Ва ўрачыстасць Звеставання Пана можна духоўна ўсынавіць ненароджанае дзіця

У Касцёле існуе традыцыя, калі ва ўрачыстасць Звеставання Пана вернікі ва ўсіх парафіях Беларусі могуць далучацца да «Духоўнага ўсынаўлення» — малітоўнай акцыі па абароне зачатага жыцця, якое знаходзіцца пад пагрозай знішчэння. Вернік, які ўдзельнічае ў Духоўным усынаўленні, бярэ на сябе абавязак штодзённай малітвы за дзіця (гэта можа быць адна таямніца Ружанца) на працягу 9-ці месяцаў.


Звычайна Духоўнае ўсынаўленне адбываецца ва ўрачыстасць Звеставання Пана 25 сакавіка. Заахвочваем усіх вернікаў далучыцца да гэтай высакароднай акцыі. Дарэчы, калі ў вас не атрымалася духоўна ўсынавіць дзіця ў гэты дзень, зрабіць гэта можна ў любы іншы час.

Да нядаўняга часу статыстыка сведчыла аб тым, што з трох зачатых дзяцей у нашай краіне дваіх забіваюць праз аборт. Аднак, апошнім часам прадстаўнікі міністэрства аховы здароўя гавораць, што колькасць абортаў у нашай краіне паменшылася ў некалькі разоў. На пытанні журналістаў, дзякуючы чаму так адбываецца, часцей за ўсё гучыць адказ: «Дзякуючы веруючым людзям». І гэта праўда, бо малітва — гэта найважнейшая зброя са злом. У Каталіцкім Касцёле ёсць вельмі добрая традыцыя духоўнага ўсынаўлення ненароджаных дзяцей. У Беларусі яна пачалася ў сярэдзіне 1990-х гадоў.

Атрымліваючы ў 1979 годзе Нобелеўскую прэмію міру, маці Тэрэза з Калькуты сказала: «Аборт з’яўляецца найвялікшай пагрозай для супакою на зямлі. Кожнае жыццё — гэта жыццё Бога ў нас. Ненароджанае дзіця ўключае ў сябе жыццё Бога. Мы не маем ніякага права знішчаць яго, якія б сродкі для гэтага не выкарыстоўваліся. Калі мы здольныя знішчыць жыццё, якое дае сам Пан Бог, калі маці здольная стаць забойцам сваіх дзяцей, ці ёсць сэнс гаварыць пра іншыя забойствы і войны ў свеце? Аборт — гэта пачатак зла на зямлі… Высокаразвітыя дзяржавы, якія дазваляюць аборт, у канчатковым выніку — бяднейшыя з бедных…»

Формула абяцання духоўнага ўсынаўлення

Усе разам:

«Праслаўляю Цябе, Ойча, Пане неба і зямлі, што Ты схаваў гэтыя рэчы ад мудрых і разважлівых, а аб’явіў іх дзецям. Так, Ойча, бо такім было Тваё ўпадабанне».

Паўтараем за святаром ці кожны асобна:

«Найсвяцейшая Панна, Багародзіца Марыя, усе Анёлы і Святыя. Ідучы за жаданнем несці дапамогу ў абароне ненароджаных, я, .................................... моцна пастанаўляю і абяцаю, што з дня ............... у свята/ урачыстасць .............................. Духоўна ўсынаўляю адно дзіця, імя якога ведае адзін толькі Бог, каб на працягу дзевяці месяцаў кожны дзень маліцца аб уратаванні яго жыцця, а таксама аб справядлівым і добрым жыцці пасля нараджэння. Гэтымі малітвамі будуць:

  • адна таямніца ружанца штодзённа
  • мае добрыя ўчынкі
  • малітва, якую прачытаю сёння першы раз».

Штодзённая малітва

Пане Езу, праз заступніцтва Марыі, Маці Тваёй, якая нарадзіла Цябе з любоўю, а таксама праз заступніцтва св. Юзафа, чалавека даверу, які апекаваўся Табою пасля народзінаў, – прашу Цябе ў інтэнцыі гэтага ненароджанага дзіцяці, якое духоўна хачу ўсынавіць і якое знаходзіцца ў небяспецы аборту. Прашу, дай яго бацькам любоў і адвагу, каб яны не забівалі свайго дзіцяці, а пакінулі яму жыццё, якое Ты сам гэтаму дзіцяці прадвызначыў. Амэн.

Адказы на пытанні, якія часцей за ўсё ўзнікаюць у вернікаў:

1. Што такое Духоўнае ўсынаўленне?

Духоўнае ўсынаўленне – гэта ма¬літва ў інтэнцыі дзіцяці, якому пагражае смерць ва ўлонні маці. Малітва працягваецца дзевяць месяцаў і складаецца з чытання адной ружанцовай таямніцы – радаснай, балеснай ці хвалебнай («Ойча наш» і 10 «Вітай, Марыя»), а таксама спецыяльнай малітвы ў інтэнцыі дзіцяці і яго бацькоў. Да малітваў можна далучыць індывідуальна выбраныя добрыя ўчынкі.

2. Якія могуць быць дадатковыя ўчынкі?

Дадатковымі ўчынкамі могуць быць: частая споведзь і Святая Камунія, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, чытанне Святога Пісання, пост, змаганне з дрэннымі звычкамі, дапамога бедным, дадатковыя малітвы такія, як літанія, навэнны, вяночкі. Трэба выбіраць рэальныя ўчынкі, улічваючы індывідуальныя магчымасці іх выканання.

3. Ці можна распачынаць Духоўнае ўсынаўленне без дадатковых учынкаў?

Так. Дадатковыя ўчынкі не з’яўляюцца абавязковымі, але той, хто ўдзельнічае ў Духоўным усынаўленні, звычайна ахвотна ахвяруе свае добрыя ўчынкі ў інтэнцыі жыцця дзіцяці.

4. Як узнікла Духоўнае ўсынаўленне?

Яно з’явілася пасля аб’яўленняў у Фаціме і стала адказам на заклік Маці Божай да ружанцовай малітвы, пакаяння і кампенсацыі за грахі, якія найбольш раняць Яе Беззаганнае Сэрца.

5. Якую карысць прыносіць Духоўнае ўсынаўленне?

Духоўнае ўсынаўленне лечыць глыбокія духоўныя раны, нанесеныя грахом аборту. Яно дазваляе ўсім маці аднавіць веру ў Божую Міласэрнасць і прыносіць спакой у іх сэрцы. Усынаўленне як вельмі канкрэтны, бескарысны і асабісты дар (малітвы, ахвяры і посту), дапамагае (асабліва маладым людзям) фарміраваць характар, змагацца з эгаізмам, знаходзіць радасць адказнага бацькоўства, даючы магчымасць бачыць любоў і секс вачыма Бога. Навучаючы сістэматычнай малітве, яно паглыбляе кантакт з Богам; дапамагае адкрываць глыбокі сэнс занядбаных аскетычных практыкаў; можа стаць тым элементам, які адродзіць супольную малітву і любоў у сем’ях. Трэба таксама памятаць у сваіх малітвах пра ўсыноўленых дзяцей на працягу ўсяго жыцця – яны сталіся нашымі дзецьмі.

6. Хто можа духоўна ўсынаўляць?

Кожны. Свецкія, кансэкраваныя асобы, мужчыны, жанчыны, людзі любога ўзросту. Толькі дзеці распачынаюць Духоўнае ўсынаўленне пад апекай бацькоў.

7. Колькі разоў можна духоўна ўсынаўляць дзіця?

Шматразова, пры ўмове, што папярэднія абавязацельствы выкананыя.

8. Ці кожны раз неабходна даваць абяцанні?

Так.

9. Ці можна адаптаваць больш, чым адно дзіця?

Духоўнае ўсынаўленне датычыць толькі аднаго дзіцяці.

10. Ці мы ведаем, якой нацыянальнасці дзіця будзе намі ўсыноўлена?

Не ведаем. Імя дзіцяці ведае толькі Бог.

11.Чаму мы можам быць упэўнены, што Бог выслухае нашую малітву?

Наша ўпэўненасць заснавана на веры ва усемагутнасць Бога і бязмежную Божую Міласэрнасць. Бог ёсць Тым, Хто дае жыццё; Ён жадае, каб кожнае зачае дзіця жыло і было атулена бацькоўскаю любоўю.

12. Ці будзе грахом, калі ў які-небудзь дзень адаптуючы забудзе прачытаць малітву?

Гэта не будзе грахом. Грахом з’яўляецца свядомае і дабравольнае занядбанне складзенага Богу абяцання.

13. Ці трэба перапыняць Духоўнае ўсынаўленне, калі малітва была занядбаная на працягу доўгага часу?

Перапынак на працягу доўгага часу (месяц, два) спыняе Духоўнае ўсынаўленне. У гэтым выпадку трэба зноў даць абяцанне і імкнуцца яго стрымаць. У выпадку кароткага перапынку трэба працягваць Духоўнае ўсынаўленне, павялічваючы малітву на колькасць прапушчаных дзён.

14. Ці могуць духоўна ўсынаўляць асобы, які жывуць у несакрамэнтальных саюзах?

Могуць, як таксама і разведзеныя асобы.

15. Ці з’яўляецца сапраўдным Духоўнае ўсынаўленне, распачатае пры дапамозе радыё?

Так.

16. Ці абяцанні Духоўнага ўсынаўлення павінны быць дадзеныя ва ўрачыстай форме, выключна ў касцёле ў прысутнасці святара?

Рэкамендуецца, каб абяцанні былі дадзены ўрачыста, хоць можна іх даць таксама і прыватна.

17. Ці могуць духоўна ўсынаўляць асобы, якія не ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы – асобы вельмі пажылога ўзросту, хворыя, з фізічнымі адхіленнямі?

Так, яны могуць распачаць Духоўнае ўсынаўленне прыватна.

18. Якім чынам можна даць прыватныя абяцанні?

Прачытаць формулу абяцання (лепш за ўсё перад крыжам ці абразом) і з гэтага моманту на працягу чарговых дзевяці месяцаў маліцца адной індывідуальна выбранай таямніцай ружанца, а таксама малітвай ў інтэнцыі дзіцяці і бацькоў. Каб не забыцца, рэкамендуецца запісаць дату распачацця і заканчэння малітвы.

19. Як распаўсюджваць малітву Духоўнага ўсынаўлення?

  • знайсці некалькі асобаў, зацікаўленых Духоўным усынаўленнем;
  • атрымаць згоду ксяндза пробашча на правядзенне абраду складання абяцанняў у касцёле (пажадана ў свята Найсвяцейшай Марыі Панны).

Фота: mamsy.ru

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла