«Пра тое, чым напоўнена сэрца, гавораць вусны ягоныя …»

Восьмая звычайная нядзеля, год С (03.03.2019)

Езус расказаў вучням такую прыпавесць: «Хіба можа сляпы вадзіць сляпога? Ці ж не зваляцца абодва ў яму?

Вучань не большы за настаўніка. Але кожны добра падрыхтаваны стане такім, як яго настаўнік.

Чаму бачыш шчэпку ў воку брата свайго, а бервяна ў сваім воку не заўважаеш? Як ты можаш казаць брату свайму: “Браце, дай, я выму шчэпку з вока твайго”, калі сам не бачыш бервяна ў сваім воку? Крывадушнік, спачатку вымі бервяно са свайго вока, і тады ўбачыш, як выняць шчэпку з вока твайго брата.

Няма добрага дрэва, якое б прыносіла дрэнны плод, ці дрэннага дрэва, якое б прыносіла добры плод. Бо кожнае дрэва пазнаецца па ягоным плодзе; не збіраюць з церняў смоквы, а з куста ажын не збіраюць вінаграду. Добры чалавек выносіць з добрага скарбу сэрца дабро, а дрэнны чалавек з дрэннага сэрца выносіць зло, бо пра тое, чым напоўнена сэрца, гавораць вусны ягоныя.

(Лк 6, 39–45)

«Пра тое, чым напоўнена сэрца, гавораць вусны ягоныя …»

Сёння пачалася 8 звычайная нядзеля, а праз тры дні мы будзем адзначаць Папяльцовую сераду. Божае слова заахвочвае нас задумацца аб навяртанні. Яно гаворыць пра сэрца, якое напаўняе вусны чалавека тым, што знаходзіцца ў ім. Сэрцы Божых дзяцей, вашыя і маё, павінны біцца ў рытме Сэрца Езуса — у рытме звышнатуральнай любові. Калі мы станем штодня аддаваць Богу сваю любоў, якая будзе ўзрастаць у нашых сэрцах у ачышчэнні і навяртанні, гэта абавязкова выявіцца ва ўчынках любові і словах, прасякнутых мудраю любоўю. Я пробашч у маленькай магілёўскай парафіі і доўга думаў, што параіць пачытаць сваім парафіянам, каб можна было разам з імі паглыбіць сваё штодзённае хрысціянскае жыццё падчас прыгожага і цяжкага перыяду Вялікага посту, які набліжаецца. У гэтым годзе мы будзем разам чытаць энцыкліку папы Бэнэдыкта XVI «Бог ёсць любоў» — «Deus Caritas est». Тэкст гэтага дакумента складаецца з 43 пунктаў, у ім сістэматычна і паглыблена разгялаецца тэма любові да Бога і бліжняга. Калі мы пачнем чытаць энцыкліку ў Папяльцовую сераду, то завяршым чытанне ў Вялікі тыдзень. Калі мы штодня знойдзем некалькі хвілінаў, каб паразважаць над зместам словаў папы Бэнэдыкта, я ўпэўнены, што гэтае чытанне прынясе вялікую карысць, бо разважанне над Мукамі Пана і нашае навяртанне — гэта і ёсць школа, у якой ўдасканальваецца любоў да Бога і бліжняга.

Прапаную вашай увазе ўрывак з шостага пункту энцыклікі пра любоў:

«Да развіцця любові, да ўсё большых яе ступеняў, да яе ўнутранага ачышчэння належыць той факт, што цяпер яна шукае канчатковасці і пры гэтым у падвойным значэнні: у сэнсе выключнасці (толькі гэтая адзіная асоба) і ў сэнсе “назаўсёды”. Любоў ахоплівае ўсё існаванне ў кожным яго вымярэнні, уключаючы вымярэнне часу. Не магло б быць інакш, бо мэтай яе абяцання з’яўляецца канчатковасць: любоў імкнецца да вечнасці. Любоў сапраўды з’яўляецца “экстазам”, аднак экстазам не ў сэнсе хвіліннага захаплення, але экстазам як шляхам, пастаянным выйсцем з “я”, замкнёнага ў самім сабе, да вызвалення “я” праз уласны дар і, такім чынам, да новага адкрыцця самога сябе, а нават да адкрыцця Бога: “Хто паспрабуе захаваць жыццё сваё, той загубіць яго; а хто загубіць яго, той ажывіць яго” (Лк 17, 33), — кажа Езус. Гэтыя Ягоныя словы мы знаходзім у Евангеллі ў розных варыянтах (пар. Мц 10, 39; 16, 25; Мк 8, 35; Лк 9, 24; Ян 12, 25). Такім чынам Езус апісвае сваю ўласную дарогу, якая праз крыж вядзе Яго да Уваскрасення — дарогу пшанічнага зерня, якое падае ў зямлю і памірае, і, дзякуючы гэтаму, прыносіць багаты плён. Зыходзячы з сутнасці сваёй ўласнай ахвяры і любові, якая дасягае ў Ім свайго спаўнення, гэтымі словамі Ён таксама апісвае сутнасць любові і чалавечага існавання наогул».

Запрашаю чытачоў нашай нядзельнай рубрыкі «Стол Божага слова» далучыцца да штодзённага чытання энцыклікі і разважання над яе зместам разам парафіяй свв. Казіміра і Ядзвігі ў Магілёве. Няхай гэта стане нашай агульнай малітвай, каб мы адкрылі глыбіні Божай любові і любові да сябе і бліжніх. Таксама заахвочваю вас абмежаваць час, які мы праводзім у інтэрнэце, і замест гэтага прачытаць некалькі добрых кнігаў.

Тэкст энцыклікі можна знайсці на партале Сatholic.by


Айцец Раман Шульц ОР

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла