Разважанні на Вялікі пост. Жаданне служыць ці дагадзіць?

Адна з памылак, якія мы робім у жыцці, — гэта жаданне дагаджаць людзям. Асабліва гэта датычыць хрысціянаў, таму што, у пэўным сэнсе, хрысціянства — гэта служэнне людзям. Мы заўсёды павінны быць добрымі, мы павінны радаваць людзей, дагаджаць ім, мы не павінны ствараць канфліктаў... Але гэта сапраўды вельмі небяспечна для нашых адносінаў.


Мы з супрацоўнікамі часта разважаем пра гэтую праблему. Мы не павінны атакаваць адзін аднаго асабіста, але павінны мець вельмі моцныя аргументы, розныя меркаванні, дыскутаваць пра тое, як лепш зрабіць нашу працу. Але калі ўсе проста мілыя, сядзяць за сталом і кажуць: «О, гэта гучыць нядрэнна», то ў нас не будзе класных матэрыялаў, і мы не здолеем дасягнуць дасканаласці.

Таму прапаную вам падумаць, як вы дагаджаеце людзям у вашым жыцці? Чаму вы спрабуеце дагадзіць менавіта гэтым людзям? Ці Бог сапраўды заклікае вас так рабіць? Калі не, то вам трэба адмовіцца ад такіх паводзінаў і працаваць над сабою. Нават калі Бог заклікае вас служыць-дагаджаць некаторым людзям, ці робіце вы гэта разумна?.. Мы пакліканыя Богам дапамагаць, служыць людзям, часам дагаджаць, — усё гэта добра, але важна і тое, як мы гэта робім.

Заданне

Прапаную вам падумаць, ці вы служыце разумна ці не? І ці думаеце пра сябе падчас гэтага служэння? Ці дапамагае вам гэта расці? Фізічна, эмацыйна, інтэлектуальна, духоўна — Бог зацікаўлены ва ўсім чалавеку. Ён хоча зрабіць вас моцнымі і здаровымі, каб вы маглі служыць людзям на працягу доўгага часу.

Малітва

Пане Езу, прымі маё жаданне служыць і дагаджаць і выкарыстоўвай яго на Тваю хвалу.


Мэцью Кэлі — заснавальнік і генеральны дырэктар Dynamic Catholic,
сусветна вядомы спікер, аўтар бэстсэлераў і бізнес-кансультант,
які прысвяціў сваё жыццё, каб дапамагаць людзям і арганізацыям
«стаць-лепшым-варыянтам-самога-сябе».
Яго кнігі былі перакладзеныя больш чым на 25 моваў.

Пераклад Э. Палінеўскай
Паводле dynamiccatholic.com

 

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла