Разважанні на Вялікі пост. «Не адмаўляйцеся ад шакаладу»

Адна з нашых дзейсных фразаў, якія мы выкарыстоўваем, каб заахвоціць людзей мець незвычайны досвед Вялікага посту: «Не адмаўляйцеся ад шакаладу падчас Вялікага посту». Сэнс у тым, што Вялікі пост — гэта неверагодная магчымасць, выключны шанец сапраўды паглыбіцца ў наша жыццё і запытаць сябе: «У чым мне трэба расці? Да чаго Бог заклікае мяне? Дзе мая самая вялікая магчымасць для росту?»


Разгледзім прыклад: вас прывозяць у аддзяленне хуткай дапамогі з ранамі ў грудзях і руцэ, і вы не хочаце, каб урач спачатку займаўся рукою... Але менавіта так мы робім у нашым жыцці, у духоўным жыцці, у выхаванні дзяцей, з нашымі асабістымі фінансамі, з нашым здароўем і дабрабытам. Мы робім так у нашых сужэнствах і ў іншых шматлікіх аспектах нашага жыцця... Быццам бы нас прывезлі ў шпіталь і мы гаворым урачу: «О, давайце спачатку вылечым руку».

Я не кажу вам: «Не адмаўляйцеся ад шакаладу падчас Вялікага посту», я хачу сказаць, што Вялікі пост — гэта магчымасць прыгледзецца да нечага большага. Што — такое вялікае — перашкаджае вашаму сапраўднаму росту? Што адцягвае вас ад таго, каб стаць «лепшай-версіяй-самога-сябе», ад сапраўднага неверагоднага прагрэсу ў вашым жыцці?

Давайце падумаем: чаго вы баіцеся? Няўдачы? Вядома, вы можаце пацярпець ня ўдачу. Але вы станеце лепшым, таму што хаця б паспрабуеце стаць лепшым. А рэальнасць такая, што якою б вялікаю ні была перашкода, якою б непрыступнаю ні была ваша «гара», не забывайце, што хтосьці ўжо пакарыў яе. Шмат людзей ужо пакарылі яе.

А Бог чакае, Ён гатовы, Ён хоча дапамагчы вам пакарыць, пераадолець гэтую вялікую перашкоду. Так што давайце гэта зробім.

Заданне

Прыгадайце выпадак, калі вам нешта не ўдалося, і падумайце, чаму вы навучыліся, і як Бог выкарыстаў гэтую няўдачу, каб дапамагчы вам стаць лепшай-версіяй-самога-сябе.

Малітва

Пане Езу, дай мне ласку прымаць мае няўдачы і вучыцца на іх.


Мэцью Кэлі — заснавальнік і генеральны дырэктар Dynamic Catholic,
сусветна вядомы спікер, аўтар бэстсэлераў і бізнес-кансультант,
які прысвяціў сваё жыццё, каб дапамагаць людзям і арганізацыям
«стаць-лепшым-варыянтам-самога-сябе».
Яго кнігі былі перакладзеныя больш чым на 25 моваў.

Пераклад Э. Палінеўскай
Паводле dynamiccatholic.com

 

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла