Што такое міласэрнасць?

Другая велікодная нядзеля, год С (28.04.2019)

Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя з-за страху перад юдэямі, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў ім: «Спакой вам!» Сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: «Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас». Сказаўшы гэта, дыхнуў і сказаў: «Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца».

Тамаш, адзін з Дванаццаці, якога звалі Блізня, не быў з імі, калі прыйшоў Езус. Іншыя вучні казалі Яму: «Мы бачылі Пана!» Але ён сказаў ім: «Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу».

Праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя і Тамаш з імі. Хоць дзверы былі замкнёныя, Езус прыйшоў, стаў пасярэдзіне і сказаў: «Спакой вам!» Потым сказаў Тамашу: «Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым!» У адказ Тамаш сказаў Яму: «Пан мой і Бог мой!» Езус сказаў яму: «Ты паверыў, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў!»

Шмат іншых знакаў, пра якія не напісана ў гэтай кнізе, учыніў Езус перад вучнямі сваімі. Гэтае ж напісана, каб вы паверылі, што Езус – гэта Хрыстус, Сын Божы, і каб, веруючы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае.

(Ян 20, 19–31)

Што такое міласэрнасць?

«Нядзеля ў актаве Пасхі», «Белая нядзеля», «Нядзеля святога Тамаша»  — гэтыя тардыцыйныя назвы першай нядзелі пасля ўрачыстасці Уваскрасэння Пана Езуса ўсё часцей замяняюцца адносна новай назвай, звязанай з аб’яўленнямі святой Фаўстыне, — «Нядзеля Божай міласэрнасці».

Міласэрнасць… У савецкія часы гэтае слова лічылася састарэлым, пра што сведчаць выдадзеныя ў тыя гады слоўнікі. Сёння яно ўспрымаецца больш станоўча і актуальна. Але што мы пры гэтым укладаем у само паняцце міласэрнасці, як разумеем яго сэнс? Часта міласэрнасцю называюць тое, што павінна быць нормаю ў адносінах паміж людзьмі, а менавіта справядлівасць — паняцце, якое многія супрацьпастаўляюць міласэрнасці, таму што разумеюць яго аднабакова, толькі як пакаранне вінаватых, адпаведнае іх учынкам. Але нельга забываць, што ўвогуле справядлівасць праяўляецца тады, калі кожны атрымлівае тое, чаго заслугоўвае, а значыць і ўзнагароду за заслугі, або прынамсі недапушчэнне пакарання невінаватага. Такім чынам, называць міласэрнасцю забеспячэнне патрабуючых тым, што неабходна ім для жыцця і чаго яны пазбаўлены без уласнай віны — гэта нейкае непаразуменне, хоць і даволі распаўсюджанае. Аддаваць лішняе або непатрэбнае таму, хто можа гэтым пакарыстацца і мае аб’ектыўную патрэбу, — гэта выкананне сацыяльнай справядлівасці!

Міласэрнасць жа праяўляецца тады, калі вінаватаму прабачаюцца яго даўгі і правіны, калі яму змяншаецца або ўвогуле здымаецца заслужанае пакаранне, прычым ёсць надзея, што вінаваты не будзе злоўжываць прабачэннем і правільна выкарыстае дадзены яму шанец. Быць міласэрным — гэта перш наперш не асуджаць бліжняга. Толькі Бог пранікае ў глыбіні чалавечай душы, толькі Ён аб’ектыўна ацэньвае яе стан і мае права судзіць, але з прычыны сваёй міласэрнасці можа гэтым правам не карыстацца. Чалавек жа не можа дасканала акрэсліць ступень віны іншага чалавека, яго намеры, імкненні, матывацыю. Тым не менш, як жа часта і бяздумна многія, нават пабожныя людзі ў штодзённым жыцці паддаюцца спакусе асуджэння: «Гэты — такі, той — сякі, гэты — дрэнны, той — дурны…» і гэтак далей, умацоўваючы толькі ўласную пыху і рызыкуючы закрыць сваю душу на прыняцце Божай міласэрнасці, без якой ніхто не можа разлічваць, што трапіць у Божае Валадарства. Ніхто не з’яўляецца ўвасабленнем цноты і дасканаласці, апроч Хрыста і Яго Маці, таму, маючы права і абавязак ацэньваць зло як зло і грэх як грэх, кожны павінен памятаць, што іх носьбіт ужо пакараны аддаленнем ад Бога, а гэта самая страшная кара. Асуджаючы зло, але праяўляючы міласэрнасць да таго, хто яго дапускае, мы прыпадабняемся да самога Пераможцы смерці і шатана, які сваёю звышнатуральнаю дапамогаю дае нам магчымасць перамагчы зло ў сабе і стаць падобнымі да Уваскрослага Збаўцы ў будучым жыцці.


Айцец Міхал Ермашкевіч ОР

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла