Цуд святога Казіміра пад Полацкам

 4 сакавіка 1484 года ў каралеўскім замку ў Гародні закончыў свой зямны шлях сын караля Польшчы і вялікага князя літоўскага Казіміра IV малады каралевіч Казімір, які меў трохі больш за 25 гадоў. Сумавалі бацька і маці, сумавалі родныя, што не стала найбольш чулага, разважнага і пабожнага з каралевічаў. Цела ягонае было перавезенае ў сталічную Вільню і ўрачыста пахаванае ў капліцы катэдральнага касцёла святога Станіслава. Цікава, што неўзабаве пасля пахавання тут пачалі дзеяцца розныя цуды, пра якія пазней падрабязна было напісана ў Acta Sanctorum.


Малодшы брат Казіміра, вялікі князь Аляксандр, заняўшы ў 1501 годзе пасад караля Польшчы, накіроўвае ў Рым да Папы Аляксандра VI пробашча віленскай катэдры Эразма Цялка з просьбаю выслаць прадстаўніка для разгляду неардынарных здарэнняў і вывучэння жыцця каралевіча Казіміра. І ў 1517 г. Апостальскі Пасад утварае камісію для разгляду тых надзвычайных здарэнняў. Хто ведае, магчыма, кананізацыйны працэс заняў бы нашмат больш часу, калі б не цуд, які падштурхнуў і духоўных асобаў ВКЛ, і каралеўскую сям’ю ды і сам Апостальскі Пасад да паскарэння справы.

Абраз святога Казіміра з кнігі Захара Фэрэры (1520 г.)Улетку 1518 г. у паўночную частку Вялікага Княства ўварваліся некалькі маскоўскіх палкоў на чале з найлепшымі ваяводамі намесніка наўгародскага Васіля Шуйскага: ягонага брата Івана Шуйскага – намесніка пскоўскага і ваяводы дарагабускага Міхайлы Кісліцы. Польскія крыніцы падаюць агульную колькасць ваяроў блізу 60 000 чалавек, расейскія крыніцы канкрэтную колькасць не пазначаюць, але паведамляюць пра значнасць вайсковае групоўкі. Васіль Шуйскі яшчэ ў 1513 годзе хадзіў з вайсковай выправай на Полацк, таму дарога і мясцовасць былі яму добра знаёмыя. Пад Полацкам маскоўскія ваяводы аб’ядналіся і вырашылі захапіць старажытны горад, аднак жыхары мужна абараняліся. Пачалася працяглая аблога. Полацкі ваявода Альбрэхт Гаштольд з групоўкай у 2 000 ваяроў спяшаўся на дапамогу гораду, што цярпеў аблогу, але шырокая і паўнаводная Дзвіна не давала магчымасці перабрацца з вайсковым рыштункам на паўночны бок. І раптам, паводле шматлікіх сведчанняў, ваяры ўбачылі вершніка ў белым адзенні на белым кані, які знакамі паказваў, каб ішлі за ім. Войска рушыла да вады і ўбачыла, што тут пралягае добры брод. Перайшоўшы праз Дзвіну, войска Вялікага Княства неспадзявана ўдарыла ў спіну значна большаму па колькасці маскоўскаму войску. У шэрагах захопнікаў пачалася паніка. Частка ваяроў кінулася да Дзвіны і патанула ў ёй. Асноўная ж групоўка, кінуўшы аблогавыя прылады, вайсковы рыштунак і параненых, спешна рушыла ў бок Вялікіх Лукаў. Гэты дзень, 29 ліпеня, запамятаўся на ўсё жыццё тым ваярам, што засталіся жывымі. Палачане, якія ўжо амаль што страцілі надзею на дапамогу, былі надзвычай уражаныя цудоўным выратаваннем. Расейскія гісторыкі М. М. Карамзін і С. М. Салаўёў, пішучы пра неспадзяваную паразу пад Полацкам, спрабавалі патлумачыць адыход маскоўскага войска голадам, аднак іх тлумачэнне не пераконвае, бо гэта была не зіма, а самы час збору ўраджаю.

Кароль і вялікі князь Жыгімонт І Стары адразу пасля атрымання весткі пра цуд над Дзвіной выслаў у Рым просьбу як найхутчэй прыслаць у Вільню свайго прадстаўніка. Апостальскі Пасад чуйна паставіўся да просьбы манарха і накіраваў сваім легатам біскупа Захара Фэрэру. Той прыехаў у сталіцу Вялікага Княства 2 верасня 1520 г. і пасля апытання шматлікіх сведкаў 1 снежня выдаў у Вільні матэрыялы працэсу пад назвай «Vita beati Casimiri confessoris» (Жыццё благаслаўлёнага Казіміра-вызнаўцы).

Ужо ў наступным годзе Папа Леў Х кананізаваў каралевіча, аднак дакументы згубіліся ў часе захопу Рыма нямецкім войскам Карла V. Пасля кананізацыі пачалі з’яўляцца першыя абразы Казіміра, у прыватнасці той, што знаходзіцца праваруч ягонай труны ў катэдры.

Толькі 7 лістапада 1602 года Папа Клемент VІІІ на просьбу караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта ІІІ Вазы булай «Quae ad sanctorum» пацвердзіў далучэнне каралевіча Казіміра да супольнасці святых, каб у дзень 4 сакавіка святы Казімір, «які яшчэ пры святой памяці папярэдніку нашым Папе Льву Х быў залічаны да святых, мог быць шанаваны і ўслаўляемы як свецкім, гэтак і законным духавенствам або прыватна, або публічна ў касцёлах». На замову каралеўскага двара Пётр Авэрад (Peter Overradt) стварае ў Кёльне шэраг медзярытаў з выявамі святых пад назвай «Icones et miracula sanctorum Poloniae». Сярод іх ёсць выява і святога Казіміра са сцэнамі з жыцця і цудамі, сярод якіх і выява цуду пад Полацкам.

Трэба зазначыць, што яшчэ неаднойчы святы Казімір спрыяў абаронцам айчыны. Гэтак было пад Кіхгольмам (Саласпілс, Латвія) у 1605 годзе, калі войска на чале з Янам Каралем Хадкевічам перамагло ўдвая большае шведскае войска. Ягонаму ж заступніцтву кароль Ян ІІІ Сабескі прыпісваў перамогу над туркамі пад Венай у 1683 годзе.

Ад гэтага часу культ святога Казіміра ў Вялікім Княстве яшчэ больш пашыраецца, пра яго апавядаюць як пра апекуна ўсяе краіны. Нездарма ў вершы-малітве да святога напісана:

Княжа нязломны, святы Казіміру,
Сын каралеўскі і слава айчыны,
Ты нібы зорка, што засвяціла
Над нашай зямлёю...

Знакаміты мастак Францішак Смуглевіч, практыкуючы ў Рыме ў 1763–1784 гг., малюе для збудаванага яшчэ пры канцы ХVI ст. у Вечным Горадзе касцёла святога Станіслава абраз «Святы Казімір дапамагае войску ў бітве пад Полацкам».

Полацкія езуіты набываюць мясцовасць, дзе ў 1518 г. здарыўся цуд, і будуюць тут у 1652 годзе драўляны касцёл святога Казіміра. Пра тое, як адбываліся ўрачыстасці святога Казіміра ў Полацку цягам наступнага стагоддзя, звестак няма. Толькі з «Lustratora Poіockiego Dobr Ex-Iezuickich...», складзенага ў пачатку 1774 года рэвізорам Гілярам Абрампальскім для перадачы дзяржаве маёмасці скасаванага Папам Клементам ХIV Таварыства Езуса, мы даведваемся, што ў Казімірове стаіць «касцёл св. Казіміра, якому патрэбны рамонт з прычыны перакосу сценаў і адной нахіленай вежы. А ў касцёле, акрамя алтара і абразоў, больш нічога няма». Пра той самы касцёл, што стаяў на месцы былога цуду, ёсць яшчэ адна згадка з першай паловы ХІХ стагоддзя. Выхаванец Полацкае калегіі езуітаў, пісьменнік Ян Баршчэўскі ў апавяданні «Плачка», паведамляючы пра з’яўленне ў розных месцах Полацка і вакол яго жанчыны ў белым строі з чорным уборам на галаве і чорнай хусткай на плячах (Багародзіца Тужлівая), піша, што бачылі Яе «найчасцей у пакінутых дамах, у пустых касцёлах і на руінах». І далей апавядае, што «бачылі Яе і каля касцёла святога Казіміра. Сядзела Яна перад дзвярыма гэтай святыні ад захаду аж да ўсходу сонца...». З гэтага вынікае, што, хутчэй за ўсё, касцёл у той час пуставаў, або службы праводзіліся зрэдку.

Далей ужо ніякіх звестак няма ані пра брод, ані пра касцёл. Захавалася толькі назва вёскі Казімірова, дзе ён стаяў. На пачатку ХХ ст. у гэтай вёсцы быў толькі праваслаўны прыход царквы Успення Багародзіцы.

Дзе ж шукаць сёння на Дзвіне месца таго вялікага, але прызабытага цуду, які здзейсніў святы Казімір? Каштоўную дапамогу можам атрымаць ад таго ж Яна Баршчэўскага. Знакаміты пісьменнік, з замілаваннем апісваючы ў 1844 г. у нарысе «Полацак» мясціны, дзе прайшлі ягоныя дзіцячыя і юнацкія гады, заўважае: «У ваколіцах Полацка кожная мясціна ў апавяданні тутэйшых жыхароў мае нейкую гістарычную памятку; на другім беразе Дзвіны за некалькі вёрстаў адсюль стаіць невялічкі касцёл св. Казіміра; тут, апавядаюць, з’явіўся Казімір перад войскам сваіх суайчыннікаў і перавёў іх праз імклівую рачную плынь; і сёння паказваюць у тым месцы пад Струнню пясчаны падводны вал, па якім пераходзіла войска».

Дзвіна на месцы былога броду.

Падобна, што месца тое трэба шукаць між Струнню на адным баку Дзвіны і Казіміровам — на другім. Адлегласць жа па Дзвіне паміж вёскамі блізу трох кіламетраў. З гэтай мэтаю мы і прыязджаем у вёску Слабада, што стаіць на беразе Дзвіны за 700 м на ўсход ад Струнні. На гародзе корпаецца сталага веку мужчына. На пытанне пра бліжэйшы брод на Дзвіне адказвае, што «раней сапраўды трохі далей, дзе ўліваецца ў Дзвіну Насіліцкая рэчка, быў дагодны брод, складзены з камянёў, які выглядаў, нібы брукаваная дарога з аднога берагу ракі на другі. Кажуць, што ў даўніну нейкае войска, магчыма, французскае, перайшло тут рэчку». Людская памяць – рэч недасканалая, гэтак безліч крывіцкіх курганоў сяляне часта звалі французскімі або шведскімі магіламі. Дакументы ж 1812 года пераправу войскаў у гэтым месцы не пацвярджаюць. З іх вынікае, што французы занялі Полацк па паўночным беразе Дзвіны з боку Дрысы (цяпер Верхнядзвінск), а пры адыходзе пераправіліся на другі бок ракі па збудаваных імі мастах у самім горадзе. Аднак нейкае войска тут, пэўна ж, пераходзіла, і войскам гэтым была дружына ВКЛ на чале з Альбрэхтам Гаштольдам, што ішла ў 1518 годзе на дапамогу Полацку. Апісанне броду, дадзенае жыхаром Слабады, надта падобнае да апісання Яна Баршчэўскага. Брод, паводле словаў таго старога, зрылі адносна нядаўна, калі чысцілі рэчышча.

На другім баку Дзвіны ў Казімірове 80-гадовая жанчына распавяла, што найбліжэйшы ад вёскі брод быў трохі ніжэй па рацэ. «Недзе ў 1980 г., калі была вялікая сухмень, узровень вады ў Дзвіне быў такім нізкім, што весляры, пераплываючы брод на лодцы, білі вёсламі па камянях. Тады пачалі паглыбляць рэчышча і зрылі брод». Жанчына не памятала пра існаванне ў вёсцы касцёла, адно толькі магла згадаць пра панскі двор і Успенскую царкву на могілках, пры дарозе да вёскі Шаўкова. Такім чынам, апісанні броду, атрыманыя намі ў Слабадзе і ў Казімірове, прывялі нас да аднаго і таго ж месца. Трохі прайшоўшы з Казімірова ў бок Струнні і спусціўшыся па пакручастым адхоне да Дзвіны, мы ўбачылі насупраць утоку Насіліцкай рэчкі, захаваную каля берага частку былога брода даўжынёй недзе метраў з дзесяць. Праз яго перакатвала свае воды магутная рака. Ну вось нарэшце і яно, месца забытага цуду над Дзвіной!


Міхась Баўтовіч
Надрукавана ў часопісе «Наша вера» № 1, 2008 г.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла