Уселюб – месца малітвы да Маці Божай новага Жыцця

4 сакавіка, дзень святога Казіміра, тытул якога носіць самая старажытная каталіцкая святыня ў нашай краіне, увойдзе ў гісторыю не толькі парафіі, але і ўсяго Касцёла ў Беларусі. Менавіта ў гэты дзень фігура Маці Божай новага Жыцця заняла сваё пачэснае месца ва ўселюбскім касцёле (узведзены ў першай палове XVст.). Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч благаславіў гэтую фігуру і абвясціў аб распачацці культу Маці Божай новага Жыцця. На ўрачыстасці прысутнічалі святары з навакольных парафій і са Шчучына, а таксама дабрачынцы з г. Дэмбіца Ян Ніва, Марыян Дыбоўскі, Ян Хмура, Станіслаў Пшэтачнік, Станіслаў Хмура, дзякуючы якім адноўлена святыня.


Фігура Маці Божай новага Жыцця была выразана адмыслова для ўселюбскага касцёла польскім разьбяром Маркам Козакам, які за некалькі месяцаў стварыў яе з ліпавага дрэва са сваімі паплечнікамі, а ахвярадаўцы пакрылі ўсе кошты. Фігура ўвасабляе Найсвяцейшую Панну Марыю, якая знаходзіцца ў благаслаўлёным стане – цяжарная Дзіцяткам Езусам. У блакітна-белых шатах з крыху схіленай галавою,  Найсвяцейшая Панна нібы слухае Анёла, які паведамляе Ёй Божую волю, але таксама выслухоўвае і нашы просьбы.

Маці новага жыцця, як падкрэсліваюць тэолагі, – гэта перадусім Маці Езуса, які назваў сябе Жыццём. Марыя падчас Звеставання стала Маці новага жыцця, біялагічнага жыцця Уцелаўлёнага Сына Божага, але таксама стала Маці новага Жыцця – Збавіцеля, які прыйшоў, каб мы атрымалі новае жыццё.

«Праз пасрэдніцтва Марыі, – зазначыў кс. Віталій Цыбульскі пробашч святыні, – мы можам тут, у нашай святыні, выпрошваць дар мацярынства і бацькоўства, выпрошваць ласкі для аднаўлення нашага хрысціянскага жыцця…

І ўжо вядомыя выпадкі, калі праз заступніцтва
Маці Божай новага Жыцця адбыліся цуды.
Зусім нядаўна мне паведамілі, што праз Яе заступніцтва
нарадзілася здаровае дзіцятка,
хоць па ўсіх ранейшых даследаваннях
урачы прадказвалі нараджэнне дзіцяці з сіндромам Дауна.

Я вельмі ўдзячны Пану Богу. Ён дзейнічае такім чынам, што прыходзіць праз Марыю – Маці Божую новага Жыцця. Для мяне гэта сімвал новага жыцця, для парафіі – таксама гэта пачатак новага жыцця».

Сапраўды, па ўсім відаць, што уселюбская святыня цяпер знаходзіцца пад асабліваю апекаю Маці Божай, бо намаганнямі ксяндза пробашча, які прызначаны сюды два гады назад, дабрачынцаў і парафіянаў аднавілася не толькі ўнутранае ўбранства святыні, але і напоўніцу аднавілася душпастырства. Парафіяне кажуць, што дзейнасць ксяндза Віталія безумоўна кіруецца Маці Божай, бо столькі справаў за гэты невялікі адрэзак часу зрабіць без ласкі Божай немагчыма. І сапраўды, акрамя непасрэдных абавязкаў святара, клопату аб рамонце святыні і плябаніі, ксёндз Віталій паспявае наведаць ЛПП (лячэбна-працоўны прафілакторый, дзе знаходзяцца залежныя ад алкаголю), арганізаваць дапамогу шматдзетным і патрабуючым, праводзіць катэхізацыю ў навакольных вёсках і яшчэ шмат-шмат іншых справаў, на якія багаты кожны дзень гэтага няўрымслівага і руплівага ксяндза. Ксёндз Віталь кажа, што сваё жыццё і ўсе справы даручае апецы Маці Божай, бо «зрабіў на Яе стаўку».

Зробім жа і мы стаўку на Найсвяцейшую Панну, аддаючыся Ёй у апеку і давяраючы самыя складаныя справы. А Маці Божая новага Жыцця, няхай «навучыць нас, як прымаць Божую волю, як услухоўвацца ў пасланні, скіраваныя да нас Усемагутным». І выпрасіць нам шчодры плён Вялікага посту.

Г. Жодзік

Малітва да Маці Божай новага Жыцця

Марыя, Маці новага Жыцця!

Благаславі нас, каб мы адкрылі нашыя сэрцы да новага жыцця ў Богу, да жыцця, поўнага ласкі.

Ты ж, поўная ласкі падтрымліваеш нашыя намаганні, каб мы маглі змяніць нашае жыццё, каб з кожным днём мы станавіліся ўсё лепшымі.

Марыя, Ты Маці кожнай перамены ў нашым жыцці, кожнага сэрца, адкрытага на Бога. Ты паказваеш нам, як належыць прыняць Хрыста. Ты, слуга Пана, навучы, як прымаць Божую волю, як услухоўвацца ў пасланні, пасланыя да нас Усемагутным.

Марыя, Маці новага Жыцця!

Атуляй апекаю кожнае жыццё – духоўнае і біялагічнае. Ты – Маці кожнага нованароджанага і зачатага дзіцяці, благаславі бацькоў, якія чакаюць патомства, і дай надзею тым, хто моліцца аб ласцы мець дзіця. Благаславі ўсіх тых, хто клапоціцца пра кожнае жыццё – урачоў, медсясцёр, акушэрак, а таксама тых, хто прымае ў свае сем'і пакінутых дзяцей, адзінокіх і хворых, каб такім чынам даць ім «новае жыццё».

Марыя, Маці новага Жыцця!

Ты – Апякунка хворых і церпячых, для якіх выздараўленне і пераадоленне хваробы з'яўляецца як бы пачаткам новага жыцця.
Марыя, падтрымлівай таксама і тых, хто пастаянна павінен змагацца са сваім цярпеннем – не толькі фізічным, але і псіхічным, дапамагай ім знаходзіць сэнс у гэтым крыжы і навучы прымаць Божую волю, каб такім чынам таксама распачаць новае, поўнае ўнутранага спакою і гармоніі жыццё.

Марыя, Маці новага Жыцця!

Дазволь нам адраджацца і ўздымацца над нашымі паўсядзённымі праблемамі і клопатамі, натхняй нас, каб мы працягвалі руку дапамогі тым, каго прыгнятаюць розныя цярпенні, дай ім надзею і дапамажы ім знайсці сэнс жыцця.

Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу і Сыну і Духу Святому...

Фота Мікалая Новікава

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла