Рэальна, а не віртуальна

Другая нядзеля Вялікага Посту, год С (17.03.2019)

Узяўшы з сабою Пятра, Яна і Якуба, Ён узышоў на гару памаліцца. Калі маліўся, выгляд твару Ягонага перамяніўся, і адзенне Ягонае стала бліскуча-белым. І вось, два мужы размаўлялі з Ім, а былі гэта Майсей і Ілля. Яны з’явіліся ў славе і казалі пра Ягоны адыход, які Ён павінен здзейсніць у Ерузалеме. Пётр і тыя, хто быў разам з ім, былі змораныя сном. Калі ж абудзіліся, убачылі славу Яго і двух мужоў, якія стаялі разам з Ім. А калі яны адыходзілі адтуль, Пётр сказаў Езусу: «Настаўнік, добра нам тут быць. Таму зробім тры шатры: адзін Табе, адзін Майсею і адзін Іллі». Не ведаў ён, што кажа. Калі гаварыў гэта, з’явілася воблака і агарнула іх. І спалохаліся яны, калі тыя ўвайшлі ў воблака. А з воблака пачуўся голас, які казаў: «Гэта Сын Мой выбраны, Яго слухайце». Калі гучаў гэты голас, Езус застаўся адзін. А яны маўчалі і ў тыя дні нікому нічога не казалі пра тое, што бачылі.

(Лк 9, 28b–36)

Рэальна, а не віртуальна

Ці здаралася вам салодка марыць? Уявіце сябе на марскім беразе: цёплы залаты пясочак, легкі салёны ветрык развявае валасы, павольнае шапаценне хваляў. Прыемна, праўда? Але гэта мара. І марай застанецца, пакуль вы нешта не зробіце, каб яе ажыццявіць. Хаця б малы крок, хаця б вырашыце, якое мора, калі ехаць, і загугліце кошты білетаў. Тады можна ўжо да нечага імкнуцца. А можна так і застацца на канапе, заплюшчыць вочы і толькі марыць, уяўляць. Не, гэта не тое. Спрабуйце ўявіць сабе абед замест таго, каб яго прыгатаваць і з’есці. Ці ад гэтага знікне голад?

Святы Пётр на гары Перамянення мог думаць падобна. Ну, вось надышоў гэты момант хвалы. Не трэба нікуды адыходзіць: «Настаўнік, добра нам тут быць. Таму зробім тры шатры: адзін Табе, адзін Майсею і адзін Іллі». Імгненне, трывай! Але ж не! Бляск знікае, Майсей і Ілля таксама, і застаецца толькі Езус — Той самы, які хвіліну назад ззяў нябеснай хвалой. Наперадзе выпрабаванні, здрада, здзекі, страх, смерць і толькі пасля бляск Уваскрасення. Толькі ў такім парадку.

Уявіце, як бы па-іншаму было, калі б адразу пасля Папяльцовай серады мы радасна заспявалі «Аллелюя!» Ніякіх сарака дзён пастановаў, пакутных набажэнстваў, рэкалекцыяў, а так адразу. Як бы вы сябе адчувалі? Але мудрасць Касцёла ў тым, што ёсць гэты перыяд пакуты, есць гэты шлях, якім прайшоў Езус, і з Ім мы, шчыра перажыўшы гэты час, можам адчуць сапраўдную радасць і, умацаваныя Божай ласкай, пераадольваць цяжкасці, спакусы і выпрабаванні, якія будуць у нашым жыцці пазней.

Вернемся да прыкладу з морам. Можа проста ўключыць сабе трансляцыю з камеры онлайн з марскога ўзбярэжжа, каб адчуць асалоду ад сузірання блакітных хваляў?... Гэта так, як пасля Папяльца з’явіцца ў касцёле на асвячэнне страваў на Велікодны стол.

Жадаю ўсім нам рэальнага, а не віртуальнага перажывання Вялікага посту.


Айцец Павел Мажэйка ОР

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней