Разважанні на Вялікі пост. Вялікія прытворшчыкі

Дзіўна, як шмат людзей ідуць у Луўр, толькі дзеля таго, каб убачыць карціну Мона Ліза. У той залі, дзе яна экспануецца, неверагодна цесна, і людзі выстойваюць чаргу, каб адну секунду пабыць перад карцінаю. Яны дастаюць смартфоны, фотакамеры і робяць здымкі. Замест таго, каб на самай справе перажыць цудоўны момант сам-насам з шэдэўрам, яны мітусліва робяць здымкі і выкладваюць іх у сацыяльныя сеткі…


Змяшчаючы ў сацсетках здымкі асобных момантаў, мы пачынаем «рэдагаваць» наша жыццё, паказваючы толькі яго маленькія фрагменты, дзе мы імкнемся выглядаць так, як бы нам хацелася, каб іншыя людзі нас успрымалі. Усё гэта ператварае нас у прытворшчыкаў. Атрымліваецца, што мы больш зацікаўленыя прыкідвацца і ўдаваць, што наша жыццё цікавае, чым на самай справе жыць цікавым, аўтэнтычным жыццём.
І шмат такога мы бачым у хрысціянстве. Як многа людзей прыходзіць у касцёл у нядзелю, але не жыве сваёй хрысціянскай вераю на працоўным месцы, у адносінах з іншымі. Такім чынам, мы проста прыкідваемся, што з'яўляемся хрысціянамі.

Быць сапраўдным хрысціянінам — гэта не значыць быць дасканалым. Гэта імкненне стаць «лепшай-версіяй-самога-сябе». Гэта, напрыклад, прачынацца кожны дзень і гаварыць сабе: «Сёння я паспрабую хоць частку шляху прайсці з Езусам і стаць „лепшай-версіяй-самога-сябе“».

Хрысціянства — гэта прагрэс у нас саміх, рух наперад, а не дасканаласць. Быць сапраўдным хрысціянінам не значыць быць цалкам падобным да Езуса, гэта імкненне кожны дзень станавіцца тым чалавекам, якім Бог стварыў нас. І, мажліва, першая перашкода для гэтага імкнення — гэта калі мы пачынаем рабіць выгляд, што мы штосьці іншае, чым ёсць на самай справе.

Малітва

Божа, дай мне мужнасць быць сумленным перад сабою і іншымі.


Мэцью Кэлі — заснавальнік і генеральны дырэктар Dynamic Catholic,
сусветна вядомы спікер, аўтар бэстсэлераў і бізнес-кансультант,
які прысвяціў сваё жыццё, каб дапамагаць людзям і арганізацыям
«стаць-лепшым-варыянтам-самога-сябе».
Яго кнігі былі перакладзеныя больш чым на 25 моваў.

Пераклад Э. Палінеўскай
Паводле dynamiccatholic.com

 

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла