Пабеглі разам

Велікодная нядзеля, год С (21.04.2019)

У першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна, і ўбачыла, што камень адсунуты ад магілы. Тады пабегла і прыйшла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: «Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго!» Тады выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы. Пабеглі абодва разам. Другі вучань пабег наперадзе хутчэй за Пятра і прыбыў да магілы першы. Заглянуўшы, убачыў, што ляжаць палотны, аднак не ўвайшоў. Тады прыйшоў услед за ім Сымон Пётр, увайшоў у магілу і ўбачыў палотны, якія там ляжалі, і хусту, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная на іншым месцы. Тады ўвайшоў і другі вучань, што прыбег першы да магілы, убачыў і паверыў. Бо яны яшчэ не ведалі Пісання, што трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых.

(Ян 20, 1–9)

Пабеглі разам

«Трэба зрабіць толькі крок, а дарога з’явіцца сама сабой» — абвяшчае надпіс на адным з магілёўскіх муралаў. Сапраўды, вялікай праблемай з’яўляецца гэты першы крок, каб зварухнуцца з месца ў нейкім кірунку, пакінуць цёплае, знаёмае месца. Колькі гэтых крокаў зрабілі жанчыны, падняўшыся раніцай, каб прыйсці да гробу Езуса? Колькі крокаў зрабілі, калі ішлі расказаць Апосталам, што гроб пусты? А колькі беглі Апосталы, каб на ўласныя вочы пераканацца ў тым, што пачулі ад жанчын? Гэтыя крокі — не мітусня, яны былі зробленыя дзеля таго, каб падзяліцца найважнейшаю навіною таго дня. Навіною, якая ёсць і застанецца актуальнаю да другога прыйсця Пана.
Ці можна пачуць аб Уваскрасенні і застацца стаяць на месцы? Адказ на гэтае пытанне кожны мусіць даць асабіста — не словамі, а ўласным жыццём. Апосталы не засталіся стаяць на месцы ні перад тым як сустрэлі Уваскрослага Хрыста, ні, тым больш, пасля сустрэчы з Ім. Таму варта асабліва ў гэтыя ўрачыстыя дні вырушыць у падарожжа да Уваскрослага Хрыста. Які канкрэтны крок зраблю я?


Айцец Павел Мажэйка ОР

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла