, дзе крыжы забароненыя ў дзяржаўных установах, нават у краіне, афіцыйная палітыка якой цяпер вельмі далёкая ад хрысціянскіх прынцыпаў.

Жахам трагічнай непапраўнасці палалі сэрцы тых, хто назіраў, як абвальваецца старажытны дах сабора, што за свае амаль 900 гадоў перажыў рэвалюцыі і войны. Надзеяй запалалі сэрцы тых, хто раніцаю першым увайшоў у святыню пасля пажару і ўбачыў, як чыстым некранутым святлом ззяе з алтара крыж. Бог з намі. Я не магу не ўбачыць ва ўсіх гэтых падзеях сімволікі Пасхі: пакутаў, смерці і Уваскрасення Хрыста. Не магу не ўбачыць надзеі на ўваскрашэнне для ўсіх нас, надзеі на абуджэнне хрысціянаў.

Праз такі ж боль, праз трагедыю Бог прамаўляе да нас,
беларусаў, сёння, калі руйнуюцца крыжы на месцы
нацыянальнай трагедыі нашага народа.
Мемарыял у Курапатах — не культурны здабытак,
не сусветна вядомы шэдэўр архітэктуры,
але гэта нашая гісторыя і нашая памяць.

Балючая памяць, так, але неабходная, каб падобныя памылкі ніколі не паўтараліся ў будучыні. Гэта наш нябачны нябесны сабор, які будуецца памяццю і малітвай за нявінныя ахвяры і за ўвесь беларускі народ. Калі мы страцім яго, будзе балець не толькі вернікам — чорная гарэлая дзіра будзе на яго месцы ва ўсіх, каму не абыякавы лёс краіны.

Нельга забараняць крыжы. Нельга знішчаць крыжы. Нельга заставацца абыякавымі да гэтага. Калі руйнуе агонь, гэта балюча, але не так балюча, як калі руйнуюць людзі. Салідарнасць і малітва французаў мусіць быць прыкладам салідарнасці і малітвы для нас, беларусаў.

Учора гарэлі не толькі канструкцыі сабора, гарэла наша цывілізацыя, так, як згарыць некалі сам свет. А калі — невядома. Мы не ведаем ні часу, ні гадзіны, таму не маем права адкладаць нешта на заўтра: ні малітву, ні навяртянне. Але я цвёрда ўпэўнена яшчэ ў адным — Бог можа рабіць дабро і з самых страшных і непапраўных рэчаў. І калі кадры пажару, кадры выдраных з коранем з нашай зямлі крыжоў прымусяць зварухнуцца зачарсцвелыя сэрцы, прымусяць нас узгадаць пра вечнасць і сваё месца ў ёй, калі стане на калені перад Богам той, хто не схіляў перад Ім галавы, — гэта ўжо перамога.


Юлія Шэдзько
Фота: PHILIPPE WOJAZER/AFP

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла