Разважанні на Вялікі пост. А вы шчаслівыя?

Людзі часта думаюць пра шчасце. Людзі хочуць быць шчаслівымі. І для гэтага ёсць прычына, таму што Бог стварыў нас для шчасця. Ён хоча, каб мы былі шчаслівымі, гэта Яго воля.


Але гэта не азначае, што шчасце павінна быць увесь час. І гэта зусім не азначае, што гэта павінна быць эйфарыя. І гэта не азначае, што ў нашым жыцці няма месца для пакутаў і ахвяры. Але Бог стварыў нас, каб мы былі разумна шчаслівымі ў гэтым жыцці і вечна шчаслівымі ў наступным жыцці. І вось менавіта выраз «разумна шчаслівыя» нас не задавальняе. Мы не хочам быць разумна шчаслівымі; мы хочам быць эйфарычна шчаслівымі заўсёды. Вось чаму людзі робяць так шмат глупстваў. Большасць неразумных рэчаў мы робім таму, што шукаем нейкага ўзнёслага досведу... Чаму людзі становяцца наркаманамі? Яны шукаюць ўзнёслага досведу. Ім недастаткова быць разумна шчаслівымі, яны хочуць быць эйфарычна шчаслівымі ўвесь час. Таму ім трэба ўсё больш і больш наркотыкаў, каб стварыць гэта ілжывае эйфарычнае шчасце. І мы ведаем, чым гэта заканчваецца.

Яшчэ адна важная рэч, пра якую мы павінны памятаць, — гэта тое, што вельмі часта мы самі з'яўляемся творцамі нашага ўласнага няшчасця. Таму што, насамрэч, шчасце — гэта выбар. Тысячы разоў на дзень у нас ёсць выбар паміж шчасцем і пакутамі. Праўда, ёсць некаторыя рэчы, якія знаходзяцца па-за межамі нашага кантролю, але ўсё роўна тысячы разоў на дзень у нас ёсць выбар паміж шчасцем і горам.

А што цяпер выбіраеце вы: шчасце ці пакуты?.. Як вы ствараеце няшчасце ў вашым жыцці ў дадзены момант?

Калі вы знаходзіцеся ў месцы, дзе вам не падабаецца, калі вам не падабаецца, хто вы, калі вам не падабаецца ваша жыццё?.. Што вы будзеце рабіць? Магу параіць: проста няхай наступны ваш крок будзе правільным. І гэта будзе шлях, які вядзе да шчасця, заўсёды да шчасця. Не турбуйцеся пра тое, што вы павінны зрабіць заўтра, проста рабіце правільна. Дзіўна, але з такім падыходам можна хутка змяніць узровень шчасця ў вашым жыцці.

Заданне

Пагаварыце з кім-небудзь бліжнім пра тое, што значыць быць шчаслівым. Абмяркуйце, як вы можаце дапамагчы адзін аднаму засяродзіць увагу на сапраўднай крыніцы шчасця.

Малітва

Пане Езу, я ведаю, што ў кожным моманце майго жыцця я раблю выбар паміж шчасцем і пакутамі. Дапамажы мне выбіраць шчасце.


Мэцью Кэлі — заснавальнік і генеральны дырэктар Dynamic Catholic,
сусветна вядомы спікер, аўтар бэстсэлераў і бізнес-кансультант,
які прысвяціў сваё жыццё, каб дапамагаць людзям і арганізацыям
«стаць-лепшым-варыянтам-самога-сябе».
Яго кнігі былі перакладзеныя больш чым на 25 моваў.

Пераклад Э. Палінеўскай
Паводле dynamiccatholic.com

Чытайце яшчэ артыкулы з гэтай серыі:

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла